Трох работнікаў Скідзельскага цукровага камбінату судзяць за выбух, падчас якога загінулі 4 жанчыны, а яшчэ адна засталася інвалідам. Справу пачалі разглядаць у судзе Горадзенскага раёну 11 лютага, амаль праз два гады пасьля выбуху.
Чатыры жанчыны памерлі, пятая засталася інвалідам
Выбух адбыўся ў начную зьмену 25 лютага 2017 году. Успышка пылапаветранай сумесі, як паведамілі тады на сайце Сьледчага камітэту, адбылася ў галерэі побач з цэхам пакаваньня і фасоўкі. Дэфармаваліся сьцены цэху, былі пашкоджаныя вокны і дзьвярныя праёмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку ўспышкі на Скідзельскім цукровым камбінаце параненыя 5 чалавекУ выніку пяць жанчын атрымалі апёкі больш як паловы цела і пашкоджаньні ўнутраных органаў. Трох жанчын адвезьлі ў менскі апёкавы цэнтар, дзьвюх пакінулі ў горадзенскім шпіталі. Усіх увялі ў штучную кому. Чацьвёра зь яе так і ня выйшлі. Тацяна Слуцкая, Алена Кудзерка, Вольга Цярэшка і Лілія Ямант сканалі менш як празь месяц. Пятая, Марына Ўрбановіч, выжыла, але засталася інвалідам.
Родныя нябожчыц, а таксама Марына Ўрбановіч прызнаныя пацярпелымі па справе.
Падсудных трое — начальнік цэху гатовай прадукцыі Скідзельскага цукровага камбінату Ўладзімер Малашэвіч, ягоны намесьнік Сяргей Грушэўскі і галоўны інжынэр Уладзімер Губарэвіч. Іх трымалі пад вартай некалькі месяцаў, а потым выпусьцілі.
Крымінальную справу адразу завялі паводле артыкула «службовая нядбайнасьць» (арт. 428 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Фігурантам пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасьцю.
Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Грышын.
Вэнтыляцыя працавала дрэнна, пыл прыбіралі ўсухую
Усе трое абвінавачаных цяпер на свабодзе, двое працуюць на заводзе на іншых пасадах. Уладзімеру Малашэвічу 65 гадоў. Працаваў на заводзе 20 гадоў, пасьля выбуху выйшаў на пэнсію. Уладзімеру Губарэвічу 60 гадоў. Цяпер працуе спэцыялістам вытворча-тэхнічнага бюро. Сяргею Грушэўскаму 42 гады. Працуе тэхнікам-тэхнолягам.
Паводле дзяржаўнага абвінавачваньня, цэх, у якім фасавалі цукар, быў пажаранебясьпечны (катэгорыя Б). Аднак у ім і ў суседніх памяшканьнях парушаліся правілы аховы працы. Цукровы пыл зьбіраўся на абсталяваньні і іншых канструкцыях у небясьпечнай канцэнтрацыі.
Прыбіралі нерэгулярна, сухім ручным спосабам, хоць і купілі прамысловы пыласмок. З памяшканьняў пыл вывозілі несвоечасова. Вэнтыляцыя працавала дрэнна. У яе пранікала вільгаць. У выніку пыл наліпаў на фільтры і засыхаў, і яны прапускалі менш паветра, чым павінны былі. Падначаленыя скардзіліся на гэта Малашэвічу, але той не зьвяртаў увагі.
Трое службовых асобаў спадзяваліся, што ніякіх наступстваў ня будзе, і не рабілі нічога, каб зьменшыць колькасьць пылу. Акрамя таго, выбух пашкодзіў памяшканьні цэху на суму больш за 590 тысяч рублёў.
Ніхто з абвінавачаных віны не прызнаў.
Пацярпелая: «У нас заўсёды была барацьба за гэты пыл»
Допыт пачалі з пацярпелых. Абвінавачаных дапытаюць у апошнюю чаргу.
Адзіная, хто выжыў, пацярпелая Марына Ўрбановіч распавяла пра ўмовы працы ў цэху.
«Часам быў моцны пыл. Цукар усюды сыпаўся. Прыбіралі — мяшкі ставілі. Асьпірацыя кепска працавала. Часам мы адзін аднаго ня бачылі», — сказала Ўрбановіч.
Пра запыленасьць работнікі пастаянна гаварылі свайму непасрэднаму начальніку Малашэвічу. Усе ведалі, што вялікая канцэнтрацыя пылу можа прывесьці да выбуху. Урбановіч лічыць Малашэвіча вінаватым у выбуху. У адказ на скаргі падначаленых ён пачынаў крычаць, махаць рукамі, прапаноўваў звольніцца тым, хто незадаволены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пацярпелыя баяцца гаварыць. Як жыве Скідзель праз год пасьля выбуху на цукровым заводзеШто рабіла начальства, каб зьменшыць запыленасьць, Урбановіч ня ведае. Але паляпшэньняў не заўважала.
«Заўсёды лаяліся за гэты пыл. Дыхаць не было чым. Начальства адказвала: „Прымем меры“. У нас заўсёды была барацьба за гэты пыл», — сказала Ўрбановіч.
Да астатніх абвінавачаных прэтэнзій няма.
Паводле яе, у тую ноч пяць жанчын працавалі побач ля канвэернай стужкі.
«Рэзка прайшоў агонь, і мы пачалі гарэць жыўцом. Агонь, мне падалося, пайшоў з галерэі. Потым быў моцны выбух, потым яшчэ адзін слабейшы», — сказала Ўрбановіч.
На некаторых жанчынах паплавілася адзеньне, расплавіліся мабільныя тэлефоны. Жанчыны самі здолелі выйсьці на вуліцу, хоць у некаторых момантамі адключалася сьвядомасьць. Марына Ўрбановіч лічыць, што ёй удалося выжыць, бо на ёй у тую зьмену было адзеньне з бавоўны, а ня новая сынтэтычная, «шкляная» форма.
Жанчына выказала здагадку, што агонь пайшоў з таго месца, дзе цукар перадаваўся са стужкі на стужку. Там, паводле яе, заўсёды зьбіралася шмат пылу. Чаму зьявілася іскра, ня ведае. Ніхто з работніц цэху не курыў.
Звычайна пыл прыбіралі тыя самыя жанчыны, якія фасавалі цукар, уручную, шуфлікамі і венікамі. На гэта адводзілася літаральна пяць хвілін паміж зьменамі, кажа пацярпелая. Вільготную ўборку праводзілі рэдка. Часам дзеля гэтага работніцы бралі дзень за свой кошт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Пінскдрэву» да «Магілёўдрэву»: найбуйнейшыя трагедыі на беларускіх прадпрыемствах апошніх гадоўУрбановіч адзначыла, што калі прыходзілі з праверкамі рабіць замеры ўзроўню пылу, у гэты момант стужкі канвэераў спынялі, каб было менш пылу.
Сын загінулай Алены Кудзеркі Ігар заявіў пазоў на кампэнсацыю маральнай шкоды на 120 тысяч рублёў да Скідзельскага цукровага камбінату.
Усе пацярпелыя падтрымалі дзяржаўнае абвінавачваньне, але ніхто не сказаў, якога пакараньня чакае для падсудных.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.