Вэнэсуэльская Нацыянальная гвардыя ўжыла сьлезацечны газ супраць дэманстрантаў на мяжы з Калюмбіяй. Пратэстоўцы спрабавалі разабраць барыкады на мосьце праз раку, што аддзяляе памежны горад ад Калюмбіі. Пра гэта паведамляе газэта The Washington Post.
На калюмбійскім баку мяжы разьмешчаны горад Кукута, у якім складзіраваная частка гуманітарнай дапамогі, накіраванай ЗША жыхарам Вэнэсуэлы. За яе дастаўку ў краіну выступае апазыцыйны лідэр Хуан Гуайдо, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам рэспублікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэнэсуэла закрывае памежныя пераходы з КалюмбіяйПрэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура, легітымнасьць якога не прызнаюць многія краіны сьвету, распарадзіўся перакрыць мяжу з Калюмбіяй і Бразыліяй і выступае супраць дастаўкі гуманітарнай дапамогі з ЗША. Ён заяўляе, што груз можа стаць сродкам для зьмены ўлады ў краіне.
Прыхільнікі вэнэсуэльскай апазыцыі, як чакаецца, паспрабуюць перасекчы мяжу з Калюмбіяй і Бразыліяй з гуманітарнай дапамогай. Раніцай у суботу камандаваньне ўзброеных сіл заявіла, што на загад Мадура на мяжы з Калюмбіяй разьмяшчаюцца войскі, «каб абараняць мір і бясьпеку народа праз закрыцьцё мяжы». Улады Калюмбіі паведамілі, што трое салдат Нацыянальнай гвардыі Вэнэсуэлы дэзэртыравалі праз памежны мост і папрасілі дапамогі ў Калюмбіі.