Паводле сучаснай навукі, ёсьць тры хуткія шляхі павялічыць аб’ём памяці і палепшыць здароўе мозгу. Пра гэта на сайце sharecare.com піша Роўз Гаез.
Журналістка пагутарыла з доктарам мэдыцыны Іфтэхарам Ахмэдам — нэўролягам з Дасьледчага мэдычнага цэнтру ў Канзас-сіці (ЗША). Навуковец дае тры парады.
Рэгулярны кантроль ўзроўню халестэрыну
Падтрыманьне ўзроўню халестэрыну ў здаровым дыяпазоне — ня надта нізка і ня надта высока — можа дапамагчы прадухіліць старэчую прыдуркаватасьць, якую называюць дэмэнцыяй.
Паводле доктара Ахмэда, мазгавым клеткам для захаваньня іх цэласнасьці патрэбны халестэрын, але калі агульны ўзровень халестэрыну ніжэй нормы, мэбраны клетак могуць ламацца.
Зь іншага боку, калі ўзровень халестэрыну занадта высокі, дробныя крывяносныя сасуды ў мозгу закупорвацца, у выніку чаго блякуецца паступленьне кіслароду. Гэта можа прывесьці да пашкоджаньня мозгу і нэрвовых клетак, у выніку чаго ўзьнікае рызыка страты памяці ды іншых нэўралягічных праблем.
Важна рабіць рэгулярныя праверкі. Асабліва тым, хто прымае спэцыяльныя лекі для зьніжэньня ўзроўню халестэрыну ў крыві, так званыя статыны, або схільны да сардэчна-сасудзiстых захворваньняў. Нізкі ўзровень халестэрыну можа таксама шкодзіць.
Рэгулярныя пацыры
Хадзьба мае шэраг пераваг для здароўя, кажа доктар Ахмэд.
Хадзьба паляпшае спрыт, зьніжае артэрыяльны ціск і частату сардэчных скарачэньняў, павялічвае кровазварот і абараняе артэрыі ад пашкоджаньні. Гэтыя карысныя эфэкты ўскосна дапамагаюць памяці і здароўю сэрца.
Падчас хадзьбы адбываецца выпрацоўка гармонаў дапаміну і адрэналіну, якія асабліва патрэбныя мозгу для функцыянаваньня і запамінаньня.
Доктар Ахмэд кажа, што рэгулярныя шпацыры будуць яшчэ больш карысныя, калі запрасіць на іх сябра ці сяброўку. Сацыяльныя сувязі могуць зьнізіць рызыку разьвіцьця дэпрэсіі і трывогі, павысіць упэўненасьць і здольнасьць засвойваць новую інфармацыю.
Рэгулярнае чытаньне
Навуковец з Канзас-сіці кажа, што калі пазнавальную функцыю мозгу не выкарыстоўваць і не трэніраваць, яна зьмяншаецца, пагаршаецца і страчваецца. Бесьперапынная адукацыя і навучаньне ў любым узросьце можа абараніць ад прыдуркаватасьці і нават запаволіць яе наступствы, калі яна ўжо ёсьць.
Падчас аднаго нядаўняга дасьледаваньня навукоўцы высьветлілі, што тыя пажылыя людзі, якія рэгулярна чытаюць, наведваюць бібліятэкі і пастаянна пішуць лісты, маюць меншую рызыку хваробы Альцгаймэра.
Доктар раіць чытаць рэгулярна і нават запісваць свае ўражаньні ад прачытанага.
Для пэнсіянэраў вельмі важна заставацца ўцягнутымі ў рэальнае жыцьцё. Сацыяльныя кантакты, чытаньне і фізычныя практыкаваньні вельмі спрыяюць здароўю мозгу і працягваюць жыцьцё.