Пляны Лукашэнкі на «чацьвёртую пяцігодку» былі цалкам праваленыя. Цяпер урад мае нават больш аптымістычныя пляны, чым на «пятую пяцігодку».
Савет Міністраў Беларусі прыняў сярэднетэрміновую фінансавую праграму рэспубліканскага бюджэту на 2019–2021 гады (PDF).
Праграма прадказвае рост валавога ўнутранага прадукту больш як на 2% у кожны з трох гадоў, зьмяншэньне стаўкі рэфінансаваньня і невялікую па беларускіх мерках — каля 5% на год — інфляцыю.
Некаторыя лічбы з праграмы, якія тычацца 2021 году:
- валавы ўнутраны прадукт — 159,1 млрд рублёў (супраць 121,6 млрд рублёў у 2018 годзе);
- інфляцыя ў 4,5% (летась была 5,6%);
- стаўка рэфінансаваньня на канец году — 9% (цяпер — 10%);
- курс беларускага рубля на канец году: 2,38 рубля за даляр, 3,27 за 100 расейскіх рублёў (на момант публікацыі — 2,14 за даляр і 3,24 за 100 расейскіх; курс да эўра не прагназуецца);
- цана барэля нафты Urals — 50 даляраў (на момант публікацыі – 66 даляраў пасьля піку ў 85 даляраў у кастрычніку і падзеньня да 52 даляраў у сьнежні);
- пасьля амаль нязьменных аб’ёмаў экспарту і імпарту ў 2019-м — рост на 10,3% у 2020-м і больш як на 4% у 2021-м;
- нязьменныя суадносіны дзяржаўнай запазычанасьці і ВУП — 45% (экспэрты кажуць, дзярждоўг ужо перавысіў 50% ВУП);
- сплата прынамсі чвэрці дзяржаўнага доўгу зь «непазыковых крыніцаў» (то бок астатнія 75% — за кошт «пазыкаў на сплату даўгоў»);
- захаваньне падатковай нагрузкі на эканоміку на цяперашнім узроўні — каля 26% ВУП;
- падвышэньне і даходаў, і выдаткаў бюджэту амаль па ўсіх напрамках пры прафіцыце бюджэту (чакаецца хіба рэзкае зьмяншэньне фінансаваньня праграмаў «Сям’я і дзяцінства», «Сухоты» і «Распрацоўка і вытворчасьць новых лекаў», але ў той жа час, напрыклад, рэзкае павелічэньне праграмы «Інфраструктура інфарматызацыі», «Разьвіцьцё сэлекцыі і насеньняводзтва» і фінансаваньня Батанічнага саду).
- зьмяншэньне аб’ёмаў дзяржаўнай падтрымкі рэальнага сэктару эканомікі штогод ня менш як на 10%.
Разам з тым у Беларусі застаецца дзейнай праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2016–2020 гады. Яна ж вядомая як праграма Лукашэнкі на «пятую пяцігодку».
Праграма на «пяцігодку» на год адстае ад цяперашняй праграмы ўраду. І ў той частцы, якая тычыцца плянаў да канца 2020 году, некаторыя пункты ў «пяцігодкавай» праграме і праграме ўраду адрозьніваюцца.
Так, у цяперашняй праграме ўраду ВУП у 2020-м плянуецца ў паўтара раза большы за той, які прагназаваўся ў праграме на «пятую пяцігодку». Таксама ўрад плянуе, што інфляцыя ўпадзе не да 5%, як у «пяцігодкавай» праграме, а аж да 4,5%.
Праграма ж Лукашэнкі на «чацьвёртую пяцігодку» была праваленая па ўсіх прагнозных паказьніках. Але тагачасны прэм’ер-міністар казаў, што гэта станоўчы вынік — і яшчэ два гады пасьля гэтага заставаўся на пасадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выдаў дырэктывы пра будаўніцтва, камунальныя паслугі, сяло і надоі