Як на адным баку апынуліся кіраўнік Беларусі і расейскі апазыцыянэр Навальны? Ці ёсьць сувязь паміж сэкс-трэнінгамі Алекса Лэсьлі (Аляксандра Кірылава) і службай пратаколу Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі? Абмяркоўваюць вядучы тэлеканалу «Настоящее время» Цімур Алеўскі, аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Наста Пілюгіна і вядучая Ганна Соўсь.
Прапануем фрагмэнты дыскусіі.
«Насьця Рыбка — гэта беларуская Надзея Саўчанка толькі са знакам якасьці»
Ганна Соўсь: Цімур, па вашых зьвестках, чаму Насьцю Вашукевіч так хутка вызвалілі, не выставіўшы абвінавачваньне? Ці гэтаму паспрыяла выкрыцьцё Навальным датычнасьці Дзерыпаскі да яе арышту? Ці сапраўды паўплывала ўмяшаньне афіцыйнага Менску, і менавіта Лукашэнка і беларускі МЗС вызвалілі Анастасію Вашукевіч?
Цімур Алеўскі: Насьця Рыбка — гэта беларуская Надзея Саўчанка, толькі са знакам якасьці. Надзея Саўчанка ўдзельнічала ў вайне, і з пункту гледжаньня любой краіны, усё роўна так ці інакш трымала ў руках зброю. А Насьця Рыбка проста «поимела» расейскага алігарха, да таго ж сталі вядомыя, як аказалася, мілітарысцкія пляны Расеі па ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары. Чаму б Аляксандру Лукашэнку не дамагацца экстрадыцыі свайго грамадзяніна на сваю тэрыторыю, пры тым, што ён дакладна разумее, што паводле закону, па якому дзейнічала Расея, было ўсё зроблена абсалютна дакладна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасланьне Крамлю: Зь Беларусьсю не атрымаецца, як з РыбкайМне падаецца, што гэта крыху тролінг. Насьця Рыбка абвінавачваецца паводле расейскіх законаў на расейскай тэрыторыі. Усе размовы пра тое, што яна аказалася ў транзытнай зоне, не ўгрунтаваныя. Але калі цяпер абмяркоўваецца будучыня «саюзнай дзяржавы», і ўвогуле незалежнасьць Беларусі ставіцца пад пытаньне, прынамсі Масквой, такое настойлівае патрабаваньне падзяленьня на сваіх ці не сваіх грамадзянаў павінна выдатна працаваць. Найперш на ўнутраным полі Беларусі.
Ганна Соўсь: Вызваляць Надзею Саўчанку прыляцеў на прэзыдэнцкім самалёце асабіста Пятро Парашэнка. Памятаю, як ён выстаўляў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку яе першыя фоткі пасьля вызваленьня...
Цімур Алеўскі: Калі б Лукашэнка так зрабіў, ён бы, па-першае, даказаў, што ён — патрыёт, а па-другое, прывёз бы ў Беларусь наўпрост на самалёце сэкс, «выпусьціў» бы яго ў краіну ў тым выглядзе, у якім гэта асацыюецца з Насьцяй Рыбкай.
«Гэты добры сцэнар для кіно. "Оскар" гарантаваны»
Ганна Соўсь: Пасьля арышту Насьці Вашукевіч у байнэце, у сацыяльных сетках распачалася кампанія ў яе абарону, зьявілася безьліч мэмаў, фатажабаў, зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем, каб афіцыйны Менск заступіўся за беларуску. Наста, наколькі шырокай была гэтая кампанія, якую матывацыю прыводзілі людзі, што вас у ёй найбольш уразіла?
Наста Пілюгіна: Мэмы і твіты цяжка назваць кампаніяй, бо людзі, якія іх посьцілі, не былі арганізаваны ў нейкую суполку. Сапраўды, за вызваленьне Насьці Рыбкі стварыў пэтыцыю блогер Яўген Ліпковіч. За яе падпісалася толькі 288 чалавек на момант запісу перадачы. Былі жарты пра тое, што гэты добры сцэнар для кіно, і Беларусі трэба хутчэй прадаваць правы за мяжу, бо «Оскар» гарантаваны.
У Фэйсбуку абмяркоўвалі, ці варта прызнаваць Вашукевіч і Кірылава палітвязьнямі. Жарты вакол псэўданіму спарадзіла сама Насьця Рыбка. Яна і каманда Алекса Лэсьлі скарысталіся першым і другім рыбкагейтам для росту сваіх сацсетак. Такім чынам яны сталі манэтызаваць свае акаўнты, а ня толькі зарабляць на сэкс-трэнінгах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Валодзя, атпусці дзеўку!». #давайпака пра тое, што ня ўсе рыбкі выконваюць тры жаданьніШто тычыцца вызваленьня Вашукевіч, то, напэўна, самае папулярнае меркаваньне было пра Лукашэнку на хайпе, які хоча скарыстацца папулярнай тэмай для павелічэньня электаральнага рэйтынгу. Варта адзначыць таксама, што ў Беларусі дзяржаўныя выданьні амаль ня згадвалі рыбкагейты. Тая ж БелТА не напісала ні слова, а тэлеканал АНТ асудзіў від дзейнасьці Вашукевіч.
«Хлопцы-алігархі, так "поиметь", як Рыбку, Беларусь у вас не атрымаецца»
Ганна Соўсь: У Расеі жывуць і працуюць сотні тысячаў беларускіх грамадзянаў, пэўная іх колькасьць сядзіць у расейскіх турмах. Чаму ж кіраўнік Беларусі ўступіўся за адну беларуску, пры гэтым беларуску з пэўнай скандальнай рэпутацыяй? Навошта яму спатрэбіўся імідж вызваліцеля Насьці Рыбкі?
Юры Дракахруст: Я згодны зь Цімурам, што гэта чыстая палітыка. І гэта гульня па архітыпах. Вось жанчына, ахвяра. Каго? Алігархаў і іх крамлёўскіх памагатых. На нас нас Расея наяжджае, мы ж ня супраць Расеі, расейцы — браты. А вось гэта — злодзеі, нашы ворагі, гэта яны ўсё нарабілі. А жанчына пацярпела. Так, яна не манашка, мякка кажучы. Лукашэнка, дарэчы, не рызыгрывае сэксуальную тэму. Ён — старамодны чалавек. Усякае бывае, яна не манашка, але яна — ахвяра, І тут такое пасланьне: «Хлопцы-алігархі, так "поиметь", як Рыбку, Беларусь у вас не атрымаецца, таму мы і нават Рыбку будзем абараняць». Вось такое пасланьне, у тым ліку і расейцам. Дзеўка пацярпела ад гэтых бандытаў. А значная частка расейскага насельніцтва можа любіць Пуціна (хаця цяпер і ня надта), а вось што Дзерыпаска зусім ня іх кумір, гэта дакладна. І Лукашэнка вельмі дакладна пусьціў гэтую стрэлку. І глядзіце, расейцам падабаецца, беларусам падабаецца. Каму не падабаецца?
«Алег Віктаравіч, вы ставіцеся да чалавека, да Анастасіі Вашукевіч, як да рэчы, яна да стула. І вось стул вас ударыў»
Цімур Алеўскі: Ёсьць яшчэ адзін аспэкт. У гэтай гісторыі вельмі дзіўна выглядае сам Алег Віктаравіч Дзерыпаска. Хочацца проста да яго зьвярнуцца. Алег Віктаравіч, вы дазваляеце вас фатаграфаваць на яхце з Прыходзькам, калі вы абмяркоўваеце, магчыма, найгалоўнейшую спэцапэрацыю гэтага стагодзьдзя. Па ўсім відавочна, што вы ставіцеся да чалавека, да Анастасіі Вашукевіч, як да рэчы, яна да стала ці як да стула. І вось стул вас ударыў, а ня вы аб стул ударыліся. У вас забалела нага, і вы на стул падалі ў суд. Алег Віктаравіч, ці вы нармальны чалавек увогуле? Ці можна так рабіць. Вы ж мужчына... І ў гэтым сэнсе Аляксандар Лукашэнка абсалютна мае рацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы НавальнагаЮры Дракахруст: У яго ж ёсьць і нейкая служба бясьпекі, якая павінна была проста глядзець, там жа ўсё ж людзі з ФСБ, з КДБ. У мяне такое адчуваньне, што гэта такая расейская шырыня. Яны сядзяць на гэтай яхце, побач нейкія дзеўкі, а мы гаворым пра што хочам, і нам нам пляваць на ўсё. Як у Еўтушэнкі: «Желаю выйти тутова! Рубите дверь по мне».
«Палітычная гісторыя, зьвязаная зь умяшаньнем у тыя самыя амэрыканскія выбары»
Ганна Соўсь: У 2013 годзе ў Менску на загад прэзыдэнта Беларусі арыштавалі гендырэктара «Уралкалия» Ўладзіслава Баўмгертнэра. У беларускай турме ён правёў 2 месяцы. І асабліва ніякай кампаніі па яго вызваленьні ў Расеі не было, прынамсі, публічнай.
Цімур Алеўскі: Што рабіў Баўмгертнэр, як працуе ягоны бізнэс, у чым схема, за якую яго пасадзілі, звычайны чалавек зразумець ня можа. А што рабіла Насьця Рыбка, за што яе пасадзілі, зразумела кожнаму.
Ганна Соўсь: Цяпер у амэрыканскай турме знаходзіцца расейка Марыя Буціна, якая таксама замешаная ў сэксуальна-палітычным скандале, але ўжо іншага кшталту. І расейскія ўлады прыкладаюць пэўныя намаганьні дзеля яе вызваленьня ці абмену...
Цімур Алеўскі: Гэта таксама любы чалавек можа зразумець. Яна была сяброўкай і, можа быць, больш чым сяброўкай былога расейскага сэнатара, а потым намесьніка старшыні расейскага Цэнтрабанку Аляксандра Торшына, якога нядрэнна ведаюць у Расеі. І гэта справа, якую не абмяркоўваюць па тэлебачаньні. Гэта проста канкрэтны, даволі ўплывовы чалавек. Магчыма, ён абмеркаваў гэта з Пуціным адзін раз, бо ня часта можа да яго зайсьці, і цяпер дамагаецца яе вяртаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расіянка Марыя Буціна заключыла з пракуратурай ЗША пагадненьне аб прызнаньні віныІ Буціна ведае крыху больш, чым павінен ведаць чалавек у амэрыканскім судзе. Тут проста палітычная гісторыя, зьвязаная зь умяшаньнем у тыя самыя амэрыканскія выбары. Расея вельмі дзіўным чынам залезла ў гэтыя выбары, так што нават Насьця Рыбка трапіла.
«Дзесьці коўчы могуць перасякацца, сэксолягі маглі дапамагаць дзяўчатам са службы пратаколу разьняволіцца»
Ганна Соўсь: Я бы хацела зьвярнуць увагу на наступную акалічнасьць. Аляксандар Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі часта зьяўляюцца на публіцы ў атачэньні маладых, прыгожых жанчын мадэльнага выгляду. Гэта супрацоўніцы службы пратаколу Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Інфармацыя пра гэтую структуру закрытая. Але некалькі гадоў таму былая супрацоўніца гэтай службы Васіліна Вялічка абвінаваціла Алекса Лесьлі, трэнінгі якога яна наведвала, у сэксуальных дамаганьнях і маральнай траўме. Мы ня можам у гэтых справах апэраваць фактамі, толькі здагадкамі, але магчыма, што заступніцтва кіраўніка Беларусі пэўным чынам зьвязанае і з гэтым? Магчыма, ня толькі Васіліна праходзіла трэнінгі па спакушэньні мужчын у былога віцебляніна Кірылава?
Цімур Алеўскі: Гэта сэкта. Кірылаў — жахлівы чалавек. Ён — проста зло, якое можа ўзьнікнуць на забаронах. Уяўляеце, калі Алекс Лэсьлі (Кірылаў) ведае пра Аляксандра Лукашэнку нешта такое, што, калі ён акажацца ў расейскім судзе, то гэта будзе сапраўды жоўты скандал?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыбкагейт» і прыгажуні ля Лукашэнкі з гледзішча літаратуры і гендэруГанна Соўсь: Дарэчы, у гэтай гісторыі найбольш згадваюць Насьцю Рыбку, а не Аляксандра Кірылава, які маніпуляваў дзеўчынамі, дзякуючы якому яны траплялі на яхты, а пазьней і кнігі пісалі.
Наста Пілюгіна: Так, мы можам толькі здагадвацца. Важна памятаць, што ў Беларусі супраць Кірылава за дамаганьні да Вялічкі была заведзеная крымінальная справа. Я ня ведаю, ці яна яшчэ дзейная. Але пасьля публікацыі расьсьледаваньня Навальнага ў сацсетках жартавалі, што Лукашэнка мае падобных эскортніц, кшталту службы пратаколу. Часам бываюць зьлівы інфармацыі. Напрыклад, нядаўна ўзнагароджаная Лукашэнкам Марыя Васілевіч падчас сваіх кантактаў з Лукашэнкам шмат жартавала ў сваіх сторыз у сетках. Так, сторыз — гэта кантэнт, які зьнікае, але ўсё роўна, там можна было, калі адсочваць, нешта злавіць і запісаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хадзі сюды, дзетка». Як Лукашэнка размаўляе зь «міс Беларусь», якой прапанаваў пакіраваць калгасамТэма службы пратаколу кіраўніка Беларусі ўздымалася адразу пасьля публікацыі расьсьледаваньня Навальнага, у тым ліку, і ў вашай, Ганна, перадачы «Толькі жанчыны». Тады ў сетках жартавалі, што эскорт характэрны ня толькі для расейскіх алігархаў і чыноўнікаў. Трэба разумець, што мадэльны бізнэс на постсавецкай прасторы мае не такую багатую гісторыю, і думаю, што дзесьці коўчы могуць перасякацца, напрыклад, сэксолягі маглі дапамагаць дзяўчатам разьняволіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыгажуні вакол Лукашэнкі. Як рыхтуюць эскорт для ўлады«Навальны з Лукашэнкам аказаліся ў адной лодцы»
Ганна Соўсь: Справа яшчэ ня скончылася, але па папярэдніх выніках, якую славу беларусам прынесла бабруйчанка Анастасія Вашукевіч?
Юры Дракахруст: Як той казаў, любая рэкляма — станоўчая, акрамя нэкралёгу. Нэкралёгу, дзякаваць Богу, няма. Насьця Рыбка выступае ахвярай, але і пераможцай у пэўным сэнсе. Яна не прайграла гэтую гульню. Беларуска, якая не прайграла гульню з такімі моцнымі гульцамі. Таксама цікавы аспэкт, што ў гэтым скандале Навальны з Лукашэнкам аказаліся ў адной лодцы.
Цімур Алеўскі: Бо вораг агульны.
Юры Дракахруст: І вораг агульны, і ход гульні. І той, і той змагаюцца з карупцыянэрамі.
Хто такая Насьця Рыбка і чаму мы пра гэта пішам?
28-гадовая грамадзянка Беларусі Насьця Рыбка (Вашукевіч) стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.
Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.
«У Беларусь я больш ні нагой». 10 фрагмэнтаў з кнігі Насьці Рыбкі
У канцы лютага 2018 году Вашукевіч і яшчэ 7 чалавек затрымалі ў Патаі. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. У студзені 2019-га затрыманым прысудзілі ўмоўны тэрмін і дэпартацыю.
17 студзеня чатырох дэпартаваных затрымалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева. Гэта грамадзяне Беларусі Анастасія Вашукевіч, Андрэй Жэшка, ураджэнец Беларусі Аляксандр Кірылаў (галоўны арганізатар сэкс-трэнінгаў) і грамадзянка Расеі Марыя Жарко. Паводле жонкі Кірылава Крысьціны, затрыманым інкрымінуюць уцягваньне ў заняткі прастытуцыяй (ч. 2 арт. 240 КК РФ).
Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага
22 студзеня Аляксандар Лукашэнка загадаў «тэрмінова заняцца» вызваленьнем Вашукевіч, пасьля яе і Кірылава вызвалілі пад падпіску аб яўцы.