Ва Ўкраіне завяршылася падача заяў патэнцыйнымі кандыдатамі на выбары прэзыдэнта 31 сакавіка.
Колькасьць ахвотнікаў узначаліць украінскую дзяржаву рэкордная за ўсю гісторыю незалежнасьці — 89 грамадзян зьвярнуліся ў Цэнтральную выбарчую камісію па рэгістрацыю, зь іх 30 ужо зарэгістравалі кандыдатамі на прэзыдэнта, 22-м адмовілі ў балятаваньні, у тым ліку і кіраўніку Камуністычнай партыі Ўкраіны Пятру Сіманенку.
Да 8 лютага Цэнтральная выбарчая камісія мае разгледзець дакумэнты яшчэ 37 прэтэндэнтаў на кандыдацтва.
У перадвыбарчых выступах кандыдаты факусуюцца на ўнутраных пытаньнях — барацьбе з карупцыяй і разьвіцьці эканомікі. Але закранаюць і сваё бачаньне адносін зь Беларусьсю. Усе прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны пагаджаюцца ў адным: іх дзяржава зацікаўленая ў незалежнасьці Беларусі, бо ў выпадку больш шчыльнай яе інтэграцыі з Расеяй гэта створыць дадатковыя пагрозы Ўкраіне.
Свабода сабрала найбольш цікавыя выказваньні кандыдатаў у прэзыдэнты Ўкраіны наконт Беларусі.
Парашэнка: «Лукашэнка — вялікі сябар украінскага народу»
Дзейны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пакуль пазьбягае публічных выказваньняў наконт пэрспэктываў беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў пасьля выбараў — журналісты ня мелі магчымасьці зь ім паразмаўляць ні ў часе форуму, на якім ён абвясьціў пра сваё вылучэньне, ні калі ён падаваў дакумэнты ў Цэнтральную выбарчую камісію.
За ўсю сваю кадэнцыю на пасадзе прэзыдэнта Пятро Парашэнка не дазваляў сабе рэзкіх выказваньняў на адрас Беларусі, нават калі, здавалася б, для гэтага былі падставы — «шпіёнскі» скандал, выкраданьне ў Гомлі ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба, які потым апынуўся ў ФСБ Расеі, выпадкі, калі ў Менску затрымлівалі вядомых украінскіх літаратараў, журналістаў, актывістаў і дэпартавалі іх зь Беларусі.
На Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, што прайшоў летась у кастрычніку ў Гомлі, прэзыдэнт Украіны некалькі разоў падкрэсьліваў, што Лукашэнка «зьяўляецца добрым, даўнім і вялікім сябрам украінскага народу» і што ён Лукашэнку вельмі шануе і паважае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь «уключыцца» ў вайну ва Ўкраіне. Што яшчэ сказалі прэзыдэнты падчас Форуму рэгіёнаўУ той жа час менавіта ў Гомлі Пятро Парашэнка заклікаў Расею прыбраць свае войскі з Украіны, заявіў, што менскія дамоўленасьці ўвойдуць у падручнікі па дыпляматыі, і падкрэсьліў, што на 100 адсоткаў давярае Лукашэнку.
Ляшко: «Я ва Ўкраіне буду як Лукашэнка ў Беларусі»
Кандыдаты на прэзыдэнта Ўкраіны, ацэньваючы сытуацыю ў Беларусі, часьцей разьдзяляюць сваё стаўленьне да краіны і да ўладаў. Часам яно істотна рознае.
Лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко заявіў, што хоча быць ва Ўкраіне такім прэзыдэнтам, як Аляксандар Лукашэнка ў Беларусі:
«Я ведаю, што ў Беларусі лекі таньнейшыя ў два разы, чым ва Ўкраіне. Я ведаю, што дарогі ў Беларусі лепшыя, чым ва Ўкраіне. Я ведаю, што прэзыдэнт Беларусі — гаспадар. Вось такім самым гаспадаром ва Ўкраіне будзе Ляшко, як Лукашэнка ў Беларусі, два гаспадары па суседзтве заўсёды дадуць рады сваім народам. Беларусы і ўкраінцы павінны быць разам».
Бясьсьмертны: «Лукашэнка пасьлядоўна зьнішчае Беларусь як дзяржаву»
Колішні амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны перакананы, што Аляксандар Лукашэнка зьнішчае Беларусь як дзяржаву і беларусаў як адну з унікальных нацый у эўрапейскай супольнасьці.
«Я не адмаўляюся ад ніводнага слова, якое я выказваў на адрас Лукашэнкі. Гэта чалавек, які пасьлядоўна зьнішчае Беларусь як дзяржаву і беларусаў як адну з унікальных нацый у эўрапейскай супольнасьці», — сказаў Раман Бясьсьмертны ў інтэрвію Свабодзе.
Гнап: «Я лічу Лукашэнку дыктатарам, гэта ганьба для Беларусі як эўрапейскай краіны»
Дзьмітры Гнап, аўтар расьсьледаваньня пра забойства Паўла Шарамета, лічыць беларускага кіраўніка «дыктатарам, які ўстанавіў у Беларусі аўтарытарызм, а то і таталітарны рэжым, рэжым поўнага кантролю». І ў выпадку сваёй перамогі абяцае патрабаваць ад беларускіх уладаў, каб тыя паважалі правы і свабоды грамадзян.
«Я лічу прэзыдэнта Лукашэнку дыктатарам, які ўстанавіў у Беларусі прынамсі аўтарытарызм, а то і таталітарны рэжым, рэжым поўнага кантролю. Для мяне, чалавека, які зьяўляецца перакананым прыхільнікам дэмакратычных і лібэральных каштоўнасьцяў, дзеяньні цяперашняй беларускай улады цалкам непрымальныя. Гэта ганьба для такой вялікай эўрапейскай краіны, вялікага эўрапейскага народу, якімі ёсьць Беларусь і беларускі народ.
У выпадку перамогі, зразумела, мы будзем выбудоўваць стратэгічныя дачыненьні, але ўсё роўна настойваць і патрабаваць ад беларускіх уладаў, каб яны паважалі правы і свабоды грамадзян. І будзем кожны раз гэта казаць», — заявіў Дзьмітры Гнап у інтэрвію Свабодзе.
Кашулінскі: «Трэба ўзмацніць беларуска-ўкраінскую мяжу»
Крытычна да беларускай улады ставіцца і адзіны кандыдат ад нацыяналістычных сіл, намесьнік кіраўніка партыі «Свабода» Руслан Кашулінскі. Ён абураны тым, што дзейнае кіраўніцтва Ўкраіны ігнаруе факты, калі Беларусь дапамагае Расеі пазьбягаць эўрапейскіх санкцый, і прапануе ўзмацніць беларуска-ўкраінскую мяжу:
«Трэба ўзмацняць мяжу, але гэта не азначае, што павінна быць матэрыяльная сьцяна, як у Амэрыцы. Гэта павінны быць Узброеныя сілы, якія могуць у вельмі кароткія тэрміны эфэктыўным чынам адбіць наступ, бо Беларусь — хаўрусьніца Масквы, і магчымасьць таго, што Масква ў любы спосаб можа паглынуць Беларусь, велізарная. Колькі часу вытрымае Лукашэнка манэўраваць — і колькі Пуцін дазволіць яму манэўраваць?»
У той жа час Руслан Кашулінскі, як і ўсе іншыя кандыдаты, перакананы, што Ўкраіна зацікаўленая ў незалежнай Беларусі.
Цімашэнка: «Постсавецкія краіны будуць набліжацца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў»
Юлія Цімашэнка перакананая, што беларускі народ — эўрапейская нацыя, будучыня якой у Эўропе.
«Я перакананая ў тым, што крок за крокам усе краіны, якія выйшлі з Савецкага Саюзу, будуць набліжацца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, у тым ліку да вельмі цеснай супрацы з тымі краінамі, якія ўваходзяць у Эўразьвяз.
Украіна будзе ня толькі сама праходзіць гэты шлях — набліжэньне і сяброўства ў Эўразьвязе, а мы будзем рабіць так, каб усе краіны эўрапейскага кантынэнту рана ці позна мелі магчымасьць стаць часткай адной (эўрапейскай) сям’і», — сказала лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка. Наўпрост ацэньваць дзеяньні беларускіх уладаў яна пазьбягае.
Налівайчанка: «Украіна, Беларусь і Польшча — пояс бясьпекі»
Яшчэ адзін колішні амбасадар Украіны ў Беларусі Валянцін Налівайчанка, які таксама балятуецца на прэзыдэнта, перакананы, што ўкраінская дыпляматыя павінна так працаваць, каб Беларусь займала пазыцыю, выгадную самой Беларусі і яе грамадзянам, а ў выніку — і Ўкраіне:
«Украіна, Беларусь і, калі хочаце, нават Польшча ды іншыя краіны, — гэта якраз ланцуг або пояс бясьпекі і свабоднага мірнага жыцьця, суіснаваньня хай нават розных дзяржаўных ладаў і поглядаў. І ў гэтым супадаюць нацыянальныя інтарэсы і Беларусі, і Ўкраіны».
Аднойчы Валянціну Налівайчанку ўжо ўдалося выправіць крызісную сытуацыю ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях — пасьля таго як тагачасны прэзыдэнт Віктар Юшчанка паабяцаў распаўсюджваць дэмакратыю ў Беларусі.
Зяленскі: «У прэзыдэнтаў выдатнае пачуцьце гумару»
З пэўнымі складанасьцямі ў аднаўленьні дыялёгу зь беларускімі ўладамі давядзецца сутыкнуцца ў выпадку перамогі аднаму з фаварытаў гонкі, актору і бізнэсоўцу Ўладзіміру Зяленскаму. У сваёй творчасьці ён неаднойчы высьмейваў Аляксандра Лукашэнку, але спадзяецца, што той мае пачуцьцё гумару:
«Паглядзіце, калі ласка, любое шоў — амэрыканскае ці эўрапейскае, бо менавіта ў тым кірунку разьвіваюцца дэмакратычныя краіны. Паглядзіце — усе сьмяюцца з палітыкаў, з кіраўнікоў краінаў. Прэзыдэнты, у якіх выдатнае пачуцьце гумару, яны ўсе разумныя».
Садавы: «Беларусь захапіла ўкраінскі рынак будаўніцтва дарог»
Лідэр партыі «Самапомач» (укр. «Самопоміч»), мэр Львова Андрэй Садавы мяркуе, што эканамічныя дачыненьні зь Беларусьсю — пытаньне нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны. Паводле яго, Беларусь «захапіла ўкраінскі рынак» грамадзкага транспарту і будаўніцтва дарог — дзякуючы эфэктыўнай сыстэме дзяржаўнай падтрымкі ўласных вытворцаў на ўзроўні беларускага ўраду, і такі досьвед можа быць прыкладам для Ўкраіны.
«За ўвесь час, каб будаваць і рамантаваць магістраль Кіеў — Адэса, было выкарыстана 1,5 мільярда даляраў. Калі б мы замовілі гэта немцам, яны б пабудавалі бэтонку за 350 (мільёнаў) і далі б яшчэ 30 гадоў гарантыі і абслугоўвалі б яе. А чаму мы ўвогуле не будуем у краіне бэтонныя дарогі? Гэта ж таньней, сыравіна наша і абслугоўваньне прасьцейшае. А можа таму, што нам, некаму ў краіне, выгадней набываць бітум у Беларусі? Беларусь у нас цяпер лідэр па вытворчасьці бітуму. Або гэта не пытаньне нацыянальнай бясьпекі? Калі мы можам лякалізаваць вытворчасьць гэтай прадукцыі тут, то чаму мы гэтага ня робім?», — сказаў Андрэй Садавы.
Сьвежы рэйтынг кандыдатаў
4 лютага ўпершыню за выбарчую кампанію сацыёлягі абнародавалі новыя дадзеныя апытаньня. Яно адметнае ня толькі вялікай колькасьцю апытаных (у іх узялі ўдзел 10 тысяч рэспандэнтаў, а ня 2 тысячы, як звычайна), але і тэрмінамі правядзеньня — з 19 па 30 студзеня, калі Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала большасьць фаварытаў гонкі.
Лідэрам прэзыдэнцкага рэйтынгу ўпершыню стаў Уладзімір Зяленскі — яго гатовыя падтрымаць 21,9% тых грамадзян, якія ўжо вызначыліся з выбарам і будуць браць удзел у галасаваньні.
Юлію Цімашэнку падтрымліваюць 19,2%, Пятра Парашэнку — 14,8%, Юрыя Бойку — 10,4%, Анатоля Грыцэнку — 8,4%, Алега Ляшка — 6,5%, Яўгена Мураева — 3,4%, Андрэя Садовага — 2,4%. Рэйтынг усіх іншых кандыдатаў меншы за 2%.
Гэтае апытаньне супольна правялі чатыры сацыялягічныя лябараторыі: цэнтар «Соціальний Моніторинг», Украінскі інстытут сацыяльных дасьледаваньняў імя Ярэменкі, кампанія «Інфо Сапієнс» і група «Рейтинг»
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.