Начальнік управы вайсковай адукацыі Мінабароны Беларусі Ігар Слуцкі адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.
Сыстэма вайсковай адукацыі ў Беларусі складаецца з Вайсковай акадэміі і 7 вайсковых факультэтаў у цывільных ВНУ, агулам ахоплівае каля 4 тысяч курсантаў і вайскоўцаў. Адукацыя вядзецца толькі па-расейску. Першую дзяржаўную мову — беларускую — тут не выкарыстоўваюць.
Плянаў на беларусізацыю няма
Палкоўнік Ігар Слуцкі, які ўзначальвае ўправу вайсковай адукацыі Мінабароны Беларусі, адказаў на пытаньне Свабоды наконт пэрспэктываў выкарыстаньня беларускай мовы ў вайсковых ВНУ.
«Мовай навучаньня ў сыстэме вайсковай адукацыі зьяўляецца расейская мова. Па-беларуску ў нас нідзе не выкладаюць, і такіх плянаў — ужываць беларускую мову пры навучаньні — у нас няма», — адказаў Свабодзе палкоўнік Ігар Слуцкі.
Вайсковых спэцыялістаў хапае
Паводле Ігара Слуцкага, сыстэма вайсковага навучаньня задавальняе патрэбы беларускага войска ў спэцыялістах.
«Укамплектаванасьць беларускага войска спэцыялістамі нават вышэйшая за войска былога СССР», — сказаў Ігар Слуцкі.
Журналісты папрасілі Ігара Слуцкага пракамэнтаваць нізкі парог прахадных балаў, які быў неабходны для паступленьня летась у Вайсковую акадэмію.
Паводле Слуцкага, для паступленьня ў Вайсковую акадэмію галоўнае — не набраныя на экзамэнах балы, а добрыя паказчыкі здароўя і фізычнай падрыхтоўкі, што высьвятляецца яшчэ ў красавіку.
«Тое, што прахадны бал у акадэмію ў межах 100–150 — гэта ні пра што ня кажа. Малады чалавек набраў 120 балаў, але гэта ня значыць, што ён ня зможа ў нас вучыцца, проста значыць, што ў школе ён быў лайдаком. Мы даём усім шанец вучыцца. Вельмі шмат прыкладаў, калі праз 4 гады вучобы гэта ўжо зусім іншы чалавек. А хто не спраўляецца з вучобай, таго адлічаюць пасьля сэсіі. Атрымаў тры двойкі — да пабачэньня».
400 беларускіх вайскоўцаў навучаюцца ў Расеі
Ігар Слуцкі паведаміў, што беларускія курсанты навучаюцца вайсковай справе і за мяжой, але толькі ў Расейскай Фэдэрацыі.
«Мы навучаемся толькі ў вайсковых ВНУ Расеі. Толькі там, дзе гэта эканамічна выгадна і мэтазгодна паводле дамовы АДКБ. Цяпер каля 400 чалавек навучаецца ў больш як 10 расейскіх вайсковых ВНУ», — сказаў палкоўнік Слуцкі.
Паводле Ігара Слуцкага, вучоба беларускіх курсантаў адбываецца ў межах адмысловых кантрактаў, якія Міністэрства абароны Беларусі заключае зь Міністэрствам абароны РФ.
«Адзін-два разы на год бывае, што наш курсант, які вучыўся ў Расеі, не жадае працягваць службу па атрыманай спэцыяльнасьці ў Беларусі. Тады часткова зь яго спаганяюць грошы, патрачаныя на вучобу», — сказаў Ігар Слуцкі.
Палкоўнік Слуцкі назваў некаторыя спэцыяльнасьці, на якія беларускія вайскоўцы навучаюцца ў Расеі.
«Гэта дастаткова рэдкія вайсковыя спэцыяльнасьці. Прыкладам, вайсковы дырыжор. Ці інжынэраў сувязі навучаем у Санкт-Пецярбургу, бо потым нашым афіцэрам давядзецца служыць на іх тэхніцы».
Хто з замежнікаў вучыцца ў Беларусі?
Паводле намесьніка начальніка Вайсковай акадэміі палкоўніка Ўладзімера Сушы, цяпер у гэтай установе навучаюцца курсанты з Вэнэсуэлы, Віетнама і Казахстану, а таксама праходзяць падрыхтоўку афіцэры з КНР і Ўзбэкістану. Агульную лічбу замежных навучэнцаў Вайсковай акадэміі палкоўнік Уладзімер Суша не назваў, спаслаўшыся на тайну кантракту.
«З 1995 году, калі была заснаваная Вайсковая акадэмія Беларусі, навучаньне ў нас прайшло больш за 1,5 тысячы замежнікаў», — сказаў намесьнік начальніка акадэміі Ўладзімер Суша.
Вайсковую адукацыю замежнікам даюць толькі ў акадэміі. Нідзе на вайсковых факультэтах цывільных ВНУ, хоць там вучыцца шмат замежнікаў, вайсковыя дысцыпліны ім не выкладаюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вучаць бараніць Беларусь. 7 фактаў пра вайсковую адукацыю