Настаяцель храма-помніка Ўсіх Сьвятых протаярэй Фёдар Поўны адказаў на пытаньні газэты «Звязда», у тым ліку і на пытаньне наколькі магчыма царкоўная аўтакефалія ў Беларусі.
«Аўтакефалія па ўзоры Украіны — ці патрэбна нам такая? Іх аўтакефалія — гэта ня воля народу, а рашэньне аднаго чалавека. Перш чым нечага хацець, трэба сябе спытаць: як гэта палепшыць жыцьцё? А вернікі задаюць пытаньне па-іншаму: ці прывядзе гэта мяне да Хрыста, ці ўратуе мяне для жыцьця вечнага?
Навошта беларусам сёньня аўтакефалія? Мы валодаем усёй неабходнай самастойнасьцю. Ці мы баімся мітрапалітаў, якіх прызначае Сынод Рускай Праваслаўнай Царквы? Тады заклікаю ўспомніць добрым словам Ганаровага Экзарха мітрапаліта Філарэта! Ён свой, ён родны, скажуць многія. Дык ён жа рускі чалавек з дваранскім паходжаньнем... Глядзіце на справы, а ня ў пашпарт. Вось вынік саракагадовага служэньня Ўладыкі: Беларускі Экзархат, свой Сынод, плённае супрацоўніцтва Царквы і беларускай дзяржавы, міжканфэсійны мір, адноўленыя сьвятыні Беларусі, новы храм-помнік у гонар Усіх Сьвятых, прысьвечаны загінулым беларусам. Адроджана наша духоўная культура. Чаго ж не хапае? Даверу?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка ня можа не хацець незалежнай царквы», — айцец Аляксандар ШрамкоГлядзіце на суседзяў: там свае, не чужынцы, сілком вырываюць народ з роднай глебы. Наступным крокам на Ўкраіне можа быць Унія. А затым украінскую мову перавядуць на лацінку... А пройдзе некалькі дзесяцігодзьдзяў, і навукоўцы ўжо новым пакаленьням дакажуць, што ўкраінцы — гэта заходнія славяне. Гэта ўсяго толькі магчымы паварот падзей, і я вельмі хачу памыліцца ў ім.
Царква — гэта Богачалавечы арганізм, ён кіруецца толькі Хрыстом. Гэта ілюзія, што ёсьць Праваслаўная Царква Беларусі, Украіны, Расеі. Беларусь таксама адна дзяржава, а ня сума яе шасьці абласьцей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Эпіфаній назваў РПЦ апошнім фарпостам Пуціна ва Ўкраіне