Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча дала 500 тысяч даляраў на разьвіцьцё турызму ў заходняй Беларусі


Адкрыцьцё школы паруснага спорту ў Браславе, 27 траўня 2017 году
Адкрыцьцё школы паруснага спорту ў Браславе, 27 траўня 2017 году

Міністэрства спорту і турызму Беларусі падпісала з прадстаўнікамі Праграмы разьвіцьця ААН дамову аб праграме рэалізацыі разьвіцьця турызму ў Беларусі. Як піша польская амбасада, Польшча дала на праграму 500 тысяч даляраў.

Праграма прадугледжвае «выкарыстаньне турыстычнага патэнцыялу, у тым ліку дзякуючы разьвіцьцю турыстычнай інфраструктуры і стварэньню новых турыстычных прадуктаў», азнаямленьне з польскім турыстычным досьведам і рэкляму беларускіх турыстычных паслуг.

Грошы пойдуць на праекты ў раёнах, дзе Польшча ўжо фінансавала беларускія ініцыятывы. Так, у Браславе з польскай дапамогай стварылі школу яхтынгу, палякі падтрымлівалі разьвіцьцё інфраструктуры на Аўгустоўскім канале, у Камарове дапамагалі стварыць «турыстычную» пякарню, у Мёрах падтрымалі разьвіцьцё аўтамабільнага турызму.

«Праект закліканы таксама падтрымаць намаганьні беларускіх уладаў у лібэралізацыі візавага рэжыму для іншаземцаў», — адзначае польская амбасада.

Польшча ў ліку 80 краінаў, грамадзяне якіх могуць бязь візы знаходзіцца ў Беларусі да 30 дзён, калі трапілі ў краіну празь менскі аэрапорт. Міністэрства замежных справаў Беларусі нядаўна ініцыявала пашырэньне «бязьвізу» і на наземныя межы. Таксама ёсьць бязьвізавыя зоны на Берасьцейшчыне і Горадзеншчыне: там іншаземцам дазваляюць быць бязь візы 10 дзён, калі яны скарысталіся паслугай турапэратара («дзікунам» патрэбна віза).

У дзяржаўным бюджэце Беларусі (PDF) на разьвіцьцё турызму таксама прадугледжаныя пэўныя сумы: 2,1 млн рублёў на турызм як на «дзейнасьць у галіне нацыянальнай эканомікі», яшчэ 1,3 млн рублёў на дзейнасьць Міністэрства спорту і турызму ў турыстычнай галіне, яшчэ 0,6 млн на турыстычную дзейнасьць Упраўленьня справамі прэзыдэнта, яшчэ 2 млн рублёў на праграму «Маркетынг турыстычных паслуг».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG