У Маскве пракамэнтавалі выказваньні прэс-сакратара МЗС Беларусі, які раскрытыкаваў амбасадара Расеі ў Менску Міхаіла Бабіча.
«Мы азнаёміліся з рэакцыяй прэс-сакратара міністэрства замежных справаў Беларусі, і я б сказаў, што мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара», — заявіў РИА Новости статс-сакратар, намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Грыгорый Карасін.
Перад гэтым Карасін сустрэўся з паслом Беларусі ў Расеі Ўладзімерам Сямашкам. Паводле МЗС Расіі, бакі «абмяняліся думкамі аб актуальных пытаньнях расейска-беларускіх дачыненьняў».
Тым часам Михаіл Бабіч ужо пасьпеў пракамэнтаваць сытуацыю ў інтэрвію тэлеканалу «Россия 24».
«Гэта выпад далёка ня першы, чулі мы выпады і больш вострыя, больш рэзкія. Я ўпэўнены, што як працавалі, так і будзем працаваць», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговае абвастрэньне беларуска-расейскіх адносін, — экспэрты пра скандал вакол заяў БабічаЗвадка паміж паслом Расеі Бабічам і прэс-сакратаром Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатолем Глазам адбылася пасьля інтэрвію расейскага дыплямата агенцтву «РИА Новости».
Завочна адказваючы на заявы Аляксандра Лукашэнкі, Міхаіл Бабіч згадаў, што беларускія партнэры «паставілі пытаньні і аб унутрырасейскіх цэнах на газ, аб кампэнсацыі падатковага манэўру, павелічэньні аб’ёмаў атрыманьня субсыдыяў з расейскага бюджэту для беларускіх прамысловых прадпрыемстваў нароўні з расейскімі...».
Ён таксама адзначыў, што «ня трэба вучыць Расею і яе ўрад, як жыць, пагатоў ахвочых у сьвеце і так хапае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі параіў амбасадару Расеі «праявіць крыху павагі»Анатоль Глаз парэкамэндаваў паслу «больш часу прысьвяціць таму, каб паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
«Часам такі стыль працы дае значна большы вынік, чым апрабаваньне на сабе зусім нехарактэрнай для сур’ёзнай расейскай дыпляматычнай школы ролі адэпта „публічнай дыпляматыі“. На мой погляд, за кароткі час працы ў Беларусі ён проста не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай. Думаю, у бліжэйшы час нашым партнэрам будуць дадзеныя дэталёвыя адказы на заявы спадара амбасадара», — заявіў Анатоль Глаз.
У адказ Бабіч назваў пазыцыю прэсавага сакратара МЗС Беларусі «балбатнёй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Расеі назваў пазыцыю прадстаўніка МЗС Беларусі «балбатнёй» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Бабіч паводзіць сябе ў Беларусі як у краіне-сатэліце ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі амбасадар Бабіч, які «не зразумеў розьніцы між фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай»