Кіраўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Майк Пампэа прадставіў штогадовую справаздачу аб правах чалавека ў сьвеце. Гаворачы аб правах чалавека ў Беларусі, аўтары дакладу, як і ў папярэднія гады, адзначаюць шматлікія парушэньні правоў чалавека.
Асноўная тэма — этнічныя і рэлігійныя чысткі ў Кітаі
Сёлета адной з асноўных тэмаў справаздачы стала сытуацыя са становішчам мусульман-уйгураў у аўтаномным раёне Кітая Сіньцзяне. Дзярждэпартамэнт ЗША вёў наўпроставую трансьляцыю.
ЗША і краіны Захаду, а таксама праваабарончыя арганізацыі заяўляюць, што Кітай зьмяшчае ўйгураў і іншых мусульман у канцэнтрацыйныя лягеры і праводзіць этнічную і рэлігійную чыстку. Пэкін запэўнівае, што ажыцьцяўляе праграму па барацьбе з радыкалізацыяй. Па словах кітайскіх уладаў, лягеры зьяўляюцца цэнтрамі працоўнага навучаньня, дзе людзей знаёмяць з законамі краіны і навучаюць кітайскай мове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі ўзмацняюць захады бясьпекі, каб супрацьстаяць «тэрарыстычным групам»Раней Пампэа паведаміў, што Вашынгтон разглядае магчымасьць увесьці санкцыі ў дачыненьні да кітайскіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў уйгураў.
Беларусь — аўтарытарныя дзяржава
Гаворачы аб правах чалавека ў Беларусі, складальнікі дакладу адзначаюць, што Беларусь зьяўляецца аўтарытарнай дзяржавай, уся ўлада знаходзіцца ў руках прэзыдэнта, нягледзячы на тое, што Канстытуцыя прадугледжвае абранага прэзыдэнта, які зьяўляецца кіраўніком дзяржавы, і двухпалатны парлямэнт. Прэм’ер-міністар, прызначаны прэзыдэнтам, зьяўляецца намінальным кіраўніком ураду, адзначаецца ў дакладзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справаздача дзярждэпартамэнту і рэзалюцыя Эўрапарлямэнту: выклік без адказу?«Грамадзяне не змаглі выбраць свой урад праз свабодныя і справядлівыя выбары. З моманту свайго абраньня на пасаду прэзыдэнта ў 1994 годзе, Аляксандр Лукашэнка ўмацаваў сваю ўладу над усімі інстытутамі і падарваў вяршэнства закона аўтарытарнымі сродкамі, у тым ліку праз маніпуляцыю выбарамі і адвольныя дэкрэты. Усе наступныя прэзыдэнцкія выбары не цалкам адпавядалі міжнародным стандартам. У 2016 годзе парлямэнцкія выбары таксама не адпавядалі міжнародным стандартам», — гаворыцца ў справаздачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: якаснага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека летась не адбылосяТаксама зьвяртаецца ўвага на шматлікія парушэньні правоў чалавека ў Беларусі — катаваньні, адвольныя арышты і затрыманьні; небясьпечныя для жыцьця ўмовы ўтрыманьня ў турмах; адвольнае або незаконнае ўмяшаньне ў асабістае жыцьцё; неапраўданыя абмежаваньні на свабоду слова, прэсы і інтэрнэту, у тым ліку цэнзура, блякаваньне сайтаў, а таксама крымінальную адказнасьць за паклёп і абразу дзяржаўных службовых асоб; гвалт пры затрыманьні журналістаў; жорсткія абмежаваньні на свабоду сходаў і асацыяцый, абмежаваньні на свабоду перамяшчэньня, у прыватнасьці, былых палітычных зьняволеных, чые грамадзянскія правы заставаліся ў значнай ступені абмежаваныя; няздольнасьць растлумачыць шматгадовыя выпадкі палітычна матываваных зьнікненьняў; абмежаваньні на ўдзел у палітычным жыцьці; карупцыя ва ўсіх галінах улады; гандаль людзьмі; цьверджаньні, што на жанчын з абмежаванымі магчымасьцямі, а таксама цяжарных жанчын, якім дыягнаставалі магчымасьць патэнцыйных парушэньняў у дзяцей, лекары ціснулі, каб яны рабілі аборты.
Аўтары справаздачы акцэнтавалі ўвагу на «справе БелТА», а таксама на праблеме хатняга гвалту і адсутнасьці адпаведнага заканадаўства ў Беларусі.
Агрэсіўныя дзеяньні Расеі на ўсходзе Ўкраіны
Што да іншых краінаў, то ў справаздачы адзначаецца, што нэгатыўная сытуацыя з правамі чалавека назіралася ў анэксаваным Крыме. Апроч іншага Дзярждэпартамэнт адзначае агрэсіўныя дзеяньні Расеі на ўсходзе Ўкраіны. У прыватнасьці, паводле зьвестак назіральнікаў, расейскія ўлады ў Данбасе затрымлівалі і судзілі ўкраінскіх грамадзян.
Акрамя таго, у справаздачы згадваюцца, у прыватнасьці, пазасудовыя расправы над прадстаўнікамі ЛГБТ-супольнасьці ў Чачні; перасьлед расейцаў па палітычных матывах і дэкрыміналізацыя ў краіне хатняга гвалту.
Карупцыя ва ўкраінскім урадзе
Апісваючы сытуацыю ва Украіне, аўтары справаздачы адзначаюць няздольнасьць Кіева прыцягнуць да адказнасьці датычных да перасьледу грамадзянскіх актывістаў, журналістаў, а таксама ЛГБТ-супольнасьці. Па дадзеных Дзярждэпартамэнта ЗША, Служба бясьпекі Ўкраіны датычная да гвалтоўнага зьнікненьня грамадзян, адвольных затрыманьняў і катаваньняў. Апроч іншага ў дакладзе гаворыцца аб карупцыі ва ўкраінскім урадзе.