Армянская сям’я, за якую 96 дзён маліліся вернікі, атрымала прытулак у Нідэрляндах

Прыхаджане пратэстанцкай царквы Бэтэль ў Гаазе 96 дзён сумесна вялі службу ў памяшканьні малітоўнага дома, каб ня даць дэпартаваць армянскую сям’ю Тамразян, якая хавалася ў памяшканьні царквы.

Паводле прынятых яшчэ ў сярэднявеччы законаў, пакуль доўжыцца рэлігійная цырымонія, у царкву ня можа ўвайсьці паліцыя, а значыць ўлады не маглі ўзяць пад варту і выслаць сям’ю з краіны. Перад гэтым улады Нідэрляндаў спачатку далі сям’і прытулак, але пазьней адмовілі ў ім, палічыўшы, што на радзіме Тамразянам не пагражае небясьпека.

Прыхаджане царквы бесьперапынна працягвалі малітву на працягу 2327 гадзін, гэта значыць 96 сутак запар, днём і ноччу, пачынаючы з 26 кастрычніка. І ў выніку дамагліся таго, што чыноўнікі вярнуліся да перагляду справы Тамразянаў і іншых уцекачоў, у якіх былі раней адклікалі дакумэнты аб наданьні прытулку ў Нідэрляндах.

Урад Нідэрляндаў прыняў рашэньне вярнуць права застацца ў Нідэрляндах 630 дзецям-уцекачам, палічыўшы, што яны доўгі час пражылі ў краіне і ў дастатковай меры «ўкараніліся» ў Нідэрляндах. Таксама дазволена застацца іх бацькам, калі тыя ня хочуць вяртацца на радзіму.

Сям’я (Сасун Тамразян, яго жонка Ануш, а таксама трое дзяцей: Хаярпі, якой цяпер 21 год, Вардугі і Сэйра) прыехала з Армэніі і пражыла ў Нідэрляндах больш за 9 гадоў. Яны падалі запыт на палітычны прытулак і заявілі, што кіраўніка сямейства перасьледавалі на радзіме паводле палітычных матываў за яго апазыцыйную дзейнасьць. Судзьдзя спачатку прыняў рашэньне аб наданьні прытулку сям’і, але ўлады Нідэрляндаў ужо пасьля рашэньня суду Тамразянам у прытулку адмовілі і выдалі прадпісаньне аб дэпартацыі. І толькі дзякуючы вернікам царквы Бэтэль атрымалася прыцягнуць увагу да сваёй праблемы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць рэчаў, якіх не было ў патрыярха Кірыла (і падзей, якія зь ім не адбываліся)

У шматдзённай службе ў іх падтрымку прымалі ўдзел сьвятары з усіх Нідэрляндаў і з-за мяжы, а таксама сотні добраахвотнікаў: службу у пратэстантаў можа весьці любы вернік супольнасьці, неабавязкова сьвятар.

Кіраўнік генэральнай рады пратэстанцкіх сьвятароў Нідэрляндаў Тэа Хэтэма заявіў у сувязі са справай Тамразянаў: «Мы надзвычайна ўдзячныя за тое, што сотням сем’яў бежанцаў далі бясьпечную будучыню. Некалькі месяцаў мы жылі гэтай надзеяй, і цяпер гэтая надзея здабыла канкрэтныя формы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка ня можа не хацець незалежнай царквы», — айцец Аляксандар Шрамко