2 і 3 сакавіка ў малой залі канцэртнага комплексу «Мінск» адбудзецца прэм’ера мастацкага фільму «Народныя мсьціўцы» паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава.
Рэжысэр Аляксандар Меліхавец расказаў Свабодзе, як узяўся за экранізацыю аднайменнага апавяданьня Быкава, чаму здымкі расьцягнуліся на 10 гадоў і навошта кінатэатры патрабуюць ад яго авансу за поўную залю.
Дзеяньне ў творы Быкава і фільме Меліхаўца адбываецца ў Беларусі ў канцы 1950-х гадоў. Чацьвёра мужчын, разгарачаныя гарэлкай, вырашаюць адпомсьціць былому супрацоўніку савецкіх карных органаў, які нечакана аб’яўляецца ў вёсцы — усе думалі, што ён ужо не жывы. Стараньнямі гэтага энкавэдыста многіх рэпрэсавалі — арыштавалі ці забілі.
Пакуль дзейнічаў алькаголь, ваяўнічасьць у мужчын зашкальвала. Але як хмель пачаў выветрывацца, пляны «забіць гада» рассыпаліся: адзін у вырашальную хвіліну заснуў, іншы так і не адважыўся ўзяцца за падрыхтаваную зброю — касу. Адзіны мсьцівец, які ўсё ж сустрэўся з чэкістам, проста разгублена слухае маналёг пра тое, што той выконваў рашэньні партыі. Плян народнай помсты праваліўся.
Фільм, які мусіць даць імпульс да чытаньня Быкава
Аляксандар Меліхавец ня мае акадэмічнай рэжысэрскай адукацыі, толькі спэцыялізаваныя курсы. Вучыўся на будаўніка-інжынэра ў Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце, але заўжды цягнула ў кіно. Пачынаў з кліпаў, ролікаў, зьвязаных зь беларушчынай. Хацеў здымаць жыцьцяпісы гістарычных асобаў — вынікам стаў шэраг кароткамэтражак пра такія знакавыя постаці, як Максім Багдановіч, Янка Купала. Калі ж дайшла чарга да Васіля Быкава, наважыўся на поўнамэтражны фільм.
«Творчасьць Быкава мне падабалася заўсёды, — прызнаецца Аляксандар. — Я прачытаў усё, акрамя, можа, нейкага рэдкага ліставаньня... Хацелася экранізаваць шмат якія творы — і ваенныя, і перабудовачныя, і пачатку незалежнасьці. У 2010-м ідэя нарэшце акрэсьлілася, і я пачаў яе рэалізоўваць. Сабраў актораў, зьняў першы трэйлер, зрабілі дзесьці 30% фільму. Але давялося згарнуцца. Празь некалькі гадоў зноў вярнуўся, ужо зь іншым складам, давялі да 90%, таксама далей ня склалася. Летась была трэцяя спроба — і цяпер важна гэта зафіналіць, паказаць вынік і рухацца далей».
Як удакладняе Аляксандар Меліхавец, усе тры рэжысэрскія падыходы да быкаўскай спадчыны тычыліся менавіта «Народных мсьціўцаў». Чаму?
«Па-першае, такі фільм больш-менш рэальны для здымкаў па фінансах: вайна, баталіі — гэта задорага. Па-другое, надзвычай цікавыя і актуальныя ўзьнятыя пытаньні — помста, гонар і г.д. Я нават вывеў крыху перароблены слоган з клясыкі: „Забыць нельга адпомсьціць“ — дзе ставіць коску, кожны вырашыць сам. Наогул я лічу, што апавяданьне павінен прачытаць кожны беларус. Таму я так доўга гэтай справай займаюся і намагаюся давесьці да лягічнага завяршэньня. Будзе крута, калі фільм дасьць у тым ліку імпульс да прачытаньня Быкава», — кажа рэжысэр.
Каб трапіць у пракат, трэба выкупіць залю пад аншляг
Гэта адзін зь нешматлікіх гульнявых фільмаў, які апошнім часам выйшаў па-беларуску. Рэжысэр Валер Панамароў у першай палове 1990-х зьняў мастацкую стужку «На чорных лядах» паводле твору Васіля Быкава. Але гэты фільм не атрымаў пракатнага жыцьця і распаўсюджваўся на касэтах і падобных носьбітах.
У «Народных мсьціўцах» задзейнічаныя прафэсійныя акторы, якія маюць досьвед кіназдымкаў, — Дзьмітры Давідовіч, Арцём Курэнь, Ільля Ясінскі, Канстанцін Воранаў, Аляксандар Вафік, Паліна Дабравольская ды іншыя. Аляксандар Меліхавец задаволены, як яны ўжыліся ў вобразы і захавалі сакавітую мову быкаўскага арыгіналу.
«Усе акторы шмат гадоў працуюць у тэатрах, здымаліся як у нашых фільмах, так і ў расейскіх сэрыялах. Выдатна справіліся з моўнай задачай, бо мова Быкава таксама ж мянялася — у 1990-я яна ўжо больш аўтэнтычная, далейшая ад савецкай беларускай, — кажа рэжысэр. — Арыгінал захаваны цалкам, героі гавораць па-беларуску вельмі арганічна, прыгожа, няма ніякіх хібаў. Дарэчы, уласна гук пацягнуў ледзь не палову бюджэту, таму што ўсё зводзілася на найлепшым абсталяваньні, гэтым займаліся прафэсіяналы».
Для рэалізацыі праекту быў абвешчаны збор сродкаў на «Талацэ», але ў выніку ўдалося назьбіраць толькі 25% патрэбнай сумы, крыху больш за 3000 рублёў. Таму і даводзілася здымаць часткамі, калі зьяўляліся грошы.
«Нешта сваё ўкладаў, недзе пазычаў, — расказвае аўтар. — Тым ня меней, да жніўня фільм быў цалкам гатовы, атрымаў пракатнае пасьведчаньне (катэгорыя 12+). Я марыў пра нармальны вялікі пракат. Але аказалася, што на тых умовах, якія выстаўляюць кінатэатры, гэта папросту немагчыма: за паўнавартасны двухтыднёвы паказ трэба заплаціць 30–40 тысяч даляраў. Такія расцэнкі закладаюць, калі маюць справу, на іх думку, з „заведама стратнымі праектамі“. Іншымі словамі, патрабуюць выкупіць усе месцы ў залі. Абсурд — я сам мушу стварыць аншляг».
Кінатэатры выціскаюць некамэрцыйнае «самаробнае кіно»
Суразмоўца робіць выснову: сёньня беларускаму рэжысэру данесьці кіно гледачу нават цяжэй, чым яго зьняць. І ўжо зусім праблематычна, калі прадукт не прафінансаваны Міністэрствам культуры для «Беларусьфільму», а так званы «самаробны». Пра гэта сьведчыць і нядаўні досьвед рэжысэра Аляксея Туровіча, які так і ня здолеў раскруціць свой «Жоўты пясочак», яшчэ адзін мастацкі фільм паводле апавяданьня Васіля Быкава.
«Яны апрыёры лічаць, што на такое „самаробнае кіно“ ніхто ніколі ня пойдзе, — кажа аўтар „мсьціўцаў“. — Адпаведна, адмаўляюцца браць у пракат на стандартных умовах: дыстрыбутар без аніякай папярэдняй аплаты дае стужку, яна пэўны час круціцца, а потым атрыманыя з гледачоў грошы дзеляцца 50×50. Тут сытуацыя іншая: мяне прымушаюць выкупіць па сярэднім кошце ўсе месцы! Калі, скажам, гэта кінатэатар „Кастрычнік“, то выходзіць 3000 даляраў за кожны сэанс. Дарэчы, я зь дзяцінства туды хаджу і, можа, толькі разы тры на маёй памяці заля была бітком забітая».
Іншая вялікая праблема — мова. Паводле Аляксандра Меліхаўца, у размовах часьцяком даводзіцца чуць, што беларускамоўны фільм — адпачатку пройгрышная ідэя. Тым самым, на яго думку, атрымліваецца зачараванае кола: кінатэатры не бяруць таго, што ім не прынясе прыбытку, а творцы не здымаюць па-беларуску, бо давядзецца пакласьці на паліцу.
«Так, пакуль нічога блокбастэрнага ў беларускім кіно няма. Але ёсьць агромністая аўдыторыя, якая прыхільна ставіцца да беларускай тэмы, да роднай мовы, — перакананы рэжысэр. — Каб яе „актывізаваць“, трэба прапанаваць прадукт — чым больш укласьці, тым больш якасны ён будзе. Плюс данесьці да людзей, бясплатна піярыць ніхто ня будзе. Ну і як існаваць, калі ніхто не дае грошай — ні дзяржава, ні прыватныя інстытуцыі? Дый сярэднестатыстычны глядач разважае: што, яшчэ і за квіток плаціць? Ясна, што пры такім раскладзе беларускага кіно проста ня будзе».
Чаму так мала здымаецца мастацкіх стужак на беларускай мове
Рэжысэр запэўнівае, што ня самы лепшы досьвед супрацы зь дзяржаўнымі ўстановамі не адаб’ецца на ягоным жаданьні прасоўваць беларускае кіно ў масы.
«Чаму я гэтым займаюся? Для мяне дзіўна: ёсьць краіна, жыве пад 10 мільёнаў чалавек — і няма кіно па-беларуску, — кажа ён. — Да чаго гэта вядзе? Ні да чога добрага. Здымаюць кароткамэтражкі, дакумэнтальнае кіно, а гульнявое — не. Пры тым, што рэжысэраў шмат, на нацыянальны конкурс „Лістапад“ падалі блізу 100 заявак. Бо разумеюць: наўрад ці „адаб’еш“ укладзеныя грошы. Я размаўляў з сур’ёзнымі людзьмі, якія даўно ў кінадыстрыбуцыі. Заўсёды пытаньне: „Ну сколько людей говорит на белорусском?“ У галовах людзей устаялася мадэль: нецікава, неактуальна, фінансава немэтазгодна».
Аляксандар Меліхавец кажа, што сваім сьціплым прыкладам намагаецца заахвоціць калегаў — здымаць па-беларуску, а прадусараў, актораў і ўсіх, хто заняты ў кінагаліне — нарэшце зразумець, што сёньняшняя сытуацыя папросту анамальная.
Па яго словах, ужо ўзьнікаюць недзяржаўныя кінакансорцыюмы, якія даюць неблагую візуальную карцінку, але да беларускага прадукту гэта па-ранейшаму ня мае ніякага дачыненьня. Сутнасна пакуль гэта не адрозьніваецца ад таго, што здымаецца ў Цьверы ці Разані.
У гэтым сэнсе прыкладам можа стаць Украіна, якая істотна прагрэсуе ў сфэры нацыянальнага кіно на дзяржаўнай мове, у разьвіцьцё якога пачалі ўкладаць сродкі — і дзяржава, і прыватнікі.
Сэансы мастацкага фільму «Народныя мсьціўцы» ў малой залі КЗ «Менск»:
2 сакавіка (субота): 14:00; 15:15.
3 сакавіка (нядзеля): 14:00; 15:15.
Кошт квіткоў — 10 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм «Жоўты пясочак» паводле Быкава сабраў амаль 2 мільёны праглядаў на YouTube