Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць рэчаў, якіх не было ў патрыярха Кірыла (і падзей, якія зь ім не адбываліся)


Цырымонія ў Крамлі ў гонар 10-годзьдзя Кірыла як Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, 31 студзеня 2019
Цырымонія ў Крамлі ў гонар 10-годзьдзя Кірыла як Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, 31 студзеня 2019

Роўна дзесяць гадоў таму, 1 лютага 2009 году, мітрапаліт Смаленскі і Калінінградзкі Кірыл, вядучы праграмы «Слова пастыра» на «Першым канале», стаў найсьвяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі — найвышэйшым герархам Расейскай праваслаўнай царквы. За дзесяць гадоў патрыяршага служэньня Кірыл (сьвецкае прозьвішча Ўладзімір Гундзяеў) шмат разоў апынаўся ў цэнтры скандалаў, зьвязаных з бізнэсам, палітыкай і прадметамі раскошы. Але ён і РПЦ кожны раз выходзілі з гэтых скандалаў безь якіх-небудзь істотных наступстваў.

Гадзіньнік Breguet. Цудоўнае адлюстраваньне

Дарагія гадзіньнікі вядомай францускай фірмы на руцэ патрыярха ўпершыню трапілі ў аб’ектывы фотакамэр ў ліпені 2009 году. Але на здымку не было бачна твару Кірылы: толькі пазнавальныя элемэнты ўбору і запясьце з гадзіньнікам.

Гэта дазволіла кіраўніку РПЦ у эксклюзіўнай размове распавесьці журналісту Ўладзіміру Салаўёву, што растыражаваны ў СМІ малюнак — грубая падробка. Інтэрвію з патрыярхам было зробленае ў дзіўным жанры: Кірыл пагаварыў з Салаўёвым адзін на адзін, а потым пераказаў гэтую гутарку ў радыёэфіры. На руцэ ў патрыярха, дзяліўся журналіст (паважліва называючы яго Сьвятасьцю), гадзіньнік айчынны, падораны Дзьмітрыем Мядзведзевым. Кірыл настойваў, што ўвогуле ня носіць гадзіньнік разам з царкоўным уборам — толькі з цывільным адзеньнем. Ён нават прызнаў, што нейкі Breguet ў яго ёсьць: маўляў, пасьля скандалу праверыў, чаго яму надарылі за гады служэньня, — і сам зьдзівіўся. Але раней нават не адкрываў гэты гадзіньнік, таму ён ў скрынцы і застаецца.

Гэтыя словы пазьней натхнілі невядомага інтэрнэт-гумарыста на стварэньне мэма: ён «прыфаташопіў» скрынку да гадзіньніка на запясьці Кірыла, калі Breguet коштам каля $30 тысяч заўважылі зноў — толькі ўжо на афіцыйнай фатаграфіі прэс-службы РПЦ. Спрабуючы замяць скандал, які разгараўся са зноў матэрыялізаваным гадзіньнікам, старанны, але ня вельмі ўважлівы супрацоўнік прэс-службы пры дапамозе «Фаташопу» выдаліў патрыяршы гадзіньнік, забыўшыся сьцерці яго адлюстраваньне ў бліскучай паверхні стала. Зь іншых старонак, дзе Кірыл быў паказаны ва ўборы і з гадзіньнікам, зьнікла частка здымкаў.

Сустрэча патрыярха Кірыла з міністрам юстыцыі Андрэем Канавалавым 3 ліпеня 2009 году
Сустрэча патрыярха Кірыла з міністрам юстыцыі Андрэем Канавалавым 3 ліпеня 2009 году

Калі навін аб сьцёртым гадзіньніку стала больш, чым пра тое, што яны каштуюць $30 тысяч, у РПЦ прызналі — супрацоўнік перабраў з «Фаташопам» — і вярнулі гадзіньнік на месца. Колькі яны каштуюць, адкуль узяліся і ці носіць ён іх, патрыярх больш не тлумачыў.

Затое у 2018 годзе адзін з інтэрнэт-мэмаў паводле матываў скандалу з Breguet стаў падставай для крымінальнай справы: жыхара Барнаулу Андрэя Шашэрына абвінавацілі па артыкуле 282 КК (экстрэмізм) за разьмяшчэньне «Вконтакте» карцінкі, на якой Ісус пытаецца ў патрыярха, якая гадзіна, а ў адказ чуе нецэнзурную просьбу пакінуць яго ў спакоі. У студзені 2019 году абвінавачаньні з Шашэрина зьнялі праз частковую дэкрыміналізацыю артыкулу.

Кватэра ў Доме на набярэжнай. Сястра ў пыле

«Пыльныя справа» (або судовае разьбіральніцтва вакол «кватэры патрыярха») стала вядомая ў сакавіку 2012 году. Жанчына па імені Лідзія Лявонава, якая жыве ў адной з кватэр знакамітага Дома на набярэжнай у Маскве (дом 2 па вуліцы Серафімовіча), падала пазоў да суседа: падчас рамонтных работ той нібыта запыліў яе кватэру і маёмасьць у ёй (гучаў тэрмін «нанопыл», празь які мэбля і кнігі прыйшлі ў непрыдатнасьць). У якасьці кампэнсацыі Лявонава нібыта патрабавала ў адказчыка кватэру, але суд пастанавіў спагнаць на яе карысьць амаль 20 мільёнаў рублёў за маральную і матэрыяльную шкоду — то бок вельмі буйную для падобных справаў суму. (Юрысты ня ўзгадвалі аналягічных кампэнсацый у грамадзянскіх працэсах, выкліканых парушэньнямі падчас рамонту).

Як заявіў адказчык — былы міністар аховы здароўя Расеі, кардыёляг і сьвятар Юрый Шаўчэнка (дакладней, ад яго імя ў СМІ выступаў сын), — уладальнікам кватэры аказаўся ніхто іншы як дзейны патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. А жанчына па прозьвішчы Лявонава — гэта нейкая сваячка першагерарха РПЦ.

Юрый Шаўчэнка-малодшы (зьлева) у Замаскварэцкім судзе Масквы
Юрый Шаўчэнка-малодшы (зьлева) у Замаскварэцкім судзе Масквы

У згаданым інтэрвію Ўладзіміру Салаўёву, якое пераказаў Салаўёў, патрыярх Кірыл гаварыў, што кватэру яму выдалі адмысловай пастановай прэзыдэнта Барыса Ельцына. Потым Кірыл яе прыватызаваў, але ні дня ў ёй ня жыў. Толькі перавёз бібліятэку бацькі, вельмі дарагую сэрцу патрыярха. А пасяліліся ў кватэры яго стрыечныя сёстры, якія «паклалі сваё жыцьцё на служэньне сьвяцейшай». І аднойчы сястра патэлефанавала патрыярху і паскардзілася: у кватэры няма чым дыхаць, кнігі ўсё ў пыле. На іх аднаўленьне і спатрэбіліся пасьля мільёны рублёў (заключэньне для суду дала Расейская дзяржаўная бібліятэка). Умешвацца ў судовае разьбіральніцтва Кірыл, паводле яго слоў, ня стаў: па-першае, у кватэры ён не жыве, а па-другое, Шаўчэнка — сьвятар, атрымаўся б канфлікт інтарэсаў.

Сям’я Шаўчэнкі спрабавала падаваць сустрэчныя пазовы да Лявонавай і Гундзяева аб незаконным узбагачэньні, скардзілася, што адвакат у іх справе — даўняя знаёмая старшыні Масгарсуду Вольгі Ягоравай. Але адказчыкі цярпелі няўдачу за няўдачай і ў выніку выплацілі Лявонавай 19,7 мільёнаў рублёў.

Другая стрыечная сястра патрыярха Кірыла (паводле яго слоў, у кватэры ў Доме на набярэжнай жылі яны абедзьве) у 2016 годзе фігуравала ў расьсьледаваньні тэлеканалу «Дождь» аб банку РПЦ «Пересвет». Намесьнік старшыні рады дырэктараў банку Алена Холадава, якой належаць 0,3% яго акцый, даводзіцца Лідзіі Лявонавай роднай сястрой — прыйшлі да высновы аўтары матэрыялу.

Яхта «Палада» і іншыя сродкі перамяшчэньня па вадзе

Летам 2011 году (ужо пасьля гадзіньніка, але да кватэры) да прадметаў раскошы, якія прыпісваюцца патрыярху, дадалася яхта клясы люкс «Палада». Зрэшты, пэўных сьведчаньняў таго, што яна належыць яму на правах уласнасьці, не прыводзілася: гаворка ішла проста пра вельмі дарагое пры параўнальна невялікіх памерах судна (не менш як $4 мільёны), якое знаходзіцца на балянсе РПЦ і служыць для рачных ваяжоў самога патрыярха і высокапастаўленых гасьцей, якіх ён прымае на Валааме. У сеціве зьявіліся здымкі вытанчаных інтэр’ераў яхты, а таксама інфармацыя пра тое, што РПЦ яе падарыў «Лукойл», а да гэтага яна належала Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта (Уладзімір Пуцін нібыта сустракаў на ёй гасьцей сьвяткаваньня 300-годзьдзя Пецярбургу).

Дыякан Аляксандр Волкаў, тагачасны намесьнік кіраўніка прэс-службы РПЦ, распавёў, што яхта «Палада» знаходзіцца на балянсе Маскоўскай патрыярхіі, за яе ўтрыманьне плаціць царква, а колькі гэта каштуе, пытаньне некарэктнае.

Патрыярх прыбыў у Плёс, 2015 год
Патрыярх прыбыў у Плёс, 2015 год

У 2015 годзе патрыярх Кірыл быў заўважаны на іншы яхце — прыбыў на ёй у Плёс зьдзяйсьняць паломніцтва па храмах Іванаўскай вобласьці. Гэтую яхту, растлумачылі ў РПЦ, разава зафрахтавалі для мерапрыемства. «Гадзіньнік замазалі, а яхту не атрымалася», — жартавалі ў сацыяльных сетках. У тым самым годзе на яхце Azimut разгледзелі чалавека, падобнага да патрыярха, экалягічныя актывісты з Краснадару (нібыта царкоўны герарх сам быў за штурвалам). Гэтую здагадку ў прэс-службе РПЦ камэнтаваць ня сталі, як і згаданую ў тым жа матэрыяле дачу ў Геленджыку, якая нібыта належыць кіраўніку царквы.

Удзел у перадвыбарчай кампаніі Ўладзіміра Пуціна

Стаўшы патрыярхам пры прэзыдэнцтве Дзьмітрыя Мядзведзева, які зьмяніў на пасадзе кіраўніка дзяржавы Ўладзіміра Пуціна, Кірыл адкрыта падтрымаў Пуціна падчас перадвыбарчай кампаніі 2012 году. Сустрэўшыся зь ім — тады яшчэ прэм’ерам — кіраўнік РПЦ сказаў, што Пуцін мае «найбольшыя шанцы рэалізаваць гэта кандыдацтва ў рэальную пасаду». Таксама патрыярх выказаўся з нагоды «ліхіх дзевяностых» у тым ключы, што Пуцін, прыйшоўшы да ўлады, выправіў «крывізну гісторыі», якая азначылася ў тыя цяжкія гады.

Уладзімір Пуцін і Патрыярх Кірыл, лістапад 2018
Уладзімір Пуцін і Патрыярх Кірыл, лістапад 2018

Першы радок панк-набажэнства Pussy Riot «Багародзіца, Пуціна прагані», — пэрформансу ў Храме Хрыста Збавіцеля, які закончыўся двухгадовым тэрмінам у калёніі за хуліганства, — была адрасаваная менавіта патрыярху Кірылу. Актывісткі абвінавачвалі яго ў тым, што ён ўмешваецца ў палітыку і падтрымлівае Пуціна. У дзень прысуду Pussy Riot выйшла заява Вышэйшага царкоўнага савету РПЦ, сэнс якой зводзіўся да таго, што прабачаць «блюзьнерства» царква ня будзе. Праз год пасьля прысуду удзельніцам панк-групы, у артыкул 148 Крымінальнага кодэксу РФ унесьлі папраўкі, якія дазволілі саджаць «за абразу пачуцьцяў вернікаў».

7 мая 2012 году пасьля інаўгурацыі Ўладзіміра Пуціна (якога, як і прадказваў патрыярх, выбралі прэзыдэнтам) кіраўнік РПЦ зьдзейсьніў у гонар гэтай падзеі падзячны малебен ў Благавешчанскім саборы Маскоўскага Крамля. Да 2012 году падобнай традыцыі не існавала. У траўні 2018, калі Пуцін стаў прэзыдэнтам Расеі чацверты раз, патрыярх зноў зьдзейсьніў такі абрад.

Агент «Міхайлаў». КДБ у мінулым

Адзін з апошніх скандалаў, зьвязаных зь імем патрыярха (ня лічачы разрыву з Канстантынопалем праз аўтакефалію Ўкраінскай царквы), здарыўся пасьля яго візыту ў Баўгарыю вясной 2018 году. Кіраўнік РПЦ у даволі рэзкай манеры пакрытыкаваў прэзыдэнта Баўгарыі Румэна Радэва за тое, што апошні пералічыў у складзе рускай арміі, якая змагалася за незалежнасьць Баўгарыі падчас руска-турэцкай вайны ў канцы XIX стагодзьдзя, розныя народы: рускіх, палякаў, фінаў, украінцаў, беларусаў і іншых. Перамагла руская армія, нагадаў патрыярх, а ня польская ці фінская.

Пакрыўдзіўшыся за кіраўніка дзяржавы, віцэ-прэм’ер Баўгарыі назваў патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі «цыгарэтным мітрапалітам» і «другаразрадным агентам савецкага КДБ».

Такім чынам у інфармацыйным полі ўзьніклі абвінавачаньні дзесяцігадовай даўнасьці: цыгарэты і сувязі з КДБ Кірылу апошні раз ўзгадвалі, калі ён толькі рыхтаваўся заняць пост першагерарха Рускай праваслаўнай царквы. Аб праве сьвятароў РПЦ на бязмытны ўвоз цыгарэт і алькаголю з-за мяжы ў якасьці гуманітарнай дапамогі ў канцы 1990-х пісаў аўтар газэты «Московский комсомолец», гісторык царквы Сяргей Бычкоў. Аляксандр Пачынок, які быў у 1990-я гады кіраўніком падатковай службы, не адмаўляў, што схема бяспошліннага ўвозу цыгарэт і алькаголю ў інтарэсах РПЦ існавала, але казаў, што дачыненьне да яе Кірыла ня прасочвалася.

Што тычыцца абвінавачаньня герархаў Рускай праваслаўнай царквы ў супрацоўніцтве з КДБ, то згадка пра агентаў спэцслужбаў у шэрагах РПЦ зьявілася яшчэ ў 1992 годзе ў вызначэньні Камісіі Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета Расейскай Федэрацыі адносна расьсьледаваньня прычынаў і абставінаў ГКЧП. У дакумэнце гаварылася: «Па лініі Аддзелу зьнешніх царкоўных зносін выяжджалі за мяжу і выконвалі заданьні кіраўніцтва КДБ агенты, пазначаныя мянушкамі „Святослав“, „Аламант“, „Михайлов“, „Топаз“, „Нестерович“, „Кузнецов“, „Огнев“, „Есауленко“ і іншыя».

У пачатку 2000-х сьвятары-дысыдэнты Глеб Якунін і Георгій Эдэльштэйн зьвярталіся да прэзыдэнта Пуціна і папярэджвалі кіраўніка дзяржавы, што Кірыл (тады яшчэ мітрапаліт) быў у мінулым зьвязаны з КДБ, бо менавіта ён узначальваў Аддзел зьнешніх царкоўных сувязяў з 1989 году, а да гэтага быў яго супрацоўнікам. Напярэдадні абраньня Кірыла патрыярхам зьявіліся публікацыі, у якіх яго называлі агентам КДБ «Міхайлавым», аднак дакумэнтальна супрацоўніцтва з «органамі» даказанае не было.

Рускамоўны арыгінал матэрыялу тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG