У Беларусі прапанову прэм’ер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса аб выкарыстаньні інфраструктуры АЭС для электрастанцыі на газе назвалі «палітычнымі інсынуацыямі».
Літоўскі прэм’ер таксама прапануе выкарыстаць для беларускай газавай электрастанцыі сеткі і электрагенэруючае абсталяваньне.
Міністар энэргетыкі Літвы Жыгімонтас Вайчунас сказаў агенству BNS, што гэтую ідэю тэхнічна можна рэалізаваць і ёсьць прэцэдэнт, калі Беларусь спыніла будаўніцтва атамнай станцыі ля Менску і перабудавала яе ў газавую.
Паводле Вайчунаса, ператварэньне АЭС у тэрмафікацыйную станцыю ня толькі гарантавала б большую бясьпеку Літвы, але «спрыяла паляпшэньню двухбаковых стасункаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва прапануе Беларусі замяніць АЭС на газавую электрастанцыюУ Міністэрстве энэргетыкі Беларусі карэспандэнту Свабоды сказалі, што не атрымлівалі ніякіх афіцыйных прапаноў зь літоўскага боку.
«Мы будуем адпаведна з канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі нашу АЭС. Мы гэтую заяву зь літоўскага боку нават не разглядаем. Гэта проста чыёсьці меркаваньне. Калі зьвернуцца афіцыйна з прапановай, то афіцыйна і адкажам. А так гэта проста палітычныя перадвыбарныя інсынуацыі», — сказала карэспандэнту Свабоды прэс-сакратарка Міністэрства энэргетыкі Беларусі Жанна Зянькевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Швайцарыі раскрытыкавалі БелАЭС. Менск назваў рашэньне «антыбеларускім»Амбасадар Беларусі ў Літве Аляксандар Кароль паведаміў, што ў 2018 годзе Літва закупіла ў Беларусі каля 1 млрд кВт⋅г электраэнэргіі, што ў 8,5 раза больш, чым годам раней.
Паводле выканаўчага дырэктара асацыяцыі «Аднаўляльная энэргетыка» Ўладзімера Нісьцюка, літоўцы куляюць электраэнэргію, пакуль няма Беларускай АЭС, і дзеля таго, каб падстрахавацца.
«Ёсьць закон, прыняты сэймам, што Літва ня будзе набываць электраэнэргію зь Беларускай АЭС. Ім цяпер ужо ідзе электраэнэргія падводным кабелем праз Балтыку па 3 эўрацэнты за адну кілават-гадзіну. Вядома, такі тарыф, які ім даюць швэды, ніхто ня дасьць. Тут і эканамічнае пытаньне».
Заяву прэмʼер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса Ўладзімер Нісьцюк назваў піярам.
«Прапануецца тое, што не падтрымлівае прэзыдэнтка Літвы і што ўжо немагчыма зрабіць. Гэта выбарчая кампанія дазваляе ўсім рабіць заявы, нават не абгрунтаваныя.
Беларуская АЭС — гэта ўжо справа ня толькі Літвы. У Эўропе ўжо прынятае афіцыйнае рашэньне аб тым, што былі парушэньні падчас выбару пляцоўкі для АЭС», — сказаў Свабодзе Уладзімер Нісьцюк.
У лютым краіны – чальцы Канвэнцыі Эспа абвясьцілі, што пляцоўка для будаўніцтва Беларускай АЭС была выбраная неналежным чынам, з парушэньнем канвэнцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ветракі замінаюць АЭС? Чаму ўлады абмяжоўваюць рост альтэрнатыўнай энэргетыкі ў БеларусіБеларускую АЭС будуюць за 53 км ад Вільні. Для яе выбралі праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год, другога — на 2020 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Што гэта значыцьБеларуская АЭС узводзіцца на крэдыт, дадзены Расеяй. На думку экспэртаў, яе кошт — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што акупіцца яна прыкладна за 20 гадоў.