Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арт Сядзіба» і Symbal.by спынілі супрацу зь Беларускай фэдэрацыяй футболу празь бел-чырвона-белыя сьцягі


Павал Белавус падчас прэзэнтацыі новай формы зборнай Беларусі па футболе ў верасьні 2018 году
Павал Белавус падчас прэзэнтацыі новай формы зборнай Беларусі па футболе ў верасьні 2018 году

Заснавальнік «Арт Сядзібы» і дырэктар крамы Symbal.by Павал Белавус у вялікім інтэрвію заявіў, што яны перапынілі супрацу зь Беларускай фэдэрацыяй футболу (АБФФ). Прычына — на матчы не пускаюць заўзятараў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

«Арт Сядзіба» і Symbal.by былі партнэрамі АБФФ у распрацоўцы і прэзэнтацыі новай формы нацыянальнай зборнай, якую паказалі ў верасьні 2018 году.

​«Калі задумваўся новы дызайн формы, да нас зьвярнуліся з прапановай. Маўляў, ёсьць арнамэнт, але форме не хапае чагосьці, накшталт арнамэнтарнага шрыфту», — сказаў Белавус.

Пасьля гэтай прапановы бізнэсовец знайшоў некалькіх дызайнэраў, разам зь якімі распрацаваў шрыфт.

«На першым матчы Лігі Нацый нашы лёга — „Арт Сядзібы“ і Symbal.by — былі прадстаўленыя на новым стадыёне „Дынама“. Разам з тым на гэты матч не пусьцілі людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, забіралі гэтыя сьцягі, выводзілі людзей».

Павал Белавус лічыць, што старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Румас, ён жа прэм’ер-міністар Беларусі, можа вырашыць гэтае пытаньне.

«Я ім пішу і кажу: „Не, хлопцы, так ня пойдзе. Вы ведалі, што мы бел-чырвона-белыя. І мы супрацоўнічалі з вамі, каб паказаць, што бел-чырвона-белыя і чырвона-зялёныя могуць быць разам і сумесна рабіць нешта важнае“. Але пакуль у фэдэрацыі адказалі, што міліцыя асобна, фэдэрацыя асобна. І яны ніяк ня могуць паўплываць на тое, як паводзіць сябе міліцыя, хоць ім і самім гэта не падабаецца».

Таму «Арт Сядзіба» і Symbal.by вырашылі спыніць супрацоўніцтва з АБФФ, «пакуль ёсьць такое перадузятае стаўленьне».

«Яны на нас пакрыўдзіліся за тое, што мы пачалі пісаць, якія яны дрэнныя. Маўляў, ня трэба гэта ўсё выносіць у публічную прастору, і ўсё зьменіцца паступова. І мы на іх пакрыўдзіліся», — сказаў Белавус.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG