На цырымоніі ўручэньня дыплёмаў і атэстатаў дактароў навук і прафэсараў 25 студзеня Аляксандар Лукашэнка расказаў пра задачы, якія паставіў перад Акадэміяй навук у сувязі з запускам у Беларусі атамнай электрастанцыі, піша БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка папрасіў паглядзець ягоныя вушы«Давайце мы забясьпечым уласнае насельніцтва — створым энэргаэфэктыўныя бытавыя пліты і прыборы, і кошты каб былі пад'ёмныя. Хоць бы на ўзроўні прыроднага газу для насельніцтва, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — Замест саляркі і бэнзіну заменім на электрамабілі.
І такая была пастаўленая задача Акадэміі навук. Вы ў гэтым годзе выканайце гэтую задачу, пачынаючы ад электраровараў і завяршаючы трактарам, МАЗам на электрычнай цязе. Каб сваё было».
Лукашэнка таксама расказаў, што карыстаецца электрычным матацыклам з кітайскіх камплектуючых (акрамя рамы, «якую вы там зварылі»), які яму прывезьлі «для выпрабаваньняў». Заявіў, што «рэч цудоўная», але «трэба сваё, перадусім батарэя».
У фірмовай краме «Мотавела» Свабодзе паведамілі, што ў вытворчасьці прадпрыемства ўжо ёсьць некалькі мадэляў электраровараў, якія бліжэйшым часам маюць зьявіцца ў продажы. Прыблізны кошт — 1500 рублёў.
Падобную прадукцыю на замову Акадэміі Навук спрабуюць выпускаць і на менскім ААТ «Прыборабудаўнічы завод „Аптрон“».
«Рынкавы кошт электрасамаката — каля 2 тысяч беларускіх рублёў. Мы выйшлі на ўзровень з кітайцамі. Гарантыю на нашы электрарухавікі мы даём на два гады. Але ўсё гэта робіцца на каленках напільнікам. Нам неабходнае фінансаваньне каля 10 млн даляраў на тэхнічнае пераабсталяваньне. Ну, і ровары мы ня робім, але выпускаем гатовыя камплекты, якія на іх можна паставіць (на любое кола — рухавік, акумулятарную батарэю і гэтак далей), — сказаў Свабодзе маркетоляг «Прыборабудаўнічага заводу „Аптрон“» Яўген Карабейнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнік, ружовая бульба і беларуская віягра: 11 інавацый Акадэміі навук. ФОТА
Электрычнасьць зь БелАЭС трэба некуды падзець
Тым часам з энэргіяй зь БелАЭС можа ўзьнікнуць праблема: пакуль на яе няма замежных пакупнікоў. У красавіку Аляксандар Лукашэнка абураўся, што яму «да гэтага часу ніхто ўцямна не далажыўся, як АЭС будзе ўбудаваная ў сыстэму энэргетыкі краіны». У лістападзе ён патрабаваў распрацаваць «рэалістычны плян» пашырэньня выкарыстаньня электраэнэргіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мясьніковіч: Энэргіяй БелАЭС можна ацяпляць жылыя дамыПраз сумневы ў надзейнасьці станцыі Літва абвясьціла байкот энэргіі зь БелАЭС, яе падтрымала Эстонія. Літва дакарае Латвію за брак балтыйскай салідарнасьці супраць БелАЭС, але сама Латвія не выказвала зацікаўленасьці ў тым, каб купляць энэргію зь беларускай станцыі.
Польшча таксама не зацікавілася энэргіяй зь БелАЭС: ня мае патрэбы, лічыць праект небясьпечным і думае пра ўласную АЭС. Фінляндыя не захацела энэргіі зь БелАЭС, хоць мае патрэбу ў нерасейскай крыніцы.
Украіна і Расея не выказвалі зацікаўленасьці ў куплі энэргіі зь БелАЭС. А Ўладзімір Пуцін нават заяўляў, што Расея будуе станцыю ў Беларусі «сабе на шкоду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Хацеў бы, каб нашы навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі». А «Зялёныя» знайшлі, і не адну