Сайт пра дэкрыміналізацыю марыхуаны ў Беларусі пакінулі заблякаваным

Акцыя прыхільнікаў дэкрыміналізацыі марыхуаны ў Менску, 2 красавіка 2018 году

Зранку 25 студзеня суд Цэнтральнага раёну Менску не задаволіў скаргу грамадзкай ініцыятывы Legalize Belarus на блякаваньне ейнага сайту Legalize.by, піша БелаПАН.

Як падкрэсьліў судзьдзя Аляксандар Длужнеўскі, рашэньне прынятае адносна скаргі на дзеяньні Мінінфарму па блякаваньні сайту (якое зачапіла і іншыя старонкі, не зьвязаныя з кампаніяй), а не на абгрунтаванасьць прэтэнзіяў Міністэрства ўнутраных справаў да самога сайту Legalize.by.

Заяўнік Пётар Маркелаў не пагадзіўся з вынікамі суду і зьбіраецца абскардзіць іх у Менскім гарадзкім судзе.

Сайт застаецца заблякаваным у Беларусі, але суполкі кампаніі ў сацсетках дасяжныя.

Карцінку зь лістом канопляў забаранілі?

Паводле кампаніі Legalize Belarus, на працэсе прадстаўнікі Мінінфарму і МУС заявілі, што любая выява ліста канопляў, калі яна не ўтрымлівае папярэджаньня пра крымінальную адказнасьць за зварот кантраляваных рэчываў, ёсьць прапагандай спажываньня марыхуаны, і таму забароненая для зьмяшчэньня ў інтэрнэце.

Раней такая інфармацыя не агучвалася, дакумэнтальных пацьверджаньняў такой забароны няма ў адкрытым доступе.

Блякаваньне Legalize.by. Што важна ведаць

  • 8 траўня Мінінфарм закрыў доступ да сайту legalize.by на падставе апавяшчэньня з МУС. Прычынай блякаваньня называюць прапаганду марыхуаны. Сайт напаўняўся ангельскамоўнымі матэрыяламі пра дзейнасьць кампаніі за дэкрыміналізацыю марыхуаны і кантраляваных рэчываў Legalize Belarus.
  • Таксама ў траўні заблякавалі сайты, якія знаходзіліся на адным IP-адрасе з сайтам legalize.by. Сярод іх — сайт пра беларускую мову на спажывецкім рынку і сайт руху «Дзея», распрацоўка якога на момант блякаваньня яшчэ вялася. У ліпені доступ да ўсіх сайтаў, акрамя legalize.by, вярнулі.
  • Супраць зьмякчэньня антынаркатычнага заканадаўства выступала Міністэрства ўнутраных спраў і асабіста міністар Ігар Шуневіч.
  • Паводле закону аб СМІ блякаваньне доступу да рэсурсаў можа ажыцьцяўляцца ў пазасудовым парадку. Аднавіць доступ можна, зьвярнуўшыся ў Мінінфарм. Зварот разглядаюць цягам месяца.