Лукашэнка раней казаў пра сябе і Пуціна: «Мы заўтра можам аб’яднацца. Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы — пытаньне». Мінуў тыдзень, Лукашэнка ўжо засьцерагаў ад страты сувэрэнітэту і фэадальнага прыгнёту.
У інтэрвію Віетнамскай тэлевізіі і кітайскім тэлеканалам 24 лютага міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў адказаў на пытаньне аб тым, ці гатовая Расея да «аб’яднаньня» дзяржаваў, аб магчымасьці якога нядаўна казаў Аляксандар Лукашэнка. Стэнаграму інтэрвію прыводзіць расейскае МЗС
«Вакол гэтага пытаньня занадта шмат эмоцыяў, — казаў Лаўроў пра магчымасьць аб’яднаньня Беларусі і Расеі. — Журналісты многае дадумваюць і дапісваюць.
У нас вельмі простая пазыцыя, і яна падзяляецца прэзыдэнтам Беларусі Лукашэнкам. Ёсьць дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. У ёй выкладзеныя тыя дамоўленасьці, якія былі пакладзеныя ў аснову Саюзнай дзяржавы. Яны датычацца ўзаемадзеяньня ў эканоміцы, фінансах, у сфэры палітычнай і зьнешнепалітычнай каардынацыі.
У сьнежні было прынятае рашэньне стварыць рабочую групу, якая цяпер функцыянуе. Яна павінна паглядзець, наколькі дамоўленасьці той эпохі на сёньняшні дзень выкананыя, і што патрабуецца зрабіць, улічваючы сучасны стан разьвіцьця Расеі і Беларусі. Роўна пра гэта і ідзе гаворка.
Таму мы гатовыя працягваць супрацоўніцтва настолькі, наколькі гатовая гэта рабіць сама Беларусь. Мабыць, з гэтага ж зыходзіць і беларускі бок. Значыць, мы дамовімся аб нечым. Я ўпэўнены ў гэтым».
Ці дамовіліся аб нечым кіраўнікі Беларусі і Расеі, невядома. Пасьля сэрыі сустрэчаў Пуціна і Лукашэнкі ў мінулым годзе сапраўды былі створаныя рабочыя групы па «разьвіцьці інтэграцыі», але пра іншыя істотныя рашэньні Лукашэнкі і Пуціна не паведамлялася, як не паведамлялася і пра істотныя вынікі працы групаў. На нядаўняй сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, як сьцьвярджаў першы, не абмяркоўваліся ні сувэрэнітэт, ні расейскі падатковы манэўр, зь якога пачаліся пытаньні пра сувэрэнітэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін думае пра Беларусь? Новы курс Масквы — «даціснуць беларускага партнэра», — КласкоўскіЛукашэнка гатовы да яднаньня і бізуноў
«Навошта нам падымаць пытаньні сувэрэнітэту Беларусі і Расеі? — пытаў Лукашэнка пасьля сустрэчы з Пуціным 15 лютага. — Гэта ікона, гэта сьвятое. Няма ў нас праблемы сувэрэнітэту. Мы нават у гэтым кантэксьце не абмяркоўваем гэтыя праблемы».
Пры тым ён, зьвяртаючыся да журналіста, таксама заявіў, што «мы гатовыя настолькі ісьці далёка ў яднаньні-аб’яднаньні нашых высілкаў, дзяржаваў і народаў, наколькі вы гатовыя»:
«Слухайце, мы заўтра можам аб’яднацца, у нас праблемаў няма, — казаў Лукашэнка, верагодна, пра сябе і Пуціна. — Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы, на гэта — пытаньне. Таму гэта вам трэба адрасаваць пытаньне да сябе. Наколькі вы гатовыя, настолькі мы і будзем выконваць вашую волю. А калі не гатовыя, якая б ні была магутная і велізарная Расея, яна сёньня ня ў стане навязаць камусьці волю. Тым больш мы, нам гэта і ня трэба.
Таму рыхтуйцеся вы. У сваёй сьвядомасьці, у сваіх паводзінах, мэты стаўце перад сабой. Я маю на ўвазе народы Расеі і Беларусі. А мы будзем іх рэалізоўваць. Мы вашыя слугі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Лукашэнка паверне ад Расеі, народ не зразумее». Вялікае інтэрвію першага прэзыдэнта ЎкраіныПраўда, 22 лютага перад выкладчыкамі і студэнтамі беларускай Вайсковай акадэміі Лукашэнка пераконваў, што сувэрэнітэт губляць нельга.
«Калі толькі мы дэстабілізуем нашую краіну — яна камусьці дастанецца, мы зноў пойдзем пад бізун, як у народзе кажуць, нас будуць цягаць бізуном, — казаў ён. — Добра, нас: мы гэта заслужылі, калі мы да гэтага давялі. А дзеці за што будуць пакутаваць?»
Ён таксама адзначаў, што Беларусі цяжка канкураваць з усясьветнымі дзяржавамі, якія «забясьпечваюць сябе прыроднымі рэсурсамі», а адставаць ад іх нельга, іначай «будзем чыёйсьці правінцыяй», таму патрэбныя новыя тэхналёгіі і крыніцы энэргіі.
«Калі мы адстанем — мы загінем, — заявіў Лукашэнка. — Таму патрэбная стабільнасьць. І ўвесь час трэба працаваць, увесь час трэба бегчы, каб ад гэтых „монстраў“ не адстаць, бо яны нас адной рукой прыхопяць, і будзем мы зноў парабкамі ў якім-небудзь Вялікім княстве Літоўскім або Рэчы Паспалітай. Ня хочацца, асабліва для дзяцей, асабліва калі ўжо мы і вы адчулі, што такое сувэрэнітэт і незалежная дзяржава».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў незалежнасьць галоўным дасягненьнем і засьцярог ад перапісваньня гісторыіМагчымую страту сувэрэнітэту Лукашэнка ў мінулым сьнежні зьвязаў з расейскімі прапановамі па інтэграцыі, агучанымі ў час абмеркаваньня расейскага падатковага манэўру:
«Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі, — казаў Лукашэнка. — Я заўсёды пытаю: такія рэчы ў імя чаго робяцца? Вы падумалі пра наступствы? Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краіне, і міжнародная супольнасьць? Ня кіем, дык палкаю інкарпаруюць краіну ў склад іншай краіны».
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.