Кітайцы гатовыя пабудаваць у Менску Нацыянальны футбольны стадыён, але хочуць гарантый у выглядзе заканадаўчага акту.
У Палату прадстаўнікоў з ураду паступіў законапраект «Аб ратыфікацыі Дамовы паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб рэалізацыі праекту тэхнічна-эканамічнай дапамогі „Нацыянальны футбольны стадыён“».
У суправаджальнай запісцы дэпутатаў просяць падрыхтаваць гэты дакумэнт да ратыфікацыі і разгледзець яго на веснавой сэсіі, якая пачнецца 2 красавіка.
На пасяджэньні камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы, якая рыхтуе законапраект, міністар эканомікі Дзьмітры Круты падкрэсьліў, што «будаўніцтва вялікага футбольнага стадыёну дазволіць праводзіць у Менску буйныя спаборніцтвы і будзе садзейнічаць умацаваньню беларуска-кітайскіх дачыненьняў».
Камісія выказалася за ратыфікацыю пагадненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія горкі, лад жыцьця, эрас, эмоцыі... Як становяцца спартовымі заўзятаркаміКітайцы хочуць гарантый
Прынцыповая згода на будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёну была дасягнутая 10 чэрвеня 2018 году ў рамках сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Кітаю ў горадзе Ціндао. Праз чатыры месяцы ўрады падпісалі адмысловае пагадненьне.
Аднак кітайскі бок настаяў на тым, каб дакумэнт абавязкова быў ратыфікаваны парлямэнтамі, то бок набыў сілу закону.
Экспэрт па краінах Азіі Яўген Красулін адзначыў у інтэрвію Свабодзе, што Кітай апошнім часам пачаў абстаўляць свае інвэстыцыі пэўнымі ўмовамі:
«Кітай укладаў шмат грошай у краіны Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі. І неаднойчы ён сустракаўся з тым, што некаторыя зь іх не маглі даць аддачу. Напрыклад, дагэтуль ня могуць вярнуць кітайскія крэдыты ў вялікіх памерах Зымбабвэ і Вэнэсуэла. І Пэкіну нічога не заставалася, як сьпісваць гэтыя грошы сабе на страту».
«Таму кітайцы адкарэктавалі сваю інвэстыцыйную палітыку. Канечне, яны жадаюць быць паўсюль. Але пры гэтым кітайцы ня хочуць ператварацца ў спонсараў, якія проста раздаюць грошы. Таму свае новыя праекты, у тым ліку і беларускі, яны ставяць на падмурак, які, з пункту гледжаньня кітайцаў, можа гарантаваць ім вяртаньне (поўнае ці частковае) сваіх грошай. Вось чаму ім і патрэбны закон», — кажа экспэрт.
«Стадыённая дыпляматыя» Кітаю
Будаваць стадыёны за мяжой Кітай пачаў яшчэ больш як 50 гадоў таму. За гэты час на гэта выдаткавана звыш 40 мільярдаў даляраў. Пераважна спартовыя аб’екты ўзводзіліся ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі.
У гэтым кантэксьце нават зьявілася такое паняцьце, як «стадыённая дыпляматыя». Аналітыкі бачаць у такой дзейнасьці прасоўваньне кітайскіх інтарэсаў у іншыя краіны і атрыманьне выгод у будучыні.
Нацыянальны футбольны стадыён плянуюць пабудаваць на вуліцы Ванеева, каля цяперашняга стадыёну «Трактар». Раней Аляксандар Лукашэнка казаў, што ён будзе ўмяшчаць удвая больш заўзятараў, чым цяперашні менскі стадыён «Дынама», які разьлічаны на 22 тысячы чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 6000 новых ложкаў і гімнастычныя дываны за 167000$. Што выйграюць ад Эўрагульняў студэнты і спартоўцыНа дадатак яшчэ і басэйн
Аналягічная сытуацыя і яшчэ з адной спартовай пабудовай — басэйнам, які адпавядае міжнародным стандартам. Яго таксама зьбіраюцца ўзводзіць у Менску (непадалёк ад станцыі мэтро «Маладзёжная») кітайцы. Праект ратыфікацыі дамовы аб басэйне таксама знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў.
Папярэднія разьлікі паказваюць, што на будоўлю стадыёна і басэйна неабходна каля 180 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Арт Сядзіба» і Symbal.by спынілі супрацу зь Беларускай фэдэрацыяй футболу празь бел-чырвона-белыя сьцягі