Свабода ўжо параўноўвала багацьце беларусаў і расейцаў з дапамогай афіцыйнай статыстыкі і «рэйтынгу бігмака». Параўнаем беларусаў з украінцамі.
Афіцыйнай статыстыкі пра ўкраінскія заробкі меней, чым пра беларускія. Некаторыя лічбы даводзіцца браць зь неафіцыйных крыніц.
Украінцы бяднейшыя на 120–150 даляраў
Афіцыйныя сярэднія налічаныя заробкі ўкраінцаў публікуе Укрстат. Апошнія лічбы — за сьнежань 2018 году. Але, як і ў Беларусі, ва Ўкраіне назіраецца скачок сярэдніх заробкаў у апошні месяц году — яго зьвязваюць з гадавымі прэміямі. Пасьля заробкі вяртаюцца прыблізна на ўзровень да скачка, а то і на ніжэйшы — у Беларусі цяпер зноў менш за «па пяцьсот».
«Сьнежаньскую анамалію» прапусьцім: параўнаем сярэднія налічаныя заробкі за лістапад 2018 году. У Беларусі, паводле Белстату, было 994 рублі. Паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку, гэта 486,29 даляра. Ва Ўкраіне ў лістападзе сярэдні заробак складаў 9161 грыўню, або 329,66 даляра — менш на 156,63 даляра за Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тры гады запар эканоміка Ўкраіны расьце»,— вялікае інтэрвію зь міністаркай фінансаў УкраіныАфіцыйныя зьвесткі пра заробак сярэднестатыстычнага ўкраінца (колькі атрымлівае чалавек, адносна якога палова людзей у краіне зарабляе менш, а палова — больш) пакуль толькі зьбіраюцца пачаць падлічваць.
Паводле неафіцыйных і нічым не пацьверджаных падлікаў, у кастрычніку 2018 году мэдыянны заробак ва Ўкраіне быў роўны 6452 грыўні, або 230,98 даляра. Белстат сьцьвярджаў у лістападзе, што мэдыянны заробак у Беларусі складаў 751,1 рубля, або 353,86 даляра — на 122,88 даляра больш за Ўкраіну.
Ва ўкраінцаў два пражытковыя мінімумы ¯\_(ツ)_/¯
Мінімальны заробак ва Ўкраіне прыблізна такі ж, як у Беларусі. Цяпер украінскі роўны 4173 грыўні, або 149,68 даляра, беларускі — 330 рублёў, або 152,96 даляра (пералікі ў даляры паводле сярэдняга курсу за студзень).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларусаў афіцыйна зусім бедныя: 500 тысяч ці тры мільёны?Зь бюджэтам пражытковага мінімуму цяжэй. У Беларусі ён адназначны: 216,9 рубля або 100,54 даляра. Ва Ўкраіне ж ёсьць афіцыйны пражытковы мінімум у 1853 грыўні, або ўсяго 66,47 даляра. Але там на афіцыйным узроўні крытыкуюць састарэлую мэтодыку падліку бюджэту пражытковага мінімуму: кабінэт міністраў ацэньваў «рэальны пражытковы мінімум» — выйшла 3233,33 грыўні (120,89 даляра) за першае паўгодзьдзе 2018 году. Гэта на 20 зь лішкам даляраў больш, чым у Беларусі.
Адпаведна, і за мяжой беднасьці ва Ўкраіне ці то 2,1% насельніцтва (паводле афіцыйнага пражытковага мінімуму), ці то 30,5% (паводле «рэальнага»). У Беларусі за мяжой беднасьці 5,6% насельніцтва.
Шэрая эканоміка зьела ўкраінскія бігмакі?
Беларускую і расейскую пакупніцкую здольнасьць Свабода параўноўвала праз самастойна разьлічаны паводле актуальных зьвестак «рэйтынг бігмака». Часопіс The Economist у 1986 годзе прыдумаў параўноўваць парытэт пакупніцкай здольнасьці па знаёмым усім прадукце — бургеры Big Mac з рэстарацыяў McDonalds.
Ідэя такая: гэты бургер прадаюць амаль у кожнай краіне сьвету, інгрэдыенты паўсюль амаль аднолькавыя, а ў цану бігмака, аднолькавую ва ўсёй краіне, уваходзяць і кошт інгрэдыентаў, і заробкі работнікаў, і лягістыка, і шмат чаго яшчэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расеец багацейшы за беларуса на 47 бігмакаў, але жыве горш. Чаму такУ Беларусі бігмак каштуе 4,7 рубля, ва Ўкраіне — 55 грывень. Паводле сярэднестудзеньскіх курсаў, гэта 2,18 даляра ў Беларусі і 1,97 даляра ва Ўкраіне. Гэта значыць, на сярэдні заробак у Беларусі і Ўкраіне можна купіць адпаведна 211 і 166 бігмакаў, на мэдыянны — 159 і 117 адпаведна.
Але на самой справе сытуацыя можа быць зусім іншай: ва Ўкраіне значная доля эканомікі прыпадае на ценявы сэктар, пра які ня ведае афіцыйная статыстыка. У цені знаходзіцца, паводле розных падлікаў, ад 32% да 45% валавога ўнутранага прадукту Ўкраіны.
У Беларусі таксама значныя, але меншыя аб’ёмы ценявой эканомікі: калі Міжнародны валютны фонд ацэньваў ценявую эканоміку Ўкраіны ў 42,9% ВУП, то па Беларусі выходзіла 32,4% ВУП. Адпаведна, рэальныя даходы з улікам утоеных ад дзяржавы ва ўкраінца большыя, чым у беларуса.
Ва Ўкраіне горш амаль усё, затое ёсьць свабода, моцнае войска і бязьвіз з Эўразьвязам
У абсалютнай большасьці рэйтынгаў, зьвязаных з эканомікай і дабрабытам, Беларусь значна апярэджвае Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь у гадавых рэйтынгах: ад войска і свабоды да шчасьця і пашпартоў. ІНФАГРАФІКАУ «Індэксе чалавечага разьвіцьця» http://hdr.undp.org/en/2018-update, які падлічвае Праграма разьвіцьця ААН, Беларусь займае 37-е месца ў сьвеце, калі Ўкраіна — толькі 88-е. Валавы нацыянальны даход на чалавека паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці ў Беларусі ацэньваецца роўна ўдвая большым, чым ва Ўкраіне.
У «Рэйтынгу якасьці жыцьця», дзе, акрамя здароўя, адукацыі і багацьця, улічваюцца таксама бясьпека, экалёгія, транспарт ды іншыя парамэтры, Беларусь і Ўкраіна маюць адпаведна 37-е і 62-е месцы ў сьвеце. Украіна адстае ад Беларусі ў кожным з паказьнікаў.
Але Ўкраіна абганяе Беларусь у шмат якіх неэканамічных рэйтынгах: у палітычных свабодах, у свабодзе СМІ і інтэрнэту, у магутнасьці войска і «сіле пашпарта» (апошняя вымяраецца магчымасьцю вандраваць па сьвеце бязь візаў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна: як гэта, калі дзейны прэзыдэнт не фаварыт выбарчай гонкі