Падзеньне нават большае, чым прагназавала Свабода. Хаця бывала і горш.
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас агучыў на паседжаньні Савету міністраў статыстыку па заробках за студзень 2019 году: сярэдні налічаны заробак склаў 982 рублі.
Як заявіў Румас, гэта, «у прынцыпе, знаходзіцца ў межах прагнозу ўраду». Але гэта ніжэй за прагноз, які рабіла Свабода на падставе падзеньня заробкаў у мінулых гадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сярэдні заробак у самым багатым раёне Беларусі падскочыў на 40% за месяцСтудзеньскія 982 рублі — гэта 455,18 даляра паводле сярэдняга курсу Нацбанку за студзень.
У сьнежні ж было 1115,3 рубля — на сьнежань гэта было 523,17 даляра.
Студзеньскія заробкі ў беларускай статыстыцы звычайна ніжэйшыя за сьнежаньскія — магчыма, таму, што ў сьнежні ўлічваюць гадавыя прэміі, якія даюць некаторым работнікам.
Цяпер сярэдні заробак упаў у рублях на 13,57%, у даляравым эквіваленце на 13,0%. У сярэднім за папярэднія пяць гадоў заробак падаў у далярах са сьнежня да студзеня на 16,84%, але калі адкінуць «крызісныя» гады (2014/15 і 2015/16), то сярэдняе падзеньне ў «звычайных» умовах складала каля 10%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе ў Беларусі найвышэйшыя заробкі? ІНФАГРАФІКАЗаробкі «па пяцьсот» даляраў або па 1000 рублёў Аляксандар Лукашэнка абяцае ужо больш за 12 гадоў, але ўтрымаць іх на такім узроўні працяглы час не ўдаецца. «Па пяцьсот», што былі ў сьнежні, былі дасягнутыя ўпершыню за чатыры гады.
Пры тым сярэдні налічаны заробак — ня той, што атрымлівае на рукі сярэднестатыстычны беларус. Звычайны беларус, адносна якога палова краіны атрымлівае больш, а палова менш, мае «па трыста пяцьдзясят».
Аб выніках 2018 году Румас таксама расказваў: рэальныя даходы насельніцтва вырасьлі на 8%, што ў 2,5 раза вышэй за прагноз ураду, а рэальны заробак вырас аж на 11,6% (у бюджэтнай сфэры — на амаль 14%).
Менавіта сярэдні налічаны заробак за год, са студзеня 2018 году па студзень 2019-га, вырас на 123 рублі або 14,32% — калі пералічыць у даляры, то вырас на 23,24 даляра або 5,38% у даляравым эквіваленце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінпрацы: рост рэальных заробкаў беларусаў запаволіцца. Урад: або зусім спыніцца