Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч узяўся дапамагчы з завяршэньнем будаўніцтва мэмарыялу ахвярам Першай сусьветнай вайны ў Смаргонях на Горадзеншчыне. Праз адсутнасьць фінансаваньня работы на комплексе замарожаныя больш як 5 гадоў.
Грошы на будаўніцтва шукалі ня ўлады, а прадпрымальнік
Прадпрымальнік, заснавальнік пошукавага аб’яднаньня «Смаргонь франтавая» Ігар Паўлаў расказаў Свабодзе, што меў сустрэчу з кіраўніком расейскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Менску, які запэўніў, што да лета, у горшым выпадку да канца году мэмарыял будзе гатовы.
«Спачатку амбасадар наведваў Смаргоні, дзе агледзеў мэмарыял, пасьля я езьдзіў на прыём у Менск, там абмяркоўвалі праблему. І праз два тыдні знайшлося фінансаваньне: прынята рашэньне выдзеліць 2 мільёны даляраў на давядзеньне да ладу. Бо склалася абсурдная сытуацыя: грошы нібыта ёсьць, але незразумела, хто заказьнік зь беларускага боку: ці Міністэрства спорту і турызму, ці вобласьць, ці раённы выканкам. Спадзяюся, сёлета комплекс будзе дабудаваны», — сказаў Ігар Паўлаў.
Раней зьвесткі пра такую дамоўленасьць Свабодзе пацьвердзіў намесьнік старшыні Смаргонскага райвыканкаму Генадзь Бычко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля Смаргоняў здымаюць батальныя сцэны мастацкага фільма пра Першую ўсясьветную вайну. ФОТА
У амбасадзе Расеі Свабодзе не ўдакладнілі, зь якога бюджэту могуць быць прыцягнутыя сродкі на завяршэньне смаргонскага мэмарыялу, але факт размовы пацьвердзілі.
«Так, была такая сустрэча, калі Міхаіл Віктаравіч наведваў Смаргоні, — сказаў прэсавы сакратар дыпмісіі Аляксей Маскалёў. — Магчыма, маюць месца пэўныя папярэднія дамоўленасьці, аднак вырашанае пытаньне да канца ці не, сказаць цяжка. Прынамсі я ня чуў камэнтароў пра 2 мільёны даляраў. Вось будзе праект рэалізаваны — тады амбасадар пакліча журналістаў і пра ўсё раскажа. Пакуль гэта працоўны момант, складана сьцьвярджаць, у якой стадыі ўсё знаходзіцца і да чаго канкрэтна бакі дамовіліся».
Смаргоні — адзінае месца па ўсёй лініі фронту ад Балтыйскага да Чорнага мораў, дзе 810 дзён ішлі пазыцыйныя баі, страты германскай і расейскай армій вылічваліся дзясяткамі тысяч. У выніку ўзаемных абстрэлаў і газавых атак горад быў зьнішчаны, 16 тысяч уцекачоў апынуліся ў аддаленых рэгіёнах Расейскай імпэрыі.
Мэмарыял з георгіеўскім крыжам
Маштабны мэмарыял пачалі ўзводзіць на ўскрайку Смаргоняў за сродкі так званай Саюзнай дзяржавы і меліся здаць яшчэ да 1 жніўня 2014 году, на сотыя ўгодкі пачатку Першай сусьветнай вайны. Паставілі капліцу са звонам і георгіеўскім крыжам, скульптурныя кампазыцыі салдат і ўцекачоў, мэталічную мапу лініі фронту, сьцяну памяці, валуны з інфармацыяй.
У дакумэнтах аб’ект спачатку значыўся як «Парк Перамогі», хоць падобная трактоўка не адпавядае рэчаіснасьці з гістарычнага пункту гледжаньня: пасьля таго, як бальшавікі ў Берасьці заключылі сэпаратны мір зь Нямеччынай, Расея ня трапіла ў лік пераможцаў. Ад гэтай назвы адмовіліся. Шыльду адкарэктавалі, але на гэтым этапе фінансаваньне спынілася: Масква палічыла, што сваю частку дамовы выканала. Ні раённы, ні абласны бюджэты лішніх сродкаў на завяршэньне будаўніцтва ня мелі, у выніку аб’ект быў замарожаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Смаргонях улады «замарозілі» пампэзны мэмарыял Першай усясьветнай, але людзі зрабілі свой. ФОТАУлады паабяцалі выправіцца да наступнага юбілею — 100-годзьдзя заканчэньня ваеннай кампаніі ў 2018-м. Зноў не атрымалася, пастамэнты і празь пяць гадоў застаюцца ў шэрым бэтоне. За другую чаргу, якая павінна была аб’яднаць у адзіную кампазыцыю яшчэ некалькі помнікаў па пэрымэтры Смаргоняў, нават ня браліся.
Тым часам насупраць мэмарыялу-даўгабуду актывісты фонду «Смаргонь франтавая» ачысьцілі мясьціны, зьвязаныя з падзеямі Першай сусьветнай, у прыватнасьці высотку «Залатая горка», якую за савецкім часам ператварылі ў сьметнік.