Міністэрства ўнутраных справаў Расеі зранку 28 сьнежня паведаміла аб затрыманьні падазраванага ў выкраданьні днём раней карціны Архіпа Куінджы «Ай-Пэтры. Крым» з маскоўскай Трацьцякоўскай галерэі.
31-гадовы падазраваны быў затрыманы супольна міліцыяй і Фэдэральнай службай бясьпекі ў пасёлку Зарэчча пад Масквой. Ён расказаў, што схаваў карціну на будоўлі — пазьней паліцыянты сапраўды яе там знайшлі.
Цяпер распачатая крымінальная справа за «выкраданьне прадметаў, якія маюць асаблівую каштоўнасьць». У Расеі за гэта могуць пакараць прымусовымі работамі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 10 гадоў з магчымым штрафам да 7600 даляраў.
Пры гэтым падазраваны быў пад падпіскай аб нявыезьдзе з прычыны затрыманьня ў сьнежні 2018 году — ён застаецца фігурантам справы за захаваньне наркотыкаў. Але на відэа зь месца затрыманьня мужчына адмаўляе і крадзеж карціны, і ранейшае затрыманьне.
Паводле «Інтэрфаксу», мужчына цяпер мае прайсьці псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу на сьвядомы стан і ўжываньне наркотыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Трацьцякоўскай галерэі сярод белага дня скралі карціну КуінджыРаней паведамлялася, што карціна зьнікла на вачах у шматлікіх наведнікаў экспазыцыі. Як сьцьвярджалі сьведкі, мужчына, якога прынялі за супрацоўніка музэю, спакойна падышоў да карціны, дастаў яе з рамы і пайшоў. Ні супрацоўнікі музэю, ні гледачы не зразумелі, што адбылося, таму пошукі зьніклай карціны пачаліся толькі празь некалькі хвілінаў.