Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі беларусаў афіцыйна зусім бедныя: 500 тысяч ці тры мільёны?


Прытулак для бедных, бяздомных і нікому не патрэбных у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну, ілюстрацыйнае фота
Прытулак для бедных, бяздомных і нікому не патрэбных у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну, ілюстрацыйнае фота

Траціна насельніцтва краіны мела на 2017 год наяўных рэсурсаў меней за мінімальны спажывецкі бюджэт, але ніжэй за пражытковы мінімум мелі толькі 5,9%.

На такія лічбы з дасьледаваньня Белстату (PDF) зьвярнуў увагу Tut.by: у штогадовым статыстычным зборніку сьцьвярджаецца, што 33,9% беларусаў, або 3,01 млн чалавек, маюць рэсурсаў меней за МСБ.

У тым жа дасьледаваньні сьцьвярджаецца, што толькі 5,9%, або 528,1 тысячы чалавек, маюць наяўных рэсурсаў менш за бюджэт пражытковага мінімуму.

Разьбіраемся, што гэта за паказьнікі.

Паўмільёна беларусаў ня маюць грошай на паўнавартаснае харчаваньне

Згодна закону «Аб пражытковым мінімуме» (PDF), ён уключае мінімальны неабходны для захаваньня здароўя і забесьпячэньня жыцьцядзейнасьці набор прадуктаў харчаваньня і нехарчовых тавараў і паслуг, а таксама абавязковыя плацяжы і ўнёскі.

У пражытковым мінімуме асобна разьлічваецца (PDF) колькасьць неабходных прадуктаў на год для мужчын і жанчын (жанчынам ці не ўсяго налічваюць меней); асобна для працаздольных людзей, пэнсіянэраў (шмат чаго меней, чым працаздольным жанчынам), студэнтам, дзецям ад 6 да 18 гадоў, ад 3 да 6 і да 3 гадоў.

У мінімальны харчовы кошык уваходзяць розныя віды мяса і рыбы, хлеб, мука, макарона, крупы, бульба, малако і малочныя прадукты, садавіна і гародніна, цукар, соль, гарбата і гэтак далей.

БПМ — перадусім на ежу
БПМ — перадусім на ежу

Цана набору неабходных нехарчовых тавараў і паслуг не разьлічваецца асобна, а бярэцца як 77% ад кошыка прадуктаў. Што чалавек мусіць купіць на 77% цаны прадуктаў, не ўдакладняецца.

На момант падліку — у 2017 годзе — бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім для насельніцтва складаў 192,4 рубля.

У сярэднім беларусы мелі сярэднедушавых грашовых даходаў (заробкі, пэнсіі, стыпэндыі, адсоткі з дэпазытаў і дывідэнды да выплаты падаткаў) на амаль тры такія мінімумы — 292,4%. Працаздольнае насельніцтва мела сярэдніх заробкаў (да выплаты падаткаў) на 386,9% БПМ для працаздольнага насельніцтва. Пэнсіянэры — 208,3% ад БПМ для пэнсіянэраў.

Мяркуючы з дакумэнтаў Белстату, у разьліках, дзе гаворыцца пра паўмільёна чалавек, дзеляць «усё на ўсіх», а не ўлічваюць асобна пэнсіянэраў з рэсурсамі, меншымі за БПМ для пэнсіянэраў, і студэнтаў з рэсурсамі, меншымі за БПМ для студэнтаў. Тыя сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы — ня толькі грошы, але і кошт прадуктаў, вырабленых на ўласнай гаспадарцы, мінус выдаткі на іх вытворчасьць, плюс атрыманыя ў натуральнай форме льготы і выплаты.

Тры мільёны беларусаў ня могуць нармальна апрануцца і абставіць кватэру мэбляй

Мінімальны спажывецкі бюджэт прыкметна большы за бюджэт пражытковага мінімуму: на 2017 год у сярэднім для насельніцтва аж 317,7 рубля, што на 65% больш за БПМ.

Але ў спажывецкі кошык доля разьліку МСБ уваходзяць (PDF) ня толькі рэчы, неабходныя для мінімальнага выжываньня (цана харчоў + 77% ад цаны харчоў на ўсё астатняе), але і выдаткі на адзеньне, лекі, мэблю, культурна-асьветныя падзеі.

Прапісалі нормы (PDF) таго, колькі беларусам трэба на год куртак і джынсаў, шкарпэтак і гальштукаў, мачалак і шампуняў, ложкаў і шафаў, тэлевізараў і прасаў, мабільнікаў і парасонаў…

МСБ — ня толькі мінімальнае выжываньне, але і адзеньне, гігіена, мэбля, сувязь…
МСБ — ня толькі мінімальнае выжываньне, але і адзеньне, гігіена, мэбля, сувязь…

Пры гэтым улічваецца, што аднойчы куплены кухонны стол праслужыць 20 гадоў, мабільнік — 5 гадоў (мабільнікаў на сям’ю з 4 чалавек трэба 4 штукі), а кубак са сподачкам — толькі 2 гады (трэба 8 камплектаў для 4 чалавек). Значыць, на год трэба ўлічыць 0,05 цаны кухоннага стала, 0,8 мабільнага тэлефона, 4 кубкі са сподачкам і гэтак далей. У МСБ улічваюцца таксама выдаткі на аплату камунальных паслуг і паслуг сувязі, рамонт адзеньня і мэблі, карыстаньне хімчысткамі і цырульнямі.

Але невядома, прадукты і прадметы якой якасьці лічацца неабходнымі. Наўрад ці ў разьліках МСБ за «сотавы тэлефон» лічыцца дарагі iPhone, але не ўдакладняецца, лічаць простую кнопачную «званілку» за 15 рублёў ці бюджэтны смартфон за 100-200 рублёў. Тое самае з крэсламі, лядоўнямі, зубнымі пастамі і ўсім астатнім.

Выходзіць, што 33,9% — тры мільёны чалавек — ня могуць у поўнай ступені забясьпечыць сябе адзеньнем, бытавымі рэчамі і ежай. Зь іх 2,5 мільёна маюць дастаткова сродкаў на мінімальнае выжываньне, але ня маюць на «задавальненьне асноўных фізіялягічных і сацыяльна-культурных патрэбаў».

Тры гады станавілася горш, але падзеньне спынілася

Найменшая колькасьць людзей, якія маюць рэсурсаў меней за БМП і МСБ, за апошні час была ў 2014 годзе. Тады 4,8% мелі меней за БПМ і 18,9% — меней за МСБ. Але пасьля 2014-га колькасьць бедных пастаянна расла, дасягнуўшы ў 2017-м 5,9% насельніцтва з рэсурсамі, меншымі за БПМ, і 33,9% з рэсурсамі, меншымі за МСБ.

У першым квартале сёлета Белстат паведамляў, што меней за БПМ маюць усё тыя ж 5,9%. Але ў другім квартале стала крыху лепей — меней за БПМ мелі ўжо 5,7%. За той жа час вырасла доля насельніцтва, якая мае наяўных рэсурсаў на больш як 500 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG