Дыпляматычны скандал справакавала выказваньне прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу з нагоды польскага «закону аб Галакосьце», які выклікаў бурныя дыскусіі.
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі адмовіўся ад удзелу ў саміце Вышаградскай чацьвёркі, які пройдзе ў Ерусаліме на будучым тыдні. Польшчу на сустрэчы лідэраў чатырох усходнеэўрапейскіх краінаў будзе прадстаўляць кіраўнік МЗС Яцэк Чапутович. Пра гэта ў нядзелю, 17 лютага, паведаміў прадстаўнік польскага ўраду ў этэры тэлеканалу TVP.
Прычынай незадаволенасьці кіраўніка польскага ўраду сталі выказваньні прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу, зробленыя ім у Варшаве падчас міжнароднай канфэрэнцыі па праблемах Блізкага Ўсходу.
Ізраільскі журналіст папрасіў Нэтаньягу пракамэнтаваць прыняты ў Польшчы закон, які прадугледжвае штрафы і тэрміны да трох гадоў пазбаўленьня волі за публічныя выказваньні аб дачыненьні палякаў да Галакосту ў гады Другой сусьветнай вайны. «Палякі супрацоўнічалі з нацыстамі, і я ня ведаю нікога, хто быў асуджаны за такое выказваньне», — заявіў ізраільскі прэм’ер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палякі прынялі актыўны ўдзел у забойствах больш як 200 000 габрэяў» — ізраільскі міністарПублікуючы справаздачу аб прэс-канфэрэнцыі, сайт газэты Jerusalem Post прывёў выказваньне прэм’ер-міністра без двукосься, выкарыстоўваючы словазлучэньне «польскі народ». Пазьней публікацыя была выпраўленая, а офіс Нэтаньягу апублікаваў заяву, што яго словы былі няправільна вытлумачаныя. Нэтаньягу, адзначаецца ў дакумэнце, меў на ўвазе «асобных палякаў, а ня польскі народ і ня польскую дзяржаву».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча зьменіць скандальны «закон пра Галакост»