Былы супрацоўнік Tut.by: Сьледчыя дамагаліся паказаньняў, што Золатава патрабавала выкарыстоўваць чужыя паролі

Марына Золатава ў судзе 12 лютага 2019 году

На судзе па справе Золатавай паказалі відэа допыту былога яе падначаленага. Ён расказаў, што галоўны рэдактар Tut.by ведала пра выкарыстаньне чужых пароляў.

У судзе па справе Марыны Золатавай дапыталі рэдактара Realt.by і былога супрацоўніка газэт «Звязда» і «Рэспубліка», а таксама партала Tut.by Уладзіслава Кулецкага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». ВІДЭА

«Падчас допыту сьледчыя хацелі атрымаць ад мяне паказаньні, што менавіта Золатава і Калтыгіна (Ганна Калтыгіна — адна з рэдактарак Tut.by — РС) патрабавалі ад мяне выкарыстоўваць чужыя паролі доступу да БелТА, — заявіў Кулецкі ў залі суда. — Я падпісаў пратакол, таму што на мяне аказваўся ціск.

Асобныя паказаньні мне навязваліся сьледчымі, частка маіх паказаньняў была фактычна напісаная сьледчымі, гэта не мае словы. Перад падпісаньнем пратакола допыту я папрасіў прыбраць частку тэксту з пратакола. Гэта было зроблена, але ня цалкам. Сьледчыя паведамілі мне, што іншых паказаньняў ад мяне не прымуць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўлады баяцца Марыны Золатавай больш, чым расейскіх тэлеканалаў

У залі суда Кулецкі прызнаў, што карыстаўся паролем доступу да стужкі БелТА, які атрымаў ад аднаго з супрацоўнікаў партала Tut.by. Аднак катэгарычна адпрэчыў тое, што пра выкарыстаньне чужых пароляў доступу да інфармацыі БелТА ведала кіраўніцтва Tut.by і Марына Золатава. У матэрыялах справы, якія агучыла пракурор на паседжаньні, Кулецкі прытрымліваўся іншай вэрсіі.

«На Tut.by усё кіраўніцтва ведала, што супрацоўнікі карыстаюцца неафіцыйнымі паролямі доступу да стужкі БелТА, — напісана ў пратаколе допыту Кулецкага супрацоўнікамі СК. — Пры гэтым Марына Золатава і Ганна Калтыгіна настойвалі, каб супрацоўнікі партала карысталіся платнай стужкай навінаў, бо там інфармацыя зьяўлялася больш апэратыўна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўніца БелТА: Паролі да платнага доступу выдаваліся і без дамовы, на просьбу кіраўніцтва

Марына Золатава ў залі суда заявіла, што даведалася аб выкарыстаньні чужых пароляў доступу да стужкі агенцтва БелТА ў сакавіку 2018 году. Гаворка ідзе толькі пра аднаго супрацоўніка — рэдактарку Ганну Калтыгіну.

У пратаколе допыту Кулецкага ёсьць яго подпіс. Таксама ў матэрыялах справы ёсьць копія відэазапісу працэсу дачы паказаньняў Кулецкім. Яе прадэманстравалі падчас паседжаньня 14 лютага. Ні відэазапісе допыту Кулецкі расказвае, што кіраўніцтва Tut.by ведала пры выкарыстаньне чужых пароляў доступу да стужкі інфармацыі БелТА сваімі супрацоўнікамі.

Генэральны дырэктар Tut.by: «Мы прызнаём, што нашыя супрацоўнікі вінаватыя»

Генэральная дырэктарка Tut.by Людміла Чэкіна, адказваючы на пытаньні пракурора, Людміла Чэкіна паведаміла, што Марына Золатава ведала толькі пра аднаго падначаленага ёй рэдактара, які карыстаўся платнай падпіскай агенцтва БелТА — Ганну Калтыгіну.

Людміла Чэкіна. Архіўнае фота

Золатава даведалася пра гэта 19 сакавіка 2018 году, пасьля чаго абмеркавала магчымасьць набыцьця платнай падпіскі. У размове зь іншымі рэдактарамі было вырашана не набываць доступ да платнай падпіскі, бо «гэта ня мела сэнсу».

Паводле Чэкінай, пасьля гэтага выкарыстаньне некаторымі супрацоўнікамі Tut.by чужых пароляў да платнай стужкі агенцтва БелТА не абмяркоўвалася, а Марына Золатава была перакананая, што незаконны доступ спыніўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лічу, што ў маіх дзеяньнях няма складу злачынства». Марына Золатава не прызнала віны

Генэральная дырэктарка Tut.by патлумачыла, што ў абавязкі Золатавай не ўваходзіць адсочваць напаўненьне навінавай стужкі, яна займаецца стратэгічным плянаваньнем дзейнасьці рэдакцыі і каардынацыяй працы парталу, а рэдактары аддзелаў не абавязаныя ўзгадняць з галоўным рэдактарам матэрыялы, якія выстаўляюцца на сайт.

Па словах Людмілы Чэкінай, яна мела размовы пра незаконны доступ да падпіскі БелТА з усімі падначаленымі, якія зьяўляліся фігурантамі крымінальнай справы, распачатай 7 жніўня. Ніхто зь іх не адмаўляў фактаў выкарыстаньня чужых пароляў да стужкі БелТА. Супрацоўнікі парталу тлумачылі гэта тым, што паролі ў іх засталіся з часу працы ў іншых СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелТА не забараняла перадаваць свае паролі трэцім асобам

«Нашы супрацоўнікі, зь якімі я размаўляла, прызналі факты выкарыстаньня чужых пароляў, — расказала Чэкіна. — Яны патлумачылі, што заходзілі туды па звычцы. Пры гэтым большасьць супрацоўнікаў Tut.by, якія сталі фігурантамі справы, не былі зьвязаныя з напаўненьнем навінавай стужкі парталу».

Людміла Чэкіна таксама прызнала, што выкарыстаньне чужых пароляў да платнай падпіскі агенцтва БелТА зьяўляецца правапарушэньнем.

«Гэта няправільна, — сказала Людміла Чэкіна ў залі суда. — Мы лічым, што супрацоўнікі Tut.by вінаватыя. Яны ўчынілі правапарушэньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта падрыў аўтарытэту агенцтва». У судзе над Золатавай выступіла гендырэктар БелТА

Генэральная дырэктарка Tut.by таксама паведаміла суду, што супрацоўнікі парталу і само акцыянэрнае таварыства кампэнсавала нанесеную інфармацыйнаму агенцтву БелТА і іншым дзяржаўным СМІ шкоду, хоць і лічыць яе памер завышаным і неабгрунтаваным.

Паводле Людмілы Чэкінай, на гэты момант Tut.by зьвёў выкарыстаньне інфармацыі агенцтва БелТА да «абсалютнага мінімуму», а з супрацоўнікамі парталу была праведзеная гутарка пра немагчымасьць выкарыстаньня чужых пароляў да платнай падпіскі іншых СМІ.

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

Поўная заля ў судзе над галоўнай рэдактаркай Tut.by Золатавай. ФОТА

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.