Эўрапейскі Зьвяз афіцыйна ўвёў санкцыі супраць расейцаў за захоп украінскіх маракоў паблізу Керчанскага праліву ў лістападзе 2018 году. Брусэль 15 сакавіка абвясьціў пра замарожваньне рахункаў і забарону на выдачу візаў васьмі расейскім чыноўнікам.
Імёны гэтых расейцаў дадалі ў сьпіс асоб і кампаній, якія маюць дачыненьне да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Дзеяньне сьпісу адначасова працягнулі яшчэ на шэсьць месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН прызнала захопленых ўкраінскіх маракоў ваеннапалонныміТакім чынам, санкцыйны сьпіс Эўрапейскага Зьвязу за парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны цяпер складаецца з 170 чалавек і 44 кампаній.
Паводле інфармацыі Радыё Свабода, ніводзін з васьмі расейскіх чыноўнікаў, супраць якіх уведзеныя абмежаваньні, не займае высокіх пасад. Найбольш высакапастаўленыя фігуранты — начальнік «пагранічнага ўпраўленьня ФСБ Крыму і Севастопаля» контр-адмірал Сяргей Станкевіч, яго намесьнік Андрэй Шэін і камандуючы войскамі Паўднёвай вайсковай акругі Аляксандар Дворнікаў.
Таксама ў сьпісе камандзіры двух караблёў, якія ўдзельнічалі ў захопе ўкраінскіх маракоў — Аляксей Салаеў і Андрэй Шыпіцын, камандзір супрацьлодкавага карабля «Суздалец» Сяргей Шчарбакоў, і два кіраўнікі службаў пунктаў кіраваньня ФСБ Расеі Руслан Рамашкін і Аляксей Шатохін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФСБ Расеі адмовілася перадаць Украіне параненых маракоў для лячэньняПаводле інфармацыі крыніц Радыё Свабода, пад санкцыі ЭЗ павінен таксама падпасьці высокапастаўлены расійскі вайсковец, намесьнік кіраўніка памежнай службы Расеі Генадзь Мядзьведзеў, але ўключэньне яго ў санкцыйны сьпіс заблякавала Фінляндыя.
На запыт Радыё Свабода ў пастаянным прадстаўніцтве Фінляндыі ў ЭЗ адмовіліся патлумачыць сытуацыю, сказаўшы, што яны «не камэнтуюць індывідуальныя пазыцыі ніводнай з краін-сябраў [Эўрапейскага Зьвязу], у тым ліку ўласную».
Украінскіх маракоў захапілі 25 лістапада 2018 году. Расейскія памежнікі спачатку пратаранілі, а потым абстралялі тры ўкраінскія караблі, захапілі іх і 24 чальцоў іх экіпажаў.
Украіна лічыць захопленых маракоў ваеннапалоннымі і патрабуе іх вызваліць.