Паўгода дамагаліся былыя лідэры прафсаюзу РЭП гэтага судовага працэсу.
«Нам кожны раз знаходзілі нейкія падставы, каб ня ўзяць дакумэнты. І ўсё ж настойлівасьць перамагла», — так пракамэнтаваў Свабодзе былы старшыня РЭП Генадзь Фядыніч разгляд ягонага і былога галоўнага бухгальтара Ігара Комліка пазову аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі да сайту belnovosti.by. Працэс пачынаецца 25 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну сталіцы.
21 траўня 2018 году на сайце belnovosti.by зьявілася публікацыя «Фіктыўны РЭП Фядыніча». У гэтым артыкуле сьцьвярджаецца, што тагачасныя лідэры незалежнага прафсаюзу набывалі кватэры, загарадныя дамы, зямельныя ўчасткі. Фігуравалі сумы 100 тысяч і 42 тысячы эўра.
Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік патрабуюць апублікаваць абвяржэньне інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасьці, і публічна выбачыцца перад імі.
Дырэктар прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Медыя Навіны» Віталь Кісцерны падаў у суд пярэчаньні супраць пазову. Ён адзначае, што інфармацыя аб супрацьпраўнай дзейнасьці Фядыніча і Комліка зьмяшчаецца ў матэрыялах крымінальнай справы. Але прафсаюзныя актывісты, якія азнаёміліся з усімі матэрыяламі той справы, кажуць, што такой інфармацыі там не было.
Фядыніч называе матэрыял з сайту пасквілем. Ён упэўнены, што гэтая дэзынфармацыя, якая зьявілася яшчэ да судовага рашэньня, накіраваная на дыскрэдытацыю яго і Комліка.
«Справа РЭП». Што важна ведаць
- Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.
- Прафсаюзных актывістаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.
- У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
- 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».
- Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
- Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».
- З заявамі пра неабходнасьць адмены абвінаваўчага прысуду Фядынічу і Комліку выступаюць беларускія праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі. Так, на думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іхнай мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека.
- З патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам РЭП зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.