10 цытатаў Адамовіча: пра Чарнобыль, літаратурныя норавы і будучы гімн Беларусі

Алесь Адамовіч

Днямі споўнілася 25 гадоў, як пайшоў з жыцьця Алесь Адамовіч — пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускай дакумэнтальнай прозы і першы, хто голасна сказаў праўду пра Чарнобыль.

Ніжэй мы зьмяшчаем выказваньні Алеся Адамовіча ў розныя гады з архіву Радыё Свабода.

Пра Чарнобыль

Жудасная катастрофа абрынулася на Беларусь. Тыя шэсьць альбо сем дзён, калі вецер дзьмуў сюды — гэта страшэнныя дні, можа, роўныя чатыром гадам вайны па свайму выніку.

Пра здраду свайму народу

Немцы, каб выпрабаваць карнікаў з нашых людзей, прымушалі рабіць іх асабліва жудаснае. І ўжо калі ты сваю вёску расстраляў — дык табе давяраць будуць бязьмежна. Чыноўнікі, якія здрадзілі і заклалі свой народ — ім ужо апарат можа давяраць бясконца.

Пра лёс пісьменьніка ў час перабудовы

Лёс пісьменьніцкі у нашым грамадзтве — ва ўсялякім разе, на тым этапе — быць у ролі тарану, якім браму разьбіваюць. Браму разаб’юць, а потым астатнія хлынуць у прабоіну..

Пра дзьве мовы

Я лічу сябе расейскім і беларускім пісьменьнікам. Каб быць такім упэўнена беларускім празаікам, трэба быць чалавекам зь вёскі. Наша мова цалкам зь вёскі, а тая мова, якую мы мелі ў Менску, ва ўнівэрсытэце і ў маёй Глушы, дзе быў нейкі валяпюк польска-расейска-беларускі, стварала і стварае ў мяне нейкую няўпэўненасьць у сэнсе моўнага багацьця.

Я як чалавек, які трымаецца дзьвюма рукамі за парэнчы, трымаюся і за расейскую мову, і за беларускую. Яно так і працягваецца — і на расейскай мове пішу, і на беларускай.

Жывучы ў Беларусі, я часьцей друкаваўся ў Маскве. Мы знаходзіліся ў такіх умовах, калі лічылася, раз ты на беларускай мове напісаў, у Маскве ня мог надрукавацца раней, чым у Беларусі. Каб толькі я паказаў „Карнікаў“ на беларускай мове, ці падаў на беларускай мове ў Беларусі, мне б іх тады, канечне, пахавалі, угробілі, і я б ня мог выйсьці наагул у друк. І гэта таксама дыктавала моўную дваякасьць.

А цяпер, калі я і зь неабходнасьці, і з усякіх іншых прычынаў жыву ў Маскве больш, чым у Менску, я гэтым не зьвязаны, і я зь вялікай ахвотай пішу па-беларуску.

Пра нянавісьць у літаратурным асяродку

Вы памятаеце наша літаратурнае жыцьцё ў Менску і тут^; у якім д’ябальскім катле, чыгуне варыліся мы ва ўзаемнай нянавісьці да нашых ужо літаратурных апанэнтаў, літаратурных праціўнікаў!..

У мяне ў «Vixi» ёсьць адна рэальная дэталь. Я аднойчы садзіўся ў тралейбус у Менску, людзей нямнога было, і раптам я адчуў — хтосьці мяне заштурхоўвае ў гэты тралейбус ня проста зь незвычайнай сілай, а зь сілай нянавісьці. Я ўпершыню адчуў нянавісьць як нешта фізычнае. Я аглянуўся і ўбачыў усяго толькі пісьменьніка.

І тады мне стала страшна. Не таго, што ён мне нешта зробіць, а — у што мы ператварыліся? Што нас так разьвяло, што ён мяне так ненавідзіць? І, мабыць, у мяне нейкія пачуцьці да яго такія нялюдзкія...

І цяпер, калі гэты чалавек даўно памёр (памрэм і мы хутка), цяпер думаеш: пастой-пастой, вось калі мы сустрэнемся там, цікава, мы і туды перанясем нашыя літаратурныя, палітычныя і іншыя пачуцьці?!..

Пра тое, хто выжыве ў атамнай вайне

Была такая дыскусія, націскаць ядзерную кнопку альбо не націскаць, нават калі цябе атакуюць. Я казаў: нельга націскаць, таму што страшны ня першы атамны ўдар, а другі — менавіта ён да рэшты зьнішчыць усё жывое. Пачалі цягаць мяне ў ЦК. Спачатку паклікаў Антановіч: «Што Вы ўсіх палохаеце атамнай вайной, усясьветнай катастрофай? Адкуль Вы ўзялі ўсё гэта?». І тут ён мне сказаў сваю гістарычную фразу: «Ну што Вы ўсіх палохаеце, палохаеце. Ня ў гэтым справа, у рэшце рэшт — загіне, ці не загіне народ. Калі нават увесь народ наш загіне і застануцца жывымі дзесяць чалавек, дык важна ня гэта. А важна тое, каб гэтыя дзесяць заставаліся савецкімі людзьмі».

Пра адмову ад ядзернай зброі

Я вельмі ганаруся маёй Беларусьсю, што яна адмовілася ад ядзернай зброі і паказала прыклад усім дзяржавам — маю на ўвазе і Расею, і Ўкраіну, і Казахстан, і іншыя, якія сёньня шукаюць гэтую згубу на сябе і на іншых.

Беларусь аказалася адзінай краінай, адзіным народам, які меў гэтую зброю і меў магчымасьць прытрымаць яе, патрымаць у руках, пагуляць гэтай страшэннай рэччу, — і адмовіўся.

Я ня думаю, што гэта погляд усіх палітыкаў нашых, ня думаю, што гэта погляд палітыкаў і справа, і зьлева, і радыкальных, і дэмакратаў. У мяне былі спрэчкі, нават зь людзьмі блізкіх мне поглядаў, якія гаварылі так: «Хай хоць заплацяць нам!» І тым ня менш, Беларусь робіць вельмі шчыра, адмаўляючыся ад гэтай згубы, якая, вядома, для ўсіх згуба, для ўсяго сьвету і для нашай краіны.

І думаю, што гэта ідзе ад — у нас вельмі любяць слова мэнталітэт — ад беларускага, народнага. І ня толькі ад чарнобыльскай памяці, але нешта ёсьць у нас... Ці было? Можа, мы і страцім гэта, што праявілася так выдатна...

Калі я думаю пра рэакцыю людзей на ўсё, што сёньня адбываецца і ў Расеі, і ў Беларусі, і ва Ўкраіне, у былым Савецкім Саюзе, я думаю, можна пашкадаваць, што ня ўсе ў свой час па-сапраўднаму спалохаліся гэтай зброі. Ня ўсе па-сапраўднаму зразумелі тую пагрозу, якая была вельмі рэальная. Ня ўсе таму і разумеюць, ад чаго мы выратаваліся, ад чаго адышлі.

Калі б гэта ўсе мелі на ўвазе, памяталі, я думаю, не было б вось гэтага ляманту, стогну, плачу: «Вось, развалілі ўсё, усё разбурылі, стала горш, чым было, і невядома як з гэтага выйсьці, і трэба вяртацца назад!», і гэтак далей, і гэтак далей.

Пра шчасьлівы распад СССР

Мы ўсе лаем КДБ, НКВД, ГПУ — і ўсё правільна, але адзінае, за што можна быць удзячнымі, дык гэта за нязьнішчаныя архівы, дзе хоць нейкія дакумэнты засталіся.

Вось яны падслухалі калісьці гаворку акадэміка Ландаў. Ён у 1956 годзе ўжо гаварыў, што ці сыстэма наша сацыялістычная мірна сыдзе з гістарычнай арэны, ці будзе абавязкова атамная вайна. І ніхто — ні Ландаў, ні Сахараў, ні Салжаніцын — ня верылі ўсур’ёз, што яна можа мірна сысьці з гістарычнай арэны.

Так адбылося — гэта вялікае шчасьце, вялікая ўдача, і таму той развал, пра які столькі льюць сьлёзаў, — проста плата за тое, што чалавецтва выратавалася.

Пра пасаду прэзыдэнта

...Я думаю, ня час нам дабівацца прэзыдэнцкай пасады. Нам патрэбны моцны Вярхоўны Савет, які б адлюстраваў сацыяльна-палітычную сытуацыю ў Беларусі. Таму патрэбныя свабодныя новыя выбары, якія далі б нам новы заканадаўчы орган. Сапраўды аўтарытэтны, мабільны, дынамічны, здольны на адказныя хады, рашэньні і ўчынкі.

Пра будучы гімн Беларусі

...Ці трэба нам новы, сьвежаствораны, не ахрышчаны часам і гісторыяй каньюнктурны гімн? Ці хутка ён стане адной з важнейшых сьвятыняў нацыі? Асабліва калі ў гістарычнай народнай памяці яшчэ велічна гучыць колішні, ахрышчаны нешчасьлівым лёсам (дарэчы, тым, які хрысьціў беларускі народ і саму Рэспубліку Беларусь) гімн на словы Краўцова Макара („Мы выйдзем шчыльнымі радамі...“ — рэд.). А між тым, гэта велічная мэлёдыя і выдатны тэкст. І ня так важна, што некаторыя моманты яго неадэкватныя сучаснай палітыцы Беларусі, што яны, можа, палітычна састарэлыя. Гэта зусім ня той выпадак, калі патрэбная злабадзённасьць. Тэксты гімнаў цывілізаваных краін звычайна архаічныя, але яны нязьменна кананічныя, ахрышчаны крывавай гісторыяй, і ў гэтым іх мастацкая і духоўная сіла. Мы прапануем узаконіць гімн на словы Краўцова Макара, ажыцьцявіўшы тым важнейшы дзяржаўны акт на шляху да сапраўднай сувэрэннасьці Рэспублікі Беларусь». Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, 13 лістапада 1991 г.

Гл. таксама:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты развал — вялікае шчасьце...» Апошняе інтэрвію Адамовіча па-беларуску

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мары Алеся Адамовіча

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьлюнькоў і Адамовіч. Пілат і праведнік

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: “Нашай краіне было б лягчэй, калі б ён быў ...”

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск, праспэкт Незалежнасьці, 76а

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Адамовіч: Неразборлівы шэпт сьмерці

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра Алеся Адамовіча. Сёньня яму споўнілася б 90 гадоў