Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смаргонях улады «замарозілі» пампэзны мэмарыял Першай усясьветнай, але людзі зрабілі свой. ФОТА


Смаргоні, якія стануць цэнтрам памятных імпрэзаў з нагоды заканчэньня Першай усясьветнай вайны
Смаргоні, якія стануць цэнтрам памятных імпрэзаў з нагоды заканчэньня Першай усясьветнай вайны

Маштабны мэмарыял, будоўля якога фінансавалася ў Смаргонях за кошт беларускага і расейскага бюджэтаў, да 100-годзьдзя канца вайны так і не завяршылі.

11 лістапада ў сьвеце адзначаць стагодзьдзе заканчэньня Першай усясьветнай вайны. У гэты дзень 1918 году было падпісанае Камп’енскае замірэньне, якое стала вынікам больш як чатырохгадовага супрацьстаяньня Траістага зьвязу (Германская, Аўстра-Вугорская, Асманская імпэрыі) з Антантай (Вялікая Брытанія, Францыя, Расея — апошняя выйшла з вайны, калі бальшавіцкі ўрад падпісаў зь Нямеччынай Берасьцейскую мірную дамову).

У цэнтры самых жорсткіх баёў

Скульптурная кампазыцыя ў Смаргонях
Скульптурная кампазыцыя ў Смаргонях

У Беларусі цэнтрам памятных імпрэзаў стануць Смаргоні. Гэта адзінае месца па ўсёй лініі фронту ад Балтыйскага да Чорнага мораў, дзе 810 дзён ішлі пазыцыйныя баі. У выніку ўзаемных абстрэлаў і газавых атакаў германскіх і расейскіх армій горад быў цалкам зьнішчаны, 16 тысяч жыхароў падаліся ва ўцекачы і апынуліся ў аддаленых рэгіёнах Расейскай імпэрыі.

Да сотых угодкаў заканчэньня вайны ў мясцовым краязнаўчым музэі адкрылася сумесная выстава дзіцячых малюнкаў навучэнцаў мастацкіх школаў са Смаргоняў і Крэва, а таксама экспазыцыя рарытэтных здымкаў і паштовак, набытых на аўкцыёнах дасьледчыкам Першай усясьветнай вайны Ўладзімерам Багданавым.​

Фотавыстава ў Смаргонскім краязнаўчым музэі
Фотавыстава ў Смаргонскім краязнаўчым музэі

11 лістапада тут чакаюць чыноўнікаў з Горадні і Менску. Іх інтарэс — мэмарыял у памяць пра герояў і ахвяраў тагачасных падзей. Яго пачалі ўзводзіць на ўскрайку Смаргоняў за сродкі так званай саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Абяцалі здаць да 1 жніўня 2014 году — на стагодзьдзе пачатку ваенных дзеяньняў. Паставілі капліцу са звонам і георгіеўскім крыжам, скульптурныя кампазыцыі салдат і ўцекачоў, мэталічную мапу ліні фронту, сьцяну памяці, некалькі валуноў з інфармацыяй пра падзеі.

Але да аздабленьня справа так і не дайшла: пастамэнты і праз чатыры гады застаюцца ў шэрым бэтоне, такога ж выгляду паўкруглыя сьцены, куды меліся нанесьці прозьвішчы загінулых, паўсюль тырчаць драты падсьвятленьня, якога няма, будаўнічы жвір замест ходнікаў. За другую чаргу нават ня браліся — а яна павінна была аб’яднаць у адзіную кампазыцыю яшчэ некалькі помнікаў па пэрымэтры Смаргоняў.

Помнік салдатам на неабліцаваным пастамэнце
Помнік салдатам на неабліцаваным пастамэнце

Тэрміны мэмарыялізацыі праваленыя

Адзін з аўтараў мэмарыялу — вядомы скульптар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоль Арцімовіч. Прызнаецца, што помнік у Смаргонях — надзвычай балючае для яго пытаньне.

«Няма грошай на завяршэньне мэмарыялу, — наракае ён. — Я ўжо немалады чалавек, мяне гэта турбуе. Усе тэрміны, якія нам падаваліся рэальнымі, праваленыя. Некалькі гадоў усё прастаяла без дагляду, ужо бэтон пачаў трэскацца. Мала таго, павінны былі пачаць другую чаргу: зьбіраліся на аб’язной дарозе паставіць воіна, які ўваткнуў штык у зямлю. Пра што гаворка, калі сам мэмарыял не завяршылі? Я ня бачу зацікаўленасьці з боку ўладаў. Расея давала нейкія грошы, казалі, што будзе ў складчыну. Дарэчы, мне цікава, чаму прэзыдэнт так і не наведаў гэтае месца?».

Адваленыя кавалкі бэтону на сьцяне памяці
Адваленыя кавалкі бэтону на сьцяне памяці

Мясцовыя ўлады наракаюць, што саюзнае фінансаваньне нечакана скончылася, а раённаму бюджэту такія выдаткі не пацягнуць. Былі спадзевы, што пад 100-годзьдзе завяршэньня вайны на даўгабуд зьверне ўвагу Аляксандар Лукашэнка: у ліку кіраўнікоў краін, тэрыторыі якіх пацярпелі ад баёў, яго запрасілі наведаць 11 лістапада жалобныя імпрэзы ў Парыжы. Аднак цікавасьці да мэмарыялу ён так і ня выявіў.

Імітацыя капліцы са звонам
Імітацыя капліцы са звонам

Альтэрнатыўны помнік

Тым часам смаргонская грамадзкасьць узялася за альтэрнатыўную мэмарыялізацыю. Літаральна праз дарогу ад «замарожанага» помніка — лясны масіў, здаўна вядомы як «Залатая горка». Яшчэ нядаўна дабрацца туды было цяжка — тут арганізавалі стыхійную звалку, за якой разраслося непралазнае кустоўе. А нядаўна мясцовыя энтузіясты, самаарганізаваныя ў фонд «Смаргонь франтавая», узяліся парадкаваць тэрыторыю.

100 гадоў таму «Залатая горка» была стратэгічнай «высоткай» (72,9 мэтра), за якую паклалі галовы сотні салдат з абодвух бакоў. Ад восені 1915-га германцы паставілі тут сваю артылерыйскую батарэю, якая абстрэльвала ўвесь бліжні тыл расейскіх пазыцый. Кайзэраўскім назіральнікам, якія замацаваліся ў бэтонным доце на самай вяршыні, любое перамяшчэньне ворага было відаць як на далоні.

Крыж у памяць пра падзеі 100-гадовай даўніны
Крыж у памяць пра падзеі 100-гадовай даўніны

Бой за вышыню

У ліпені 1916 году расейцы пайшлі на адчайны крок: байцы сапёрнага батальёну пачалі пракладаць мінны ход ад перадавых акопаў праз нэўтральную паласу — проста пад нямецкімі траншэямі да германскай батарэі. Як сьведчаць архівы, блізу 1000 салдат выносілі мяхі з грунтам у тыл на 500 крокаў, дзе іх маскіравалі. Іншыя ў адваротным кірунку дастаўлялі бярвеньне мацаваць галерэю. Урэшце пад зямлю заклалі два вагоны выбухоўкі, дастаўленай чыгункай са станцыі Залесьсе.

Празь месяц пасьля пачатку працаў, 2 ліпеня 1916 году, «Залатую горку» падарвалі — разам з усім баявым разьлікам. Сьледам у атаку пайшла пяхота, вышыня была ўзятая. Зрэшты, немцы неўзабаве адплацілі газавай атакай, да якой расейцы гэтаксама не былі падрыхтаваныя.

Вырва ад выбуху на Залатой горцы
Вырва ад выбуху на Залатой горцы

Пра тагачасныя падзеі дагэтуль нагадваюць тры вялізныя варонкі, кожная плюс-мінус паўсотні мэтраў у дыямэтры. Хоць за прамінулы час усе яміны парасьлі дрэвамі, наступствы выбуху ўражваюць дагэтуль.

Паводле дасьледчыкаў, за ўсе 4 гады Першай усясьветнай вайны большы «кратэр» застаўся толькі ў выніку аналягічнай апэрацыі брытанцаў супраць немцаў ля бэльгійскага гораду Мэсін — праз год пасьля выбуху ў Смаргонях.

Фрагмэнт адноўленых акопаў
Фрагмэнт адноўленых акопаў

Мясцовыя аматары гісторыі вырашылі, што «Залатая горка» — сама па сабе помнік тым трагічным падзеям. На подступах да былой высоткі яны расчысьцілі пляцоўку, дзе паставілі два крыжы — каталіцкі і праваслаўны. Яшчэ адзін крыж — на дне самай вялікай варонкі, да яго вядуць драўляныя сходкі. Стаіць інфармацыйны стэнд, на якім выкладзена гісторыя супрацьстаяньня.

Невялікія фрагмэнты шматлікіх акопаў, якімі густа ўсыпаныя мясцовыя лясы, умацавалі бярвёнамі. Для паўнаты карціны абсталявалі імправізаваныя зямлянкі і штабныя пункты. Некалькі разоў тут ужо ладзілі рэканструкцыі штурму «Залатой горкі». Узялі ў рыштаваньні і рэшткі падземнага ходу, але працы спыніліся на паўдарозе — якраз рыхтуюцца дакумэнты на тое, каб перадаць гэтую тэрыторыю пад адказнасьць Смаргонскага краязнаўчага музэю. Што з гэтага выйдзе — прадказваць ніхто пакуль не бярэцца.

Тут пралягаў падземны ход
Тут пралягаў падземны ход

Хто ваяваў пад Смаргонямі

У той ці іншай ступені да аднаго з найзначнейшых эпізодаў пазыцыйнай вайны спрычыніліся многія вядомыя асобы. Тут яны разам ляжалі ў адных акопах, аднак неўзабаве іх падзяліў бальшавіцкі пераварот 1917 году.

Сярод тых, хто ваяваў пад Смаргонямі, — штабс-капітан Міхаіл Зошчанка і падпаручнік Валянцін Катаеў, абодва сталі вядомымі пісьменьнікамі. Была на фронце графіня Аляксандра, дачка Льва Талстога — служыла сястрой міласэрнасьці і загадвала палявым шпіталем у колішняй сядзібе дыплямата і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залесьсі.

Валуны з інфармацыяй пра абарону Смаргоняў
Валуны з інфармацыяй пра абарону Смаргоняў

А яшчэ — будучы маршал і міністар абароны СССР Радзівон Маліноўскі, будучы начальнік Генштабу Чырвонай арміі і маршал Савецкага Саюзу Барыс Шапашнікаў, будучы маршал авіяцыі Сьцяпан Красоўскі. Генэралы ж Антон Дзянікін і Аляксандар Куцепаў не прынялі ўладу бальшавікоў і сталі лідэрамі «Белага руху».

У баях пад Смаргонямі браў удзел першы петраградзкі жаночы «батальён сьмерці» пад камандаваньнем Марыі Бачкаровай: са 170 яе падначаленых 30 былі забітыя, а яшчэ 70 параненыя.

Першая ўсясьветная ў малюнках смаргонскіх дзяцей
Першая ўсясьветная ў малюнках смаргонскіх дзяцей

Зь нямецкага боку таксама ваявалі знаныя вайсковыя дзеячы, але нам іх прозьвішчы наўрад ці што скажуць. Давялося тут пабываць і будучаму пісьменьніку Эрнсту Віхэрту, які пасьля аднаго з баёў атрымаў Жалезны крыж ІІ ступені, і мастаку-экспрэсіяністу Пэтэру Аўгусту Бэкштыгелю.

Страты ад Першай усясьветнай

Агулам за час вайны ў розных частках сьвету загінулі прыкладна 17 мільёнаў вайскоўцаў і мірных гамадзянаў, мільёны былі пакалечаныя. Яе вынікам стала кардынальная зьмена палітычнай мапы: спынілі сваё існаваньне Германская, Расейская, Аўстра-Вугорская і Асманская імпэрыі.

Мапа баявых дзеяньняў у недабудаваным мэмарыяле
Мапа баявых дзеяньняў у недабудаваным мэмарыяле

Беларусам тая вайна прынесла шмат гора. Больш за 800 тысяч мужчын зь беларускіх губэрняў былі змабілізаваныя ў царскае войска, 70 тысяч зь іх загінулі на франтах. Звыш 2 мільёнаў цывільных сталі вымушанымі ўцекачамі, 400 тысяч так і не вярнуліся з эвакуацыі. Колькасьць тых, хто загінуў і памёр ад хваробаў, сярод мірнага насельніцтва перавысіла 60 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG