Грамадзкія дзеячы, пэдагогі, дэпутаты, простыя людзі шакаваныя трагедыяй у Стоўпцах. Інфармацыі пра прычыны, матыў злачынства, пра тое, што падштурхнула хлопца да такога страшнага ўчынку, зусім мала. Суразмоўцы Свабоды выказваюць свае асабістыя меркаваньні.
Павал Севярынец: «Разьня ў Стоўпцах — іскарка пажару, які тлее ўнутры Беларусі»
Сустаршыня БХД, адзін з арганізатараў абароны Курапатаў Павал Севярынец кажа, што вельмі страшна, калі гіне настаўніца:
«Вельмі шкада параненых вучняў, якія спрабавалі заступіцца за настаўніцу і апынуліся на шляху агрэсіўнага падлетка. Вельмі жудасна, калі гіне зусім малады хлопец, патрыёт, сябра ТБМ.
Ягоная майка з Пагоняй успрымаецца, як быццам бы цябе самога паласнулі нажом. На жаль, перад абліччам грубага і гвалтоўнага зла чалавечае жыцьцё вельмі пяшчотнае і безабароннае. Але мы як людзі, як народ павінны зрабіць усё ад нас залежнае, каб вось гэтую пяшчотнасьць жыцьця абараніць».
На думку Паўла Севярынца, за 70 гадоў камунізму і 25 гадоў рэжыму Лукашэнкі мараль у грамадзтве разбураная, чалавечае жыцьцё абясцэньваецца.
«Патрэбная вельмі вялікая праца пакаленьняў, перш чым гэтую вялікую яміну, у якой апынулася цяпер Беларусь, мы пераадолеем, пакуль мы зь яе вылезем. І разьня ў Стоўпцах — гэта зусім не выключная рэч. Гэта іскарка пажару, які тлее ўнутры Беларусі. Я тут маю на ўвазе і самагубствы людзей, якіх высылаюць, і 50 тысяч абортаў у год, і суіцыды, па якіх мы наперадзе плянэты ўсёй, і спойваньне нацыі — мы зноў жа сярод лідэраў у сьвеце.
Гэта чорная багна. І ў гэтай чорнай багне ні голасу кіраўніцтва не чуваць — такі ў нас рэжым, ні голасу народу не чуваць. Народ збольшага маўчыць альбо шукае прычыны вонкі. А прычыны ў нас саміх», — сказаў Павал Севярынец.
Аляксандар Фядута: «Па тэлевізары — спрэс танныя расейскія сэрыялы пра злачынствы»
Публіцыст, літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, школьны настаўнік паводле адукацыі, які мае досьвед выкладаньня ў школе, уражаны выказваньнем першай асобы дзяржавы пра «бардак» у школах у сувязі з трагедыяй у Стоўпцах.
На яго думку, парадак заключаецца ня ў тым, што настаўнікі і адміністрацыя павінны абшукваць кожнага вучня на ўваходзе.
«Пры чым тут міністар адукацыі і старшыня райвыканкаму? Працуе сьледзтва, і, як мне ўяўляецца, наўрад ці будзе выяўлена віна гэтых службовых асобаў.
Не, Ігару Карпенку шмат чаго можна прад’явіць — але вось тое, што ён не абшукваў вучняў у стаўпецкай школе № 2, прад’явіць нельга. Гэта не ўваходзіць у яго функцыянальныя абавязкі», — піша Аляксандар Фядута на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
А вось усім дзяржаўным ідэолягам, на чале зь першай асобай дзяржавы, на думку спадара Фядуты, можна прад’явіць прэтэнзію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінаватыя расейскія фільмы, — былы памочнік Лукашэнкі пра трагедыю ў стаўпецкай школе«У нас па тэлевізары кожны дзень ідзе па розных каналах ня менш за шэсьць (!!!) сэрыялаў у сукупнасьці, дзе дэманструюць розныя віды злачынстваў. Так дэманструюць, што, здаецца, жыцьцё з адных злачынстваў складаецца.
Пры гэтым няма ніякай альтэрнатывы: тэлеканалы належаць дзяржаве і закупляюць усялякі тандэт. А самыя танныя расейскія сэрыялы — якраз пра злачыннасьць.
За гэта што, старшыня райвыканкаму адказваць павінен?» — задае рытарычнае пытаньне Аляксандар Фядута.
Яўген Лівянт: «Праблема зусім ня ў школе, не ў адукацыі. Пакуль хлопец не загаворыць, праўды мы не даведаемся»
Выкладчык фізыкі, рэпэтытар цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт пастаянна працуе з падлеткамі. Яўген Лівянт лічыць, што, пакуль няма інфармацыі, цяжка разважаць і меркаваць, чаму здарылася трагедыя.
Але тое, што адбылося ў Стоўпцах — абсалютна не зьвязанае з сыстэмай адукацыі, з узаемаадносінамі ў калектыве і тым больш зь непаразуменьнямі з настаўніцай.
«Падстава, прычына гэтых падзей — зусім ня ў школе, школа — толькі месца трагедыі.
Мяне вельмі ўразіла, што два хлопчыкі кінуліся абараняць настаўніцу.
Што да ўчынку падлетка, магчыма, там нейкія праблемы ў сям’і, але сям’я не паказвае іх. Суседзі кажуць, што ўсё добра, але, верагодна, там разлад — але гэта толькі тэарэтычныя развагі. У маёй практыцы былі выпадкі, калі ў падлетка губляўся інтарэс да вучобы, да жыцьця, а быў развод бацькоў, сямейныя праблемы.
Верагодна, справа тут ва ўжываньні наркатычных, псыхатропных рэчываў, спайсаў, і гэта засталося незаўважаным — але, зноў жа, гэта мае здагадкі.
Магчыма, штосьці яшчэ. Пакуль хлопец не загаворыць, наўрад ці мы даведаемся пра ісьціну», — мяркуе рэпэтытар Яўген Лівянт.
Алена Анісім: «У дарослых страчаная камунікацыя зь дзецьмі»
Паводле Анісім, праблема ў тым, што ў дарослых вельмі часта няма шчыльных кантактаў зь дзецьмі, страчаная камунікацыя.
«Раней у вёсцы дзіця не магло прайсьці па вуліцы, каб зь ім не загаварыў дарослы. Цяпер бацькі занятыя працай, зарабляюць грошы, а дзеці жывуць у віртуальнай прасторы, у інтэрнэце, і сваімі праблемамі яны не прывыклі дзяліцца з бацькамі ці сябрамі.
У сілу разьвіцьця цывілізацыі, я б сказала, залішняга абвалу інфармацыі, нашы дзеці прадастаўленыя самі сабе. Мы мала часу трацім на глыбокія кантакты зь дзецьмі, мы мала іх выхоўваем у духу любові і клопату», — сказала Свабодзе Анісім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вы дасталі са сваёй эстэтыкай забойстваў!Анісім мяркуе, што гэта той нэгатыўны прыклад цывілізацыі, рытму і ладу жыцьця, які мы сёньня маем.
«А дзеці часьцяком у сілу свайго падлеткавага ўзросту, калі ў іх павышаная псыхічная эмацыйнасьць, дробныя праблемы ўспрымаюць як глябальныя і альбо сканчаюць жыцьцё самагубствам, альбо ідуць на нейкую агрэсію. Вядома, нешта ж справакавала агрэсію ў стаўпецкага падлетка, а ніхто гэтага не заўважыў».
Алена Анісім — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў па 70-й Стаўпецкай выбарчай акрузе, сама родам зь вёскі Савоні Стаўпецкага раёну. У школе нумар два яна ніколі не была.
Мечыслаў Грыб: «Ад пастаянных рэформаў у пэдагогаў няма часу на дзяцей»
Двайное забойства ў стаўпецкай школе камэнтуе генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, які служыў у органах унутраных спраў за савецкім часам.
Мечыслаў Грыб у камэнтары Свабодзе згадаў, што дробныя правіны дзяцей у дачыненьні настаўнікаў былі і раней. Дзеці маглі іголкі ці кнопкі на крэсла падкласьці, нейкія сьмярдзючыя рэчы прынесьці ў школу. Але падобных выпадкаў узброенай агрэсіі супраць настаўнікаў за час сваёй працы ў міліцыі ён ня памятае.
«Магчыма, пра такое замоўчвалі ў краінах былога СССР. Але ў БССР узброеных нападаў на настаўнікаў дакладна не было», — кажа Грыб.
На ягоную думку, справа гэтая тычыцца ня толькі органаў унутраных спраў, а найперш супрацоўнікаў сыстэмы адукацыі, пэдагогаў, псыхолягаў, іх працы са школьнікамі і бацькамі.
«У нас больш размоваў, чым працы. У школах ідуць пастаянныя рэформы, штогод праграмы мяняюць, падручнікі перарабляюць, пляны і справаздачы пішуць... А каб да дзіцяці дайсьці, зазірнуць яму ў душу — у пэдагогаў няма часу. Ёсьць жа ў школах псыхолягі — чым яны займаюцца? Псыхолягі і пэдагогі недапрацавалі, недасачылі.
І да аховы шмат пытаньняў: як хлопец пранёс у школу нож? Быццам ахову паўсюль узмацнілі, але сядзяць на вахце дзядкі і нічога ня робяць. Як дзіця пранесла немаленькі нож?»
Мечыслаў Грыб кажа, што яму цяжка патлумачыць, адкуль у хлопца ўзялася такая агрэсія, але гэта, безумоўна, вялікая трагедыя.
«Крыўдна, што мірная, спакойная Беларусь становіцца аб’ектам крымінальных навінаў усясьветных СМІ», — заявіў Мечыслаў Грыб.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.