Супольная дэлегацыя ад чатырох міжнародных прафсаюзных арганізацый праінфармавала кіраўніцтва Эўразьвязу пра пагаршэньне сытуацыі з захаваньнем прынцыпаў дэмакратыі і асноўных правоў чалавека ў Беларусі на прыкладзе «справы РЭП». Пра гэта Свабодзе паведаміў былы кіраўнік незалежнага беларускага прафсаюзу Генадзь Фядыніч.
Лідэраў Глябальнага і Эўрапейскага саюзаў IndustriALL, Міжнароднай і Эўрапейскай канфэдэрацый прафсаюзаў прымаў Люк Дэвін, кіраўнік Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня па Расеі, краінах «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі і АБСЭ. Прадстаўнікі прафсаюзаў адзначылі, што Эўразьвяз мае пэўныя рычагі ўплыву на кіраўніцтва Беларусі, і заклікалі Брусэль патрабаваць перагляду прысуду Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, якіх назвалі палітычнымі вязьнямі.
«Я маю падрабязную інфармацыю ад яе ўдзельніка, намесьніка генсека Глябальнага саюзу IndustriALL Кемаля Азкана. Я ўжо шмат гадоў у прафсаюзах, але ня памятаю, каб па адной справе супольна выступілі аж чатыры арганізацыі», — сказаў Свабодзе Фядыніч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры незалежнага прафсаюзу паўгода дамагаліся суду пра абарону годнасьціМіжнародныя прафсаюзы лічаць, што павага да прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і правоў прафсаюзаў павінна быць запісаная ў ліку прыярытэтаў пагадненьня аб стратэгічныя партнэрстве паміж Эўразьвязам і Рэспублікай Беларусь. Гэты дакумэнт, як неаднаразова заяўлялі і ў Брусэлі, і ў Менску, можа быць падпісаны «бліжэйшым часам».
Ці забяруць у Лукашэнкі Эўрапейскія гульні?
Адначасова лідэры чатырох прафсаюзных арганізацый заклікалі Каардынацыйную камісію па правядзеньні II Эўрапейскіх гульняў пры кантактах з уладамі Беларусі падняць пытаньне аб палітычных зьняволеных, асудзіць перасьлед журналістаў і прафсаюзаў, разгледзець магчымасьць пераносу гульняў у іншую краіну.
Поўны тэкст звароту на імя старшыні камісіі Сьпіраса Капраласа апублікаваны на сайце РЭП.
На думку міжнародных прафсаюзаў, перанос спартыўнага мерапрыемства зь Менску «паслужыць магутным сыгналам для беларускіх уладаў, які павінен прымусіць іх палепшыць сытуацыю з правамі чалавека і прафсаюзаў».
Другія Эўрапейскія гульні заплянаваныя на 21–30 чэрвеня.
«Справа РЭП». Што важна ведаць
- Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.
- Прафсаюзных актывістаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.
- У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
- 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».
- Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
- Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».
- З заявамі пра неабходнасьць адмены абвінаваўчага прысуду Фядынічу і Комліку выступаюць беларускія праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі. Так, на думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іхнай мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека.
- З патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам РЭП зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.