Празь мяжу, схаваўшыся ў торбе. Актывізуецца незаконная міграцыя ў краіны ЭЗ

  • БелаПАН

Беларуска-польская мяжа. Ілюстрацыйнае фота.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што з пачатку 2019 году актывізавалася дзейнасьці, зьвязанай з незаконным перасячэньнем дзяржаўнай мяжы замежнымі грамадзянамі на польскім і літоўскім кірунках.

Так, за парушэньне дзяржаўнай мяжы Беларусі ў студзені былі затрыманыя грамадзяне Конга, Нігерыі, Іраку, Пакістану. Акрамя таго, на ўчастку беларуска-ўкраінскай мяжы затрымалі грамадзянку Туркмэністану, якая спрабавала перасячы мяжу ў пункце пропуску «Весялоўка», схаваўшыся ў гаспадарчую торбу.

Памежнікі паведамляюць, што смаргонскія і літоўскія памежнікі разам выкрылі і спынілі канал незаконнай транзытнай міграцыі ў краіны Эўрапейскага Зьвязу грамадзянаў Іраку.

«Устаноўленыя і затрыманыя ўсе памагатыя і арганізатары супрацьпраўнай дзейнасьці. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі незаконнага ўезду замежнікаў на тэрыторыю Беларусі, а таксама іх наступнага незаконнага выезду», — паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт.

Распачатая крымінальная справа за арганізацыю незаконнай міграцыі. За яе пагражае тэрмін да пяці гадоў турмы.