Як цкуюць у школе пасьля згвалтаваньня. Споведзь праз 18 гадоў пасьля пекла

Ілюстрацыйнае фота

Як цкуюць у школе, калі даведваюцца, што дзяўчына ўжо не цнатлівая? Чым можа быць небясьпечны падлетак, які з розных прычынаў баіцца падзяліцца сваёй бядой? Як часта хлусяць ад бездапаможнасьці?

32-гадовая Алена вырашыла падзяліцца сваёй гісторыяй на ўмовах ананімнасьці, расказаць, што перажывае падлетак, якім жорсткім бывае да яго навакольны сьвет, як цяжка аднавіцца пасьля душэўных і фізычных траўмаў і чаму патрэбная сэксуальная адукацыя. Алена кажа, што падзеі ў Стоўпцах і спрэчная прапанова міліцыі наконт «гінэкалягічных даносаў» падштурхнулі яе падзяліцца сваёй гісторыяй.

У 14 гадоў яе згвалтаваў 18-гадовы адзінаццаціклясьнік, які потым пахваліўся гэтым перад усёй школай, і дзяўчыну пачалі цкаваць. Пагаварыць з маці пра гэта Алена не змагла... Вось яе гранічна шчырая споведзь.

Дэфлярацыя алоўкам для сальфэджыё

У гэтым складана прызнацца дзяўчатам, калі яны не прайшлі доўгія курсы псыхатэрапіі. Я жыла і вучылася ў інтэрнаце для адораных дзяцей. У 13 гадоў я выпадкова дэфляравала сябе алоўкам ад сальфэджыё. У нас не было сэксуальнага выхаваньня, і ўсё, чым мы займаліся, нагадвала, як малпачкі вывучаюць сябе. Мы нічога ня ведалі ні пра межы ва ўласным целе, ні пра межы ўласнага я. Межы былі зь дзяцінства парушаныя, бо мы жылі ў замкнёнай прасторы, у якой кожны дзень дзяўчаты ідуць натоўпам, каб падмыцца, калі адна адной не саромеліся ў прыбіральні. У гэтай навучальнай установе вырастала пакаленьне людзей, якія ня ведаюць сваёй каштоўнасьці, павагі да свайго цела, павагі да сябе.

Ілюстрацыйнае фота

Скажам так, у мяне не магло быць першага мужчыны. Калі мяне пытаюцца, колькі ў мяне было, я адказваю столькі плюс адзін. Што такое плюс адзін? Ты маўчыш, бо ня можаш сказаць, што гэта быў аловак для сальфэджыё. Чаму я пра гэта расказваю? Бо гэта быў пачатак сэксуальнага выхаваньня.

Гэта была маленькая хлусьня, сказаная адной аднаклясьніцы, у выніку для мяне пачалося пекла

Мне прыйшлося пакінуць гэтую навучальную ўстанову з прычыны булінгу з боку пэдагогаў і дзяцей. Я прасіла забраць мяне адтуль у 11 гадоў, на жаль, маці мяне не пачула. Мне было вельмі цяжка знаходзіцца там, мяне ламалі, ціснулі, я хацела ўцякаць. Я была самай малодшай у клясе і была вельмі пасьпяховая ў сваёй спэцыяльнасьці. Я наўмысна не называю інструмэнт. Скажам, цымбалістка. Кожны раз, калі дзяўчаткі і зьдзекаваліся зь мяне, адзінае, што я магла, гэта пайсьці і займацца на сваім інструмэнце. Я добра вучылася, а потым было жаданьне даказаць, што я дарослая. Усе палілі, і я паліла. Я выдумала гісторыю, нібыта ў мяне быў мужчына, калі мне было 13 гадоў. Гэтага не было насамрэч, але я хацела выглядаць старэйшай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць, калі вучні ўцякаюць з дому і пагражаюць забіць? Споведзь настаўніцы

Гэта была маленькая хлусьня, сказаная адной аднаклясьніцы, у выніку для мяне пачалося пекла. Натуральна, яна ўсім расказала, і да мяне зьмянілася стаўленьне пэдагогаў. У цябе ж раньняе полавае жыцьцё? І я кожны раз згадваю аловак для сальфэджыё. Так ці не? Мне прыйшлося перайсьці ў іншую гімназію.

«Працяг пекла ў новай гімназіі»

Мае старыя пэдагогі паведамілі ўсё пра мяне ў новую гімназію. Я хацела пачаць новае жыцьцё, а атрымаўся працяг пекла. Там зь мяне таксама зьдзекаваліся. Я пайшла да школьнага псыхоляга, а ён даваў мне сушкі з варэньнем замест таго, каб разьбірацца ў маіх траўмах. Калі на цябе павесілі ярлык, што ты дрэнны чалавек, у выніку ты становісься дрэнным чалавекам. Пра мяне кажуць гадасьці, дык я іх і зраблю...

Мая маці была ў зацяжной дэпрэсіі і не магла мяне абараніць. Раней я лічыла гэта здрадай з боку маці, цяпер я разумею, што яна ня ведала, што рабіць. Нас ня вучаць, як абараняць дзяцей, ад чаго абараняць. Нас вучаць ціснуць і дрэсіраваць. Дрэсіроўка — гэта калі кажуць, вось гэта нельга, а то атрымаеш. А выхаваньне — гэта калі даюць права выбару і кажуць, што выбар у цябе ёсьць заўсёды, але ты будзеш несьці за яго адказнасьць.

Мама, якую бацькі ў дзяцінстве білі папругай, ніколі на мяне руку не падымала, але яна ня ведала, як рабіць па-іншаму, і таму ўвогуле нічога не рабіла. Яна вырашыла не прычыняць мне фізычнага болю, але нічога і не рабіць. Гэта ня самы слушны падыход.

«Раніцай я прачнулася шлюхай»

Бабуля захварэла, і мама паехала да яе дапамагаць. У нас была нейкая тусоўка ў маім камунальным пакоі. Аднаклясьнікі запрасілі «хакеіста» з 11 клясы. А я тады была ў 8 клясе. Мы пілі гарэлку. Я вельмі шмат выпіла і заснула. Калі ўсе сышлі, я прачнулася ад таго, што мяне нешта моцна штурхае. Гэта быў хлопчык з 11 клясы, які займаўся сэксам з абсалютна вырубленым чалавекам. Я яго адштурхнула. Мяне званітавала кукурузай.

Ілюстрацыйнае фота

Раніцай я прачнулася шлюхай. Хлопчыкі ж ня будуць расказаць: «О, я вырашыў скарыстацца п’яным целам», яны расказваюць пра свае баявыя заслугі, яшчэ адну зорачку намалёўваюць сабе на самалёце. Нават свастыку, я бы сказала. Хлопчыкі таксама ня маюць сэксуальнага выхаваньня. Іх ня вучаць, што нельга браць пʼянае цела дзіцёнка, нельга пасьля таго расказваць пра тое, што ты зрабіў.

Мяне пачалі цкаваць. Гэта было больш чым страх сьмерці. Найбольшы страх чалавека — гэта страх перад грамадзкім меркаваньнем. Людзі настолькі баяцца, што зь імі спыняць кантактаваць, баяцца байкоту, асуджэньня. Многія людзі жывуць у хлусьні толькі са страху, што нехта штосьці скажа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А можа ўзрост полавай згоды падняць да сарака гадоў?

Я сутыкнулася з тым, што мяне ігнаравалі, прыніжалі, абясцэньвалі ва ўсім, заніжалі адзнакі, абражалі. Мне засыпалі шалупіньне ад семак у сумку. Гэта яны рабілі не таму, што гэта весела, а таму, што яны маглі гэта зрабіць. Я доўга задавала сабе пытаньне, чаму людзі гвалцяць, бʼюць, крадуць, прыніжаюць і абясцэньваюць. І прыйшла да высновы — таму, што яны так могуць рабіць.

«Усё, што адбываецца без тваёй згоды — гэта гвалт»

11 красавіка памерла мая бабуля. А згвалтаваньне адбылося 7 красавіка 2001 году. Я не магла расказаць маці, што адбываецца, бо ёй і так было вельмі цяжка. У мяне былі дзёньнікі, у якія я ўсё запісвала. Мама празь некалькі гадоў прачытала і пачала крычаць. І я крычала, чаму яна чытае мой дзёньнік, бо гэта маё прыватнае жыцьцё.

Мэтадам спробаў і памылак я знаходзіла для сябе адказы, дзе мае межы майго цела, чаму сэкс — гэта добра, а гвалт — гэта дрэнна. Усё, што адбываецца без тваёй згоды, — гэта гвалт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як абараніцца ад школьніка з нажом. Забойства ў Стоўпцах вачыма настаўніцы, псыхоляга і пісьменьніцы

Мы ўсе — маленькія дзеці ў пастарэлых целах. А ў школах натоўп дзяўчынак у пастарэлых целах, якія ня ведаюць, як сябе паводзіць. Іх выдрэсіравалі, што сэкс — гэта дрэнна, таму трэба прыніжаць чалавека, пра якога расказалі, што ён займаўся сэксам. Іх выдрэсіравалі на тое, каб прыніжаць і абясцэньваць.

Замест таго, каб браць на сябе адказнасьць і працягнуць руку дзецям, большая частка калектываў у школах і дагэтуль заснаваная выключна на булінгу. У іх няма добрай псыхалягічнай адукацыі, іх да дзяцей увогуле пускаць нельга. Каб адкрываць школы і займацца дзецьмі, трэба, як мінімум, быць неверагодна адукаваным у псыхалягічнай сфэры, у тым ліку і ў сэксуальным навучаньні. Трэба разумець, чаму нельга дзяўчатак называць шалавамі ці шлюхамі.

«У мяне былі спробы суіцыду»

Ілюстрацыйнае фота.

Мне ніхто не дапамагаў. Я была абсалютна адна. Тое, чаго людзі страшна баяцца, я ўжо пражыла ў юным узросьце. Гэта страшна загартоўвае. Табе ўводзяць вірус, зь якім ты спраўляесься ці не. Мне давялося прайсьці 15 гадоў далейшага жыцьця, каб зразумець, што адзінота — гэта вельмі клясна. Мне спатрэбілася 15 гадоў, каб прыняць сябе і свае ўчынкі. Самае галоўнае было — зразумець, што ты ня дрэнная. Увесь гэты час у мяне ўбівалі, што я нікчэмнасьць і лайно, якое павінна здохнуць. І ў мяне былі спробы суіцыду. Калі цябе зьнішчаюць, значыць, ты камусьці перашкаджаеш, значыць, я — дрэнная, і трэба памерці...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне будуць караць за булінг. Тлумачым, што гэта

Я амаль перастала хадзіць у школу. Гэта ня быў афіцыйны экстэрн, але ў прынцыпе я ўсё здавала экстэрнам. Калі на мяне пачалі ціснуць ацэнкамі, я пачала бунтаваць... Мяне давялі да псыхозу. Калі мы гаворым пра школьнікаў, якія страляюць ці забіваюць, то мы кажам: «Які жах, як яго дрэнна выхавалі!» А амаль у кожным забойцы насамрэч вінаватае грамадзтва. Забойцамі не нараджаюцца, забойцаў выхоўваюць, калі мы ня кажам пра генэтычную мутацыю, калі чалавек нарадзіўся з пэўнымі псыхічнымі хваробамі. Усе астатнія пакутуюць са сваім болем.

Я не віню, што мне не працягнулі руку дапамогі. Дакладна ж нехта ведаў, што гэта было па пʼянцы. Няўжо ні ў каго не зьявілася думка, што мой сябар зрабіў вельмі дрэнную рэч. Лягчэй пасьмяяцца, нават калі і закралася думка, што, блін, ён жа яе згвалціў. Той хлопец з 11-й клясы быў добрым хакеістам, зь ім выгадна было сябраваць. Калі ты нешта добра робіш, табе даруюць усё. Калі ты дамінанта, альфа, ты можаш рабіць што заўгодна...

«Постсавецкая прастора жыве па законах ГУЛАГу, дзе дзяўчынка заўсёды вінаватая»

Хлопчыкаў да гінэколягаў не павядуць

Мяне вельмі ўзрушыла навіна пра прапанову міліцыі, каб лекары паведамлялі пра полавае жыцьцё беларусак да 16 гадоў. Хаця потым улады запэўнілі, што так ня будзе, тым ня менш гэта прымушае задумвацца. Кожная дзяўчына мае права на сваё інтымнае жыцьцё, яна не абавязаная пра гэта расказваць ні маме, ні тату, ні міліцыі. Я б наўрад ці расказала гэтую гісторыю, калі б не прайшла свой шлях, калі б не захацела расказаць пра тое, як рабіць нельга. Міліцыя заточаная на тое, каб дапытваць і знаходзіць злачынцу, яна не навучаная мяккім мэтодыкам псыхолягаў. Гэта найперш праца прафэсійных псыхолягаў са стажам, якія ведаюць, як можна пагаварыць з чалавекам, ня робячы яму новую траўму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сэкс — дзяржаватворчы». Рэпартаж з польскай школы сэкс-адукацыі

Мы зьбіраем траўмы па жыцьці як грыбы. Гэта страшны боль, і навошта яго множыць. Міліцыя ня можа, у прынцыпе, займацца тым, каб ім расказвалі, хто зь кім спаў, ці быў сэкс. Законныя прадстаўнікі — гэта бацькі, і ім трэба наладжваць кантакт зь дзецьмі. Хлопчыкаў да гінэколягаў не павядуць. Яны могуць працягваць займацца мастурбацыяй, сэксам, ім ніхто нічога ня скажа.

Постсавецкая прастора жыве па законах зоны, ГУЛАГу, дзе дзяўчынцы нельга рабіць прыемна, дзе яна заўсёды вінаватая, а хлопчык можа зрабіць і тое, і гэтае. Шмат зонаўскіх забабонаў у адносінах да сэксу... Гіпатэтычна мы можам атрымаць адно цкаваньне за другім. Найперш, чым прымаць правілы такога характару, трэба даведацца пра кампэтэнцыі, бо ні ў пэдагогаў, ні ў міліцыі няма кампэтэнцыі займацца такой справай.

Што дапамагло пазбавіцца ад траўмы

Усё пачынаецца з праўды. Калі прыходзіце да псыхатэрапэўта, то першы год вас будуць вучыць гаварыць шчыра, не абвінавачваючы нікога, успамінаць, што было і што адчувалі. Мне гэта дапамагло. Патрэбны час. Трэба прызнаць сваё бясьсільле. Чалавек выдумвае свой вобраз, які не супадае з рэальнасьцю, каб адпавядаць чаканьням грамадзтва. Мы ўсе жывем у выдуманых сьветах, а робім усё зусім па-іншаму. Каб быць самой з сабой шчырай, у маім выпадку трэба было прайсьці праз страшны псыхалягічны боль, цкаваньне і самыя розныя ўчынкі. Калі ты разумееш, што ты сам ня можаш сабе дапамагчы, пачынаецца шлях да выздараўленьня і ты зьвяртаесься да спэцыяліста. Гэта доўгі і складаны шлях.

***

Калі вы былі ахвярай цкаваньня, раскажыце сваю гісторыю. Напісаць можна Ганьне Соўсь на адрас @sousa@rferl.org.