Вернікі парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску атрымалі адмоўны адказ на свой зварот да Ўпаўнаважанага ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі.
Яны прасілі даць дазвол на вяртаньне да іх з Польшчы ксяндза Паўла Кнурэка.
Ліст Леаніда Гулякі цытуе «Віцебская вясна».
«Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пісьмом ад 18.10.2018 ня ўзгоднена запрашэньне грамадзяніна Рэспублікі Польша Кнурэка Паўла для ажыцьцяўленьня рэлігійнай дзейнасьці ў парафіі Езуса Міласэрнага ў горадзе Віцебску. Падстаў для перагляду раней прынятага рашэньня няма», — гаворыцца ў адказе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Віцебску выслалі ксяндза-паляка. Вернікі патрабуюць яго вярнуцьУпаўнаважаны мае права не тлумачыць прычыны адмовы. Віцебскія вернікі такім рашэньнем не задаволеныя і зьбіраюцца зьвяртацца ў адміністрацыю Лукашэнкі.
У сваім звароце вернікі Віцебску прасілі патлумачыць рашэньне аб забароне служыць у Беларусі Паўлу Кнурэку, а таксама прасілі перагледзець гэтае рашэньне.
Ксёндз Павэл Кнурэк, грамадзянін Польшчы, праслужыў на Віцебшчыне амаль 18 гадоў. Цягам апошняга году — у віцебскай катэдры; быў пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага. Прычыны ягонай высылкі невядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салігорскія вернікі дамагліся, каб улады адмовіліся ад высылкі іх ксяндза