Ірызын, гармон, які вылучаецца падчас фізычных практыкаваньняў, можа палепшыць здароўе мозгу і зьменшыць пашкоджаньне, якое адбываецца пры хваробы Альцгаймэра. Пра гэта ў газэце The New York Times піша Грэтхэн Рэйналдз.
Новае дасьледаваньне
Гармон, які выпрацоўваецца падчас трэніроўкі, можа палепшыць здароўе мозгу, зьмяншае пашкоджаньне мазгавых клетак і прадухіляе страту памяці, што ўзьнікае пры старэчай прыдуркаватасьці (дэмэнцыі).
Дасьледаваньне, вынікі якога былі апублікаваныя ў студзені 2019 году ў часопісе Nature Medicine, было праведзена на мышах.
Тым ня менш, яго вынікі могуць дапамагчы растлумачыць, якім чынам практыкаваньні на малекулярным узроўні абараняюць наш мозг, захоўваюць памяць і навыкі мысьленьня.
Гэтыя зьвесткі сталі добрым дадаткам да вялікіх эпідэміялягічных дасьледаваньняў, якія даўно сьведчаць, што фізычныя практыкаваньні зьмяншаюць рызыку разьвіцьця хваробы Альцгаймэра і нават могуць запавольваць ход захворваньня ў тых, хто ад яго ўжо пакутуе.
У фокусе ўвагі — ірызын
Праблемай заняўся міжнародны кансорцыюм навукоўцаў — нэўролягаў і малекулярных біёлягаў. У цэнтры ўвагі дасьледчыкаў аказаўся гармон ірызын, адкрыты ў 2012 годзе. Тады было выяўлена, што яго ўзровень у арганізьме рэзка павялічваецца ў адказ на фізычную нагрузку.
У сваю чаргу, выпрацоўка ірызыну запускае шэраг біяхімічных рэакцый ва ўсім целе — большасьць зь іх зьвязана са здаровым мэтабалізмам.
Паколькі хвароба Альцгаймэра зьвязана з мэханізмам спажываньня энэргіі клеткамі мозгу, навукоўцы вырашылі праверыць гіпотэзу, што наяўнасьць ірызыну ў мозгу можа абараніць яго ад пашкоджаньняў.
Ірызын супраць хваробы Альцгаймэра
Дасьледчыкі прааналізавалі сабраныя раней калекцыі клетак мозгу і пры дапамозе складанага хімічнага мэханізму, знайшлі ў іх ірызын. Больш за тое, прымяніўшы мэтады генэтычнага аналізу, навукоўцы прыпусьцілі, што вялікая частка гэтага гармону была створана ў самім мозгу.
Таксама было знойдзена, што ў мозгу людзей, якія памерлі, не пакутуючы на хваробу Альцгаймэра, узроўні ірызыну былі максымальна высокія. І наадварот, у мозгу тых, хто меў гэтую хваробу, ірызын ледзьве выяўляўся.
Як адбылося адкрыцьцё
Падчас экспэрымэнту мышам увялі ў мозг ірызын. Неўзабаве пасьля гэтага жывёлы пачалі дэманстраваць лепшыя вынікі ў тэстах на памяць. Больш за тое, агульны стан іх здароўе таксама палепшыўся.
Іншай групе здаровых мышэй увялі ў мозг рэчыва, якое падаўляе выпрацоўку ірызыну. У дадатак гэтыя мышы атрымалі іньекцыі бэта-амілёіду, які выклікае згусткі і фармуе бляшкі ў мозгу хворых на хваробу Альцгаймэра. Па-сутнасьці, гэтую групу мышэй «заразілі» хваробай Альцгаймэра. У выніку ў мышэй зьявіліся прыкметы пагаршэньня памяці і парушэньня сувязі паміж клеткамі мозгу.
Трэцюю групу жывёл навукоўцы прымусілі плаваць гадзіну амаль кожны дзень на працягу пяці тыдняў. Некаторыя з гэтых жывёл перад пачаткам экспэрымэнту атрымалі іньекцыі рэчыва, якое блякуе выпрацоўку ірызыну.
У выніку здаровыя мышы-плыўцы паказалі вельмі высокія ўзроўні ірызыну. Пасьля ім уводзілі бэта-амілёід, і яны ўсё роўна паказвалі лепшыя вынікі ў тэстах на памяць, чым мышы з кантрольнай групы, якія не займаліся фізычнымі практыкаваньнямі.
Камэнтар аўтараў дасьледаваньняў
Галоўная выснова калектыву навукоўцаў з ЗША, Канады і Бразыліі, такая: фізычныя практыкаваньня могуць абараніць ад старэчай прыдуркаватасьці (дэмэнцыі) і, у прыватнасьці, выклікаюць павелічэньне ў галаўным мозгу ўзроўню гармону ірызыну.
Пра гэта ў камэнтары для The New York Times сказаў адзін з аўтараў дасьледаваньня Атавіё Аранчыё, прафэсар паталёгіі і клінічнай біялёгіі Калюмбійскага ўнівэрсытэту.
У якасьці наступнага кроку навукоўцы зьбіраюцца праверыць на мышах фармацэўтычную форму ірызыну для лячэньня дэмэнцыі ў жывёл.
А пасьля надыдзе чарга людзей.