Адной з прычын узроставага зьніжэньня памяці зьяўляецца актывізацыя ў галаўным мозгу хранічнага імуннага запаленьня.
Што гэта такое? У любой частцы нашага арганізму ёсьць клеткі, якія належаць да нэрвовай, эндакрыннай і імуннай сыстэм. І гэтыя клеткі павінны «размаўляць» паміж сабой на нейкай агульнай мове, бо яны ўсё ж належаць да розных сыстэм жыцьцядзейнасьці.
Мовай такога дыялёгу паміж клеткамі зьяўляюцца так званыя сыгнальныя малекулы. Калі чалавек здаровы, то ў розных органах пераважаюць «добрыя» сыгнальныя малекулы. Але ў выніку хваробы або з узростам павялічваецца колькасьць «дрэнных» сыгнальных малекул, якія перадаюць клеткам няправільную інфармацыю і нават іх пашкоджваюць.
даказана, што пры правільным, здаровым харчаваньні і належным рэжыме фізычнай актыўнасьці рызыка захварэць на хваробу Альцгаймэра імаверна зьніжаецца
Усё гэта тычыцца і галаўнога мозгу. У ім існуюць нэйроны — самыя важныя клеткі мозга, якія адказваюць за фарміраваньне паводзінаў чалавека і яго памяць. Вакол нэйронаў існуюць клеткі-абслугоўвальнікі, яны называюцца гліяльнымі. Калі чалавек генэтычна схільны да хвароб цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, калі ў яго ёсьць небясьпечныя для мозга хваробы (напрыклад, павышаны артэрыяльны ціск) або па меры старэньня гліяльныя клеткі становяцца больш агрэсіўнымі і замест «добрых» сыгнальных малекул пачынаюць прадукаваць «шкодныя» — сыгнальныя малекулы імуннага запаленьня.
Гэтыя малекулы пашкоджваюць нэйроны, зьніжаюць іх працаздольнасьць і мы бачым, што ў такога чалавека зьніжаецца памяць ці нават фармуецца сур’ёзная хвароба, напрыклад, хвароба Альцгаймэра.
Раней навукоўцы лічылі, што хваробу Альцгаймэра нельга прадухіліць пры дапамозе прафіляктыкі. Цяпер пункт гледжаньня зьмяніўся: даказана, што пры правільным, здаровым харчаваньні і належным рэжыме фізычнай актыўнасьці рызыка захварэць на хваробу Альцгаймэра імаверна зьніжаецца.
Але дагэтуль спэцыялістаў у галіне дыеталёгіі непакоіць пытаньне: ці ёсьць якія-небудзь прадукты, якія маюць адмысловы прафіляктычны эфэкт?
расьліна кары (добра вядомая гурманам як смачная прыправа) у дазіроўцы 400 — 600 мг экстракту кораня тры разы на дзень на працягу двух месяцаў можа зьменшыць праяўленьне хранічнага імуннага запаленьня
Аснову прыправы кары складае расьліна куркума з дадаткам некаторых іншых спэцый, напрыклад, імбіру, індыйскага кміну, перцу і т.д. Цікава, што экстракт кораню куркумы ў дазіроўцы 400 — 600 мг тры разы на дзень на працягу двух месяцаў здольны зьмяншаць праяўленьне хранічнага імуннага запаленьня. Калі спэцыялісты зьвярнуліся да эпідэміялягічных дадзеных, то аказалася, што ў Індыі — радзіме кары — захворваемасьць на хваробу Альцгаймэра значна ніжэйшая, чым у краінах Заходняй Эўропы. Вядома, за гэта адказны комплекс фактараў, але нейкую ролю тут адыгрывае і культура спажываньня кары.
Наша практычная парада: паколькі пры правільным, здаровым харчаваньні і належным рэжыме фізычнай актыўнасьці рызыка займець сур’ёзныя ўзроставыя праблемы з памяцьцю значна зьніжаецца, трэба ведаць, што пачынаць правільны лад жыцьця ніколі ня позна — у якім бы ўзросьце вы ні былі. Дадавайце ў свой рацыён смачную прыправу кары, бо яна сапраўды зьніжае выяўленасьць хранічнага імуннага запаленьня і ў нейкай меры робіць працэсы старэньня больш лагоднымі для арганізму.