ЗША і ЭЗ рыхтуюць новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі, якія будуць уведзены з прычыны інцыдэнту з захопам ўкраінскіх караблёў у Керчанскім праліве. Пра гэта паведамляе Financial Times са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы.
Паводле інфармацыі выданьня, абмежаваньні могуць быць уведзеныя ў бліжэйшыя два месяцы. Яны будуць тычыцца кампаній і фізычных асоб, якія зьвязаны з атакай на ўкраінскія караблі і захоп іх экіпажаў. 18 лютага кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў краін Эўразьвязу павінны будуць абмеркаваць пытаньне ўвядзеньня новых санкцый.
Паводле крыніц брытанскага тэлеканалу Sky News, Брусэль і Вашынгтон плянуюць скаардынаваць свае дзеяньні для таго, каб узмацніць ціск на рэжым расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра захоп Расеяй украінскіх караблёў: «Нам не падабаецца тое, што адбываецца, так ці інакш»Пасьля паведамленьняў аб верагодных санкцыях супраць Расеі на таргах Маскоўскай фондавай біржы рэзка патаньнеў рубель. У працягу 10 хвілін нацыянальная валюта страціла 46 капеек да даляра і 66 капеек да эўра.
25 лістапада каля берагоў анэксаванага Крыму расейскія памежнікі захапілі тры ўкраінскія вайсковыя караблі і затрымалі 24 марака. Вайскоўцаў абвінавачваюць у незаконным перасячэньні мяжы Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bellingcat: украінскія караблі былі абстраляныя ў міжнародных водахКіеў лічыць акт захопу караблёў агрэсіяй, а маракоў называе ваеннапалонным. Расейскія ўлады заявілі, што ўкраінскія вайскоўцы пайшлі на сьвядомую правакацыю. Згодна з пазыцыяй расейскіх уладаў, матросы ня могуць быць ваеннапалоннымі з прычыны адсутнасьці вайны паміж Расеяй і Ўкраінай.