Парлямэнт Грэцыі 25 студзеня павінен правесьці гістарычнае галасаваньне адносна ратыфікацыі пагадненьня з суседняй Македоніяй аб зьмене назвы гэтай дзяржавы на Паўночную Македонію.
Напярэдадні каля будынку парлямэнту, дзе вяліся дэбаты вакол пагадненьня, праходзілі пратэсты і сутычкі за паліцыяй. Затрымана больш за сотню чалавек.
Прэм’ер Грэцыі Цыпрас 24 студзеня заклікаў дэпутатаў падтрымаць пагадненьне. «Мы за крок ад гістарычнай падзеі», — сказаў ён.
У абедзьвюх краінах пагадненьне мае шматлікіх праціўнікаў, якія абвінавачваюць урады сваіх краін у занадта вялікіх саступках другому боку і час ад часу ладзяць дэманстрацыі пратэсту. 25 студзеня ля парлямэнту плянуецца чарговая акцыя.
Урады грэцкага прэмʼера Цыпраса і ягонага македонскага калегі Зорана Заева падпісалі пагадненьне ў чэрвені 2018 году. Дакумэнт прадугледжвае зьмену назвы Македоніі на Паўночную Македонію, каб Атэны разблякавалі ўступленьне Скопʼе ў NATO і ЭЗ.
Парлямэнт Македоніі пасьля працяглых дэбатаў зацьвердзіў зьмены ў Канстытуцыю краіны аб яе новай назьве 11 студзеня. Каб угода магла ўступіць у сілу, яе яшчэ павінен ратыфікаваць парлямэнт Грэцыі, дзе кіруючая партыя Цыпраса «СІРЫЗА» ня мае большасьці.
Ад часу распаду былой Югаславіі і ўзьнікненьня незалежнай Македоніі ў 1991 годзе Грэцыя выступае супраць назвы суседняй краіны, сьцьвярджаючы, што яна азначае тэрытарыяльную прэтэнзію, бо гэткую ж назву мае традыцыйны рэгіён на поўначы Грэцыі, а таксама мела старажытнае царства, сусьветна вядомае царом-заваёўнікам Аляксандрам Македонскім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Атэнах супраць дамовы з Македоніяй: паліцыя ўжыла сьлезацечны газПраз гэтую спрэчку і пазыцыю Грэцыі сучасную дзяржаву македонцаў-славянащ шэраг міждзяржаўных і міжнародных арганізацыяў часова называюць «Былая югаслаўская рэспубліка Македонія». Атэны заяўлялі, што будуць блякаваць уступленьне Скопʼе ў NATO і Эўрапейскі зьвяз, пакуль там ня зьменяць назвы сваёй дзяржавы.