Эўразьвяз забараніў палёты «Боінг-737 MAX». У Менск яны пакуль не прыляталі

Боінг-737 MAX у небе, ілюстрацыйнае фота

Эўразьвяз вырашыў часова забараніць палёты самалётаў «Боінг-737 MAX» 8-й і 9-й мадэляў, паведамляе Агенцтва авіябясьпекі ЭЗ. Рашэньне прынятае на неабмежаваны час, пачынаючы з 12 лютага.

Рашэньне прынятае пасьля катастрофы, якую пацярпеў самалёт гэтай мадыфікацыі ў Этыёпіі. Агенцтва называе гэты крок неабходным для гарантаваньня бясьпекі палётаў у Эўразьвязе. Забарона тычыцца як унутраных рэйсаў Эўразьвязу, так і ўваходных і выходных.

Некалькі дзяржаваў увялі такую ж забарону пасьля нядзельнай авіякатастрофы ў Этыёпіі, ахвярамі якой сталі 157 чалавек. Гэта другая катастрофа «Боінга-737 MAX» за апошнія месяцы.

Нацыянальны аэрапорт «Менск» можа прымаць самалёты «Боінг-737 MAX», але паводле крыніц Свабоды, такія самалёты ў Менск не прыляталі.

«Белавія» пакуль такія самалёты не выкарыстоўвае, але ў найбліжэйшы час авіяпарк кампаніі папоўніцца чатырма новымі Boeing 737 MAX 8. Такія пляны кіраўніцтва праанансавала яшчэ летась. Прыбыцьцё першага борту чакаецца сёлета ў траўні.


Нягледзячы на нядаўнія авіякатастрофы, беларускі тэхнічны і лётны пэрсанал працягвае навучаньне ў Сыэтле. Графік паставак будзе залежаць ад вынікаў экспэртызы – ня выключана, што ўсё самалёты вытворца адкліча на тэхнічную дапрацоўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другая катастрофа за пяць месяцаў. Чаму разьбіўся «Боінг»

Забарону ўвялі Вялікая Брытанія, Францыя, Германія, Аўстралія, Малайзія і Турцыя і іншыя краіны. Злучаныя Штаты такой забароны не уводзілі, аднак Фэдэральная ўправа цывільнай авіяцыі ЗША (FAA) запатрабавала ад авіябудаўнічага канцэрну Boeing змадэрнізаваць аўтаматычную сыстэму кіраваньня самалётам «Боінг-737 MAX» 8-й мадэлі.

Новаўвядзеньні стануць абавязковымі ня пазьней за красавік 2019 году, гаворыцца ў прэс-рэлізе FAA.

У кампаніі Boeing заявілі, што новае праграмнае забесьпячэньне будзе ўсталявана на ўсіх пасажырскіх самалётах «Боінг-737 MAX 8» у бліжэйшыя тыдні. Афіцыйна прычыны катастрофы «Боінга» ў Этыёпіі не абвешчаныя.