У эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода Насьця Рыбка расказала пра сувязі зь беларускімі чыноўнікамі і тайляндзкую турму, а таксама агучыла пляны на вялікую палітыку.
Месяц таму Анастасію Вашукевіч (больш вядомую як Насьця Рыбка) і Алекса Лесьлі (Аляксея Кірылава) вызвалілі з тайляндзкай турмы. Па прылёце ў Расею іх затрымалі, а празь некалькі дзён адпусьцілі. Пра гэтую справу асабіста выказваўся Аляксандр Лукашэнка. Цяпер Насьця знаходзіцца ў Маскве, у Беларусь пакуль не зьбіраецца, таму што «ня раілі падчас допытаў у ФСБ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насьця Рыбка чакае «цікавую размову» пасьля прыезду ў БеларусьВашукевіч стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага аб магчымых карупцыйных сувязях мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі. Свабода распытала яе пра тайляндзкую турму, беларускіх чыноўнікаў і пляны на вялікую палітыку.
«Нават Лукашэнка пра мяне выказваўся»
— Ці пасьпелі вы пабываць у Беларусі пасьля вызваленьня або, можа, зьбіраецеся ў найбліжэйшы час?
— Расейскае ФСБ настойліва раіла мне ў Беларусь пакуль не езьдзіць. Чаму — ня ведаю. Я ня чула, каб у Беларусі на мяне была заведзеная нейкая справа. Здаецца, ні ў якіх базах мяне няма. Нават прэзыдэнт выказваўся на маю карысьць, што трэба адпусьціць, вызваліць.
— Для вас стала нечаканасьцю, што асабіста Лукашэнка ўмяшаўся ў вашую справу?
— Я чакала нейкай пратэкцыі, у Беларусі ў мяне шмат сяброў. Але каб прэзыдэнт асабіста выказаўся, я не чакала, вядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнку Рыбка. Тлумачыць палітоляг— Можа, міліцыя або іншыя сілавікі прыходзілі да вашых сваякоў у Беларусі?
— Не, я пра гэта нічога не чула.
— Ці думалі вы, знаходзячыся ў турме, што, каб Аляксей Навальны не заўважыў таго відэа зь яхты, нічога б увогуле не было. Можа, шкадавалі, што вакол столькі шуміхі?..
— Шуміха мяне ў нейкай ступені выратавала. Невядома, што б было, калі б шуміхі вакол мяне не было. А ўся гэтая гісторыя зь яхтай... гэта было настолькі даўно, я настолькі зжыліся з гэтай гісторыяй, што цяжка ўявіць, як было б, калі «адкаціць» падзеі назад.
— З моманту вызваленьня прайшоў ужо месяц. Ці пасьпелі вярнуцца да звыклага жыцьця?
— Чалавек вельмі хутка забывае дрэннае і прывыкае да добрага. Быў клясны пэрыяд, адразу пасьля выхаду з турмы, калі ты ўсяму радуесься, усё вакол выклікае шчанячае захапленьне. Цяпер гэта пачуцьцё ўжо прытупляецца, пачынаеш прывыкаць да камфорту, да ванны той жа. А хочацца, каб гэтае пачуцьцё захапленьня даўжэй пратрымалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разварушыла асінае гняздо». Якой памятаюць у Бабруйску Насьцю Рыбку— Пасьля вызваленьня ў Маскве ці чуваць нешта з вашай крымінальнай справай, ці праходзяць допыты?
— Двойчы выклікалі на допыт. Потым сьледчы казаў, што трэба прыйсьці, але за дзень адмяніў сустрэчу. Пасьля гэтага больш не тэлефанавалі.
— Афіцыйныя беларускія ўлады неяк з вамі зьвязваліся?
— Калі я выйшла з ІЧУ ў Расеі, беларускі консул хацеў са мной сустрэцца. Але я выйшла ў такім стане, што мне было ні да кога. Я дзесяць дзён сядзела дома, ні з кім ня мела кантактаў.
«У камэры сядзяць па 50-70 чалавек»
— Ці можаце апісаць адзін дзень у тайляндзкай турме?
— Ёсьць дзьве турмы: іміграцыйная турма і пастаянная, у такой мы знаходзіліся ў Патаі. У камэры ад 50 да 70 чалавек. Месца для сну — паўмэтра. Калі атрымаецца сагнуць ногі — добра. Сьпяць усе, як аладкі, — адна на адной. Кормяць рысам зь нейкімі рыбнымі косткамі, есьці гэта нельга. Там можна набыць ежу, замовіць. Нам там клалі на рахунак грошы, і мы ежу замаўлялі. Расейскі консул нам дапамог, і ў турме зьявіліся кнігі, стала прасьцей. Таму што ў чатыры гадзіны дня цябе заганяюць у пакой — і да 9 вечара, да адбою, ты альбо глядзіш у акно, альбо тайляндзкую тэлевізію. Але ў акно ўвесь час глядзець не атрымаецца, таму што стаяць і хадзіць у камэры нельга. Вельмі цісьне адчуваньне сьценаў, вялікая колькасьць людзей, якія гавораць на незразумелай табе мове.
Стаўленьне як да людзей другога гатунку. Трэба пакланіцца камандору, для нас гэта незразумела, мы ня можам прыняць гэтую культуру. За кошт гэтага было вельмі шмат канфліктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спрачалася з ахоўнікамі». У тайляндзкай турме паскардзіліся на Насьцю Рыбку— У вас ёсьць дзьве кнігі ўжо, можа, пасьля ўсіх гэтых падзей захочаце напісаць трэцюю?
— Я яе ўжо цяпер пішу — пра тайляндзкую турму. Хачу паказаць, як там людзі жывуць. Я гляджу, што гэта цікава і выклікае водгук. Нейкія рэчы для сябе хачу запомніць. Гэты жыцьцёвы досьвед, якім бы ён ні быў, патрэбны. Там было шмат розных рэчаў, адкрыцьцяў. Мы сядзелі там, як у манастыры, ледзь не з зарокам маўчаньня. У нас у жаночай зоне было 600 чалавек, прыходзілі на візыт напэўна да ста. Калі ты трапляеш у турму, адварочваюцца людзі. Людзям не зразумець, наколькі важна хаця б ліст напісаць. І я разумею, чаму так. Людзі не разумеюць, якія там патрэбы, што неабходна.
«У Расеі мяне затрымалі незаконна»
— Пасьля Тайлянду вас зьбіраліся дэпартаваць у Беларусь, вы сапраўды зьбіраліся ў Менск?
— У мяне была дэпартацыя, паводле правілаў пашпарт мне мусілі аддаць у аэрапорце ў Менску. Мяне ня мелі права ў Маскве там тармазіць. Мой пашпарт забралі ў самалёце і самі паставілі штамп, што я прайшла мяжу. Ёсьць жа цуда-відэа, як мяне цягнулі на тэрыторыю Расеі. У Расеі мяне пакуль не чапаюць, не садзяць, таму буду цяпер тут. Думаць над нейкімі чарговымі пералётамі пакуль не хачу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзерыпаска запатрабаваў прымусова спагнаць з Рыбкі і Лесьлі каля 15 тысяч даляраў— З Алексам Лесьлі ў вас не сапсаваліся адносіны пасьля ўсёй гэтай гісторыі?
— Я яму ўдзячная за многае, ён мяне вельмі моцна падтрымліваў там. У яго цяпер свой праект нейкі, я іншым займаюся. Ён не зусім гэта ўхваляе, лічыць, што гэта для мяне дробна. А мне вельмі хочацца самой нешта вырашаць. Пасьля турмы, пасьля ўсіх гэтых падзеяў, якія прайшла. Хочацца быць незалежнай ня толькі ад Алекса Лесьлі, гэта ўсіх тычыцца.
Вакол мяне цяпер людзі, якія цалкам падтрымліваюць, ня лезуць з парадамі ў асабістыя рашэньні. А Алексу гэта цяжка, ён мой настаўнік, бацька ў нейкім сэнсе. Але мы кантактуем, ня тое каб мы ў сварцы.
— Шмат вядома пра вашыя стасункі з расейскімі алігархамі і чыноўнікамі, а што наконт беларускіх?
— Мне даводзілася зь імі знаёміцца, у мяне шмат сяброў. Але гэта сяброўскія дачыненьні, яны дапамагаюць мне і цяпер.
«Зьбіраюся ў палітыку»
— Ці не думалі, пасьля ўсёй гісторыі з алігархамі, чыноўнікамі, заняцца палітыкай?
— Пакуль я гляджу, аналізую, чытаю біяграфіі цікавых людзей. На палітоляга я не цягну.
— А ўзяць удзел, напрыклад, у выбарах прэзыдэнта ў Беларусі?
— Усё можа быць. Я цяпер разьвіваю кампанію дапамогі людзям, якія захрасьлі ў іншых краінах. З жывёламі ў мяне быў досьвед працы, гэта быў прытулак, дзе іх дрэнна даглядалі, я спрабавала выправіць гэта. Мне здаецца, што я магу дапамагаць. А для чаго яшчэ гэтыя падпісчыкі ў сацсетках, калі нікому не дапамагаць? Грашыма мяне не сапсуеш, іх было і вельмі шмат, і вельмі мала. Так што ў палітыку, я думаю, я калі-небудзь пайду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага— У беларускую або расейскую палітыку?
— Ды ня важна. У Расеі шырэйшы ахоп, але зь ім трэба ўмець справіцца. Але мне цікава; калі кожны будзе імкнуцца дапамагаць людзям, усё будзе ідэальна.
— А хто з палітыкаў больш за ўсё падабаецца?
— Пакуль не магу назваць, таму што з маім імем шмат бруду зьвязана і калі я пачынаю кагосьці вылучаць...
— А калі з гісторыі?
— Тады Ўінстан Чэрчыль. У чалавека быў доўгі шлях...
Хто такая Насьця Рыбка і чаму мы пра гэта пішам?
28-гадовая грамадзянка Беларусі Насьця Рыбка (Вашукевіч) стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.
Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.
«У Беларусь я больш ні нагой». 10 фрагмэнтаў з кнігі Насьці Рыбкі
У канцы лютага 2018 году Вашукевіч і яшчэ 7 чалавек затрымалі ў Патаі. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. У студзені 2019-га затрыманым прысудзілі ўмоўны тэрмін і дэпартацыю.
17 студзеня чатырох дэпартаваных затрымалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева. Гэта грамадзяне Беларусі Анастасія Вашукевіч, Андрэй Жэшка, ураджэнец Беларусі Аляксандр Кірылаў (галоўны арганізатар сэкс-трэнінгаў) і грамадзянка Расеі Марыя Жарко. Паводле жонкі Кірылава Крысьціны, затрыманым інкрымінуюць уцягваньне ў заняткі прастытуцыяй (ч. 2 арт. 240 КК РФ).
Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага
22 студзеня Аляксандар Лукашэнка загадаў «тэрмінова заняцца» вызваленьнем Вашукевіч, пасьля яе і Кірылава вызвалілі пад падпіску аб яўцы.