У Вільні ў выдавецтве Versus выйшла кніга Сабіны Брыло Tiras Biblio. Аздабленьне зрабіў мастак Пятрас Лінцявічус.
Па-літоўску вершы паэткі зь Менску перастварыў Гінтарас Граяўскас, а грошы на выданьне 400 асобнікаў сабралі праз фэйсбук за 38 хвілін. Выданьне ў падобны спосаб было ў Літве ўпершыню для кнігі замежнага малавядомага аўтара.
«Гэта цуд. Цуд дэцэнтралізацыі, даверу, цікавасьці. Краўдфандынг без аніякай пляцоўкі, гарызантальны і наўпроставы», — кажа Сабіна.
А ініцыятар выданьня літоўскі паэт, драматург і перакладчык Гінтарас Граяўскас напісаў у прадмове да Tiras Biblio:
«Выдаць кнігу вершаў у Літве нялёгка... Калі аўтар вершаў знакаміты ў Эўропе, ляўрэат прэмій — шанцаў болей. А калі іх аўтар — амаль невядомы паэт зь Беларусі? Шанцаў практычна няма. Я ведаю, я спрабаваў.
Але што, калі паэт піша вельмі добра?..
І раптам падчас аднаго моцна адчайнага настрою ў адзін са студзеньскіх вечароў я пішу ў фэйсбук, не чакаючы надта многа: людзі, глядзіце! Я пераклаў тэксты харошае паэткі Сабіны Брыло — некаторымі зь іх я ўжо дзяліўся, можа быць, вы памятаеце. Я хацеў бы зрабіць харошую кнігу. І, можа быць, хто-небудзь хацеў бы і мог зрабіць свой уклад у яе выданьне?
І вось самая цікавая частка гісторыі.
Менш, чым праз гадзіну (!) у нас было шмат грошай, неабходных для выданьня. Некаторым з апошніх жадаючых паўдзельнічаць нават казалі, што грошай больш ня трэба, мы ім ветліва дзякавалі. Калі б мы не спыніліся, гэта, верагодна, выклікала б яшчэ адну кнігу».
Ад ідэі да выхаду кнігі прайшло два месяцы. З 11 сакавіка Tiras Biblio будзе прадавацца ў кнігарнях Літвы і праз інтэрнэт. Аўтарку запрасілі на сустрэчы з чытачамі. Адна пройдзе 25 сакавіка ў Вільні ў кнігарні Mint Vinetu, а другая 26 сакавіка ў адной зь бібліятэк Клайпэды.
Сабіна Брыло нарадзілася ў Барысаве. Скончыла Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Працавала ў розных СМІ карэспандэнткай і рэдактаркай, пісала публіцыстычныя калёнкі ў некалькіх мэдыях; суаўтарка дапаможніка па бясьпецы для беларускіх журналістаў. Адна зь сябраў калегіі літаратурнага клюбу «Графо». Вершы друкаваліся ў пэрыядычных выданьнях, на інтэрнэт-рэсурсах. Мае паэтычную кнігу «Это буквы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Габрэйскі хлопчык зь Вільні сказаў сабе: «Раман, гары!» І выканаў загад