Калгас імя Яраслава Раманчука

Эканаміст Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

Ідэя адправіць Яраслава Раманчука кіраваць калгасам — гэта мэтад ідэйнай барацьбы з апанэнтам.

  • Прапанова Раманчуку ўзначаліць калгас — гэта не асабісты крок Натальлі Качанавай.
  • Гэта асымэтрычны адказ эканамісту за спрэчку з Лукашэнкам.
  • Дыскусія Лукашэнкі і Раманчука канцэптуальная, ідэйная.
  • Калгас у беларускай рэчаіснасьці — нейкі своеасаблівы чысьцец.

Беларусь — краіна, дзе казка можа стаць быльлю, а жарт — драматычнай рэальнасьцю.

Савецкі генэральны сакратар Леанід Брэжнеў любіў падчас застольляў расказваць адзін эпізод сваёй біяграфіі. Гісторыя, можа, і прыдуманая, але вельмі добра адлюстроўвала тую эпоху. Нібыта ў перапынку аднаго з пленумаў ЦК КПСС пасьля вайны міма яго праходзіў Сталін. Убачыўшы Брэжнева, ён спыніўся і спытаў: «Як справы ў Малдавіі?». Зьбянтэжаны Брэжнеў адказаў, што ён працуе першым сакратаром Днепрапятроўскага абкаму партыі і да Малдавіі ня мае дачыненьня. Сталін моўчкі пайшоў далей. Але неўзабаве Брэжнева прызначылі першым сакратаром Кампартыі Малдавіі. Правадыр ня можа памыляцца.

Калі падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Яраславу Раманчуку ўзначаліць адсталы калгас, усе пасьмяяліся, пасьцябаліся з нагоды асаблівасьцяў гумару «аўгусьцейшай» асобы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яраслава паслаць у калгас, жанчынам — зьняць штаны. 33 ЦЫТАТЫ Лукашэнкі зь «Вялікай размовы». У карцінках

Аднак неўзабаве высьветлілася, што гэта зусім ня жарт. Праз тры дні пасьля той размовы Яраслава Раманчука запрасілі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і прапанавалі сьпіс з чатырох калгасаў, якія ён меўся ўзначаліць. Сам Яраслаў упэўнены, што з боку Лукашэнкі гэта быў тролінг, а ягоныя падначаленыя гэтага не зразумелі, бо пазбаўленыя пачуцьця гумару.

Наконт пачуцьця гумару ў найвышэйшым кіраўніцтве спрачацца ня буду. Але ня думаю, што дасьведчаная і спрактыкаваная ў тонкіх бюракратычных справах кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава з уласнай ініцыятывы зрабіла такі крок. Насамрэч усё складаней, а ад таго і драматычней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Качанава ад імя Лукашэнкі прапанавала Раманчуку стратныя калгасы на выбар

Думаю, Лукашэнка быў трохі траўмаваны той дыскусіяй, якую зладзіў зь ім Яраслаў Раманчук. Здаецца, упершыню мо з 1996 году зь ім публічна паспрачаўся беларускі грамадзянін. Прычым рабіў гэта сьмела, бяз страху, напорыста, перабіваючы кіраўніка дзяржавы. І гэта ўсё — у жывым эфіры. Такім чынам разбураецца тое, што можна назваць «магіяй дыктатара». Народ убачыў, што аказваецца, так можна. І тыя факты пра несправядлівасьць уладаў да бізнэсоўца, якія прыводзіў Яраслаў, пацьвярджаюцца. Такая сьмеласьць патрабавала сатысфакцыі.

Але ёсьць у гэтай гісторыі яшчэ другі плян, больш глыбокі, канцэптуальны пласт. Лукашэнка ўжо шмат гадоў усім даводзіць, што ён у сваёй палітыцы кіруецца здаровым сэнсам, маўляў «трэба ісьці ад жыцьця, ад зямлі», кіравацца звычайнай сьвядомасьцю, бытавымі ўяўленьнямі абываталяў. Гэта адлюстроўвае ягоны сьветапогляд. Кіраўнік Беларусі ганарыцца, што ня слухаў розных тэарэтыкаў, не зважаў на іхныя тэорыі пра рынак, прыватызацыю і, як ён лічыць, меў рацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раманчук прапанаваў Лукашэнку быць «пажыцьцёвым прэзыдэнтам». Але з рынкавай эканомікай

З гледзішча такой лёгікі кіраваць эканомікай вельмі проста. Трэба правільна паставіць задачы, навесьці парадак і жорсткую дысцыпліну, ажыцьцяўляць ручное кіраваньне. Калі не хапае грошай, то можна надрукаваць яшчэ і дзяліць іх паміж міністэрствамі, рэгіёнамі, прадпрыемствамі. Вось і ўся тэорыя.

Праўда, вынікам такой палітыкі «ад зямлі» стала тое, што Беларусь стала фактычна сусьветным рэкардсмэнам у інфляцыі і дэвальвацыі за апошнія чвэрць стагодзьдзя (вынесем за дужкі зусім анамальныя кейсы Зімбабвэ і Вэнэсуэлы). А абвал 2011 году пасьля давядзеньня заробкаў да 500 даляраў перад прэзыдэнцкімі выбарамі стаў шокам і для самога Лукашэнкі. Аказалася, што ёсьць яшчэ такая зьява, як макраэканоміка, якую «ад зямлі» не разгледзець.

Тым ня менш грэбаваньне тэорыяй і тэарэтыкамі — гэта частка і сьветапогляду, і палітычнага стылю Лукашэнкі. Для яго Раманчук, як лібэральны эканаміст і публіцыст, — палітычны, ідэалягічны, мэнтальны антыпод. І іхная дыскусія падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» канцэптуальная. Яна пачалася на аналягічнай сустрэчы ў 2017 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раманчук: «Я яшчэ не настолькі праштрафіўся, каб атрымаць „у падарунак“ калгас»

Магчыма, сам Лукашэнка адчуў, што ягоныя довады супраць Раманчука былі ня вельмі пераканаўчымі. Таму, каб зьбіць, зрэзаць, нэўтралізаваць апанэнта, ён перайшоў да звыклага прыёму, які неаднаразова выкарыстоўваў раней. Гэта пераход на асобу. Памятаеце знакамітую «дыскусію» Панікоўскага з Балаганавым: «А ты хто такі?»

Таму Лукашэнка і прапанаваў падчас дыскусіі: «Проста трэба даць Яраславу стратны калгас, паслаць яго ў калгас, каб ён зазямліўся... Такіх тэарэтыкаў, як Яраслаў, якія кніжак начыталіся, трэба проста празь зямлю прапусьціць».

Справа ў тым, што ў беларускай масавай сьвядомасьці калгас — гэта ня проста сельскагаспадарчае прадпрыемства. Гэта пэўны сымбаль. Калгас атаясамліваецца зь нечым адсталым, малакультурным. Слова «калгасьнік» дасюль выкарыстоўваецца як абраза. У савецкія часы казалі: далей калгасу не пашлюць.

Невыпадкова Лукашэнка накіроўвае чыноўнікаў-карупцыянэраў, якіх датэрмінова выпускаюць з-за кратаў, кіраваць сельгаспрадпрыемствамі. Калгас у беларускай рэчаіснасьці — гэта нейкі своеасаблівы чысьцец. Ну, а Качанава атрымала заданьне давесьці гэтую ідэю да лягічнага канца. Зразумела, Раманчук адмовіцца, і тады можна сказаць на наступным падобным мерапрыемстве: ён жа нават калгас узяць спужаўся, што зь ім гаварыць! Вось такія мэтады ідэйнай барацьбы з апанэнтамі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.