Дэпутат літоўскага парлямэнту Томас Тамілінас напісаў у Facebook, што міністар культуры Літвы Міндаўгас Кветкаўскас «публічна пацьвердзіў», што беларуская мова будзе на помніку Кастусю Каліноўскаму на могілках Росы.
Як паведамляла Свабода, на восень у Вільні заплянаванае перапахаваньне ўдзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863–64 гадоў, чые парэшткі знайшлі пазалетась на Замкавай гары, калі ўмацоўвалі схіл пасьля апоўзьня.
«Як ведаеце, Літва плянуе перапахаваць парэшткі знакамітых паўстанцаў 1863 году, знойдзеныя на Гедымінавай гары ў Вільні, — напісаў дэпутат. — Зьявіцца месца для беларускай мовы — побач з польскай і літоўскай. Паколькі адзін з найслыньнейшых удзельнікаў паўстаньня Каліноўскі ўваходзіць у пантэон галоўных нацыянальных герояў Беларусі, цалкам зразумелая заклапочанасьць беларусаў з гэтай нагоды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве і Беларусі пачалі кампанію, каб надпісы на магілах паўстанцаў Каліноўскага былі і па-беларускуСтаршыня Таварыства беларускай культуры Літвы Алесь Адамковіч пацьвердзіў Свабодзе, што яны зьвярталіся да Томаса Тамілінаса, каб той паспрыяў у вырашэньні пытаньня ўшанаваньня паўстанцаў па-беларуску.
Раней улады Літвы агучылі рашэньне, што надпісы на магілах будуць па-польску і па-літоўску, выключэньне зробяць толькі для Каліноўскага — на яго помніку зьявіцца таксама і беларуская мова. Але з улікам, што пра іншых паўстанцаў міністар культуры Кветкаўскас нічога не сказаў, мяркуючы па ўсім, праблема да канца ўсё ж ня вырашаная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Герояў паўстаньня Каліноўскага пахаваюць у Вільні безь беларускай дэлегацыі