У размове са Свабодай кіраўнік новаўтворанага дзяржаўнага Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (БІСД) Алег Макараў расказаў, як ідзе фармаваньне Інстытуту, у чым ён бачыць інфармацыйныя пагрозы для Беларусі і ці патрэбны краіне беларускамоўны інфармацыйны прадукт.
Пра стварэньне Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў стала вядома 12 лютага, пасьля апублікаваньня адпаведнага ўказу кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Паводле ўказу асноўнымі кірункамі дзейнасьці новай маюць быць вывучэньне тэндэнцыяў унутраных і міжнародных працэсаў, дасьледаваньне выклікаў і рызыкаў у інфармацыйнай сфэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і прызначыў яго дырэктараУ той жа дзень 12 лютага стала вядома, што новаствораную структуру ўзначаліць кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня пры Савеце бясьпекі Алег Макараў. Упраўленьне спыніць існаваньне.
Празь месяц пасьля публікацыі ўказу Алег Макараў адказаў на некалькі пытаньняў Свабоды пра хаду стварэньня Інстытуту і сваё бачаньне рызыкаў і пагрозаў у сучаснай інфармацыйнай сфэры.
«Будзем запрашаць самых розных экспэртаў»
«На сёньня Інстытут толькі ў стадыі станаўленьня, — паведаміў Алег Макараў. — Яшчэ ідзе працэс набору людзей, таму пакуль яшчэ ніхто ў ім не працуе. Ва ўказе пазначана, што прэзыдэнт даручыў цягам месяца выканаць усе неабходныя працэдуры, зьвязаныя з аплатай працы і гэтак далей. Месяц яшчэ не прайшоў, будзем пакрысе набіраць людзей. Пакуль для гэтага юрыдычнага абгрунтаваньня яшчэ няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ліквідаваў свой Інфармацыйна-аналітычны цэнтарПаводле кіраўніка Інстытуту, штат апошняга будзе складацца зь некалькіх дзясяткаў чалавек. Інстытут задуманы як стандартны think tank («фабрыка думак»), у ім будуць працаваць некалькі дзясяткаў дасьледнікаў, якія прафэсійна займаюцца ўнутрыпалітычнай і замежнапалітычнай аналітыкай. Са словаў Алега Макарава, дзейнасьць Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў будзе значна адрозьнівацца ад таго, чым займалася расфармаванае інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленьне пры Савеце бясьпекі.
«Мая праца на новым месцы будзе адрозьнівацца ад таго, чым я займаўся раней, — гаворыць Макараў. — Тым, што стаіць задача стратэгічнага аналізу. Складаная задача. На сёньня мне невядомыя структуры і аналітыкі, якія рабілі б якасны стратэгічны аналіз. У ІАЦ я займаўся ўсё ж аналізам сытуацыйным, практычным, назавем яго так. Аналізам падзеяў. Новая задача значна больш складаная».
Алег Макараў гаворыць, што новая структура будзе прыцягваць да супрацоўніцтва ў тым ліку і незалежных экспэртаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка забараніў забараняць людзям выказваць сваю думку. 10 цытатаў з Савету бясьпекі«Задума такая, каб пачуць усе меркаваньні, — кажа дырэктар Інстытуту, — і абапірацца на найлепшыя практыкі. Маем намер узаемадзейнічаць і з замежнай супольнасьцю, з такімі ж фабрыкамі думак. Маем намер супрацоўнічаць з экспэртамі. З тымі, напрыклад, хто быў запрошаны на «вялікую размову» з прэзыдэнтам, і зь іншымі. Бо аналітыка патрабуе аб’ектыўнасьці».
«Беларускую мову ня трэба супрацьпастаўляць расейскай»
12 сакавіка кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка ўхваліў канцэпцыю інфармацыйнай бясьпекі Беларусі. Навіна выклікала шырокі розгалас у СМІ, неафіцыйная вэрсія дакумэнту разышлася па тэлеграм-каналах. Алег Макараў адзначае, што Інстытут стратэгічных дасьледаваньняў ня будзе займацца непасрэдна адсочваньнем рызыкаў. Мэта дзейнасьці новай структуры — аналізаваць іх.
«Выклікаў у інфармацыйнай сфэры шмат, яны зыходзяць з розных крыніц, — гаворыць Алег Макараў. — Сёньня разглядалася канцэпцыя інфармацыйнай бясьпекі, яна адказвае на пытаньні, там будуць сыстэмна адлюстраваныя рызыкі і выклікі, якія адбываюцца ў інфармацыйнай сфэры. Мы ведаем, што існуе нэгатыўны кантэнт, які ўзьдзейнічае на псыхіку моладзі, разбурае яе і гэтак далей. Існуе кантэнт, зьвязаны з экстрэмісцкай дзейнасьцю. І гэтак далей.
Насамрэч гэта не задача Інстытуту — адсочваць рызыкі і выклікі. Хутчэй — аналізаваць інфармацыйную прастору і выяўляць рызыкі, якія зьяўляюцца. Наш Інстытут — у чыстым выглядзе аналітычная структура, якая ня будзе ажыцьцяўляць адміністрацыйных функцыяў. Альбо нейкіх адмысловых маніторынгавых».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакратар Савету бясьпекі хоча прыняць праграму дзеля захаваньня «традыцыйных каштоўнасьцяў»Адказваючы на пытаньне аб магчымых рызыках, што могуць вынікаць зь перавагі расейскага кантэнту ў беларускай інфармацыйнай прасторы, Алег Макараў адзначыў, што на спажывецкім узроўні кожны можа мець свой досьвед. Аднак неабходна імкнуцца да таго, каб пераважаў уласны, створаны ў Беларусі кантэнт.
«Ідэальная сытуацыя — калі мы жывем у кантэнце, які фармуецца ў нас, — сьцьвярджае кіраўнік Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў. — Гэта прыярытэт і найбольш правільная сытуацыя. Але гаворачы нават пра спажывецкі досьвед, калі вы кажаце, што ў нас пераважае расейскі кантэнт, то ў мяне, напрыклад, уражаньне, што вельмі шмат украінскага кантэнту. Калі са сваім дзіцёнкам наведваю нейкія Youtube-каналы, напрыклад.
Я б не сказаў, што ўсё канкрэтна вось так вось. Яшчэ раз паўтару, што трэба сыходзіць у бок інтарэсаў, чаго б мы хацелі. Пра пагрозы — так. Пагаджуся з вамі, што трэба выбудоўваць уласную сыстэму, напаўняць яе ўласным кантэнтам. Гэта так, гэта правільна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Янукевіч — уладам: Хочаце інфармацыйную бясьпеку? Абмяжуйце трансьляцыю расейскіх тэлеканалаўПры гэтым, на думку Алега Макарава, беларускі кантэнт не абавязкова павінен быць беларускамоўным.
«Беларускамоўны кантэнт, вядома, важны, — гаворыць кіраўнік Інстытуту. — Але мне падаецца, што мову нельга выкарыстоўваць як зброю. Мова павінна не разьядноўваць, а аб’ядноўваць. У сувязі з гэтым я, вядома, думаю, што, несумненна, трэба падтрымліваць беларускую мову. Але яе нельга супрацьпастаўляць (расейскай. — РС). І ўвогуле моўнае пытаньне ня варта супрацьпастаўляць. У нашым грамадзтве дастаткова складаная сытуацыя з гэтым, і грамадзтва трэба аб’ядноўваць, а не дзяліць».