12 кліпаў «нізкага мастацкага ўзроўню». І нават нешта горшае. ВІДЭА 18+

«Нізкі мастацкі ўзровень» кліпу Die Antwoord «Baby's On Fire» падвоены праз устаўку ў цэнтар кадра першага «нізкамастацкага» артыста Ігара Варашкевіча

Як стала вядома 22 студзеня, Менскі гарвыканкам адмовіўся даць гастрольнае пасьведчаньне гомельскаму мэтал-гурту ТТ-34 са спасылкай на пункт Кодэксу «Аб культуры», які дазваляе не даваць права на канцэрт выканаўцам зь «нізкім мастацкім узроўнем».

Асьцярожна! У некаторых кліпах шмат мацюкоў! Сам па сабе мат ня ёсьць прыкметай «нізкага мастацкага ўзроўню», мяркуючы па дазволах выступаў у Менску выканаўцаў кшталту расейскага «Ленинграда».

ТТ-34 многія беларусы могуць памятаць па песьнях «Бум» (дуэтам з рэпэрам Сярогам з саўндтрэку да фільму «Дзённая варта») і «Дом, который построил Джек». А вось «Родину» — пра тое, што «на Сожы стаіць ня Гомель і Беліца, імя яму гэта Садом і Гамора» — маглі і ня чуць, яна выйшла менш за год таму. Калі ўжо чулі, ёсьць яшчэ сьвяжэйшыя «Аэростаты».

Самы вядомы гурт зь «нізкім мастацкім узроўнем» — паўднёваафрыканскія электроншчыкі Die Antwoord. Пасьля забароны іхнага канцэрту ў 2018 годзе ідэолягі не змаглі растлумачыць, як быў вызначаны мастацкі ўзровень зорак, якія зьбіраюць поўныя залі па ўсёй астатняй Эўропе і маюць сотні мільёнаў праглядаў на Youtube.

Падобна, упершыню «нізкі мастацкі ўзровень» у Беларусі вызначылі ў 2007 годзе — за гэта забаранілі прэзэнтацыю альбому «Ўсё жыцьцё — дзіўны сон» гурту «Крама». На адну зь песень «нізкамастацкага» альбому — «Неба» — зьняты і кліп. У той час цэлы шэраг гуртоў аказаўся ў нефармальных «чорных сьпісах»: праз тэлефон і без афіцыйных пастановаў забаранялі N.R.M. і астатнія праекты Лявона Вольскага, Neuro Dubel, «Палац» і іншых, хто падтрымліваў палітычную апазыцыю.

У той жа час «нізкі мастацкі ўзровень» выявілі ў барда Алеся Камоцкага, калі ён хацеў прэзэнтаваць альбом «Дах». На адну песьню адтуль, «Дах», пазьней здымуць мультыплікацыйны кліп. Ды законнасьць тых адмоваў выглядала сумнеўнай — фармулёўку пасьля амаль не ўжывалі. Або канцэртныя пляцоўкі «закрываліся з тэхнічных прычынаў» накшталт «ўцечкі этыленгліколю», або ўлады проста не давалі гастрольнага пасьведчаньня (якое стала абавязковым у 2013 годзе), пакуль у 2016-м не абнавіўся Кодэкс аб культуры.

Ды і з абноўленым Кодэксам засталося шмат музыкаў і арганізатараў канцэртаў, якія не разумелі, як і чаму вызначаецца «нізкі мастацкі ўзровень». Заснавальнік парталу «Тузін гітоў» Сяргей Будкін нават судзіўся праз забарону выступу Алеся Дзянісава з сольным альбомам «Кароткая гісторыя Беларусі» (Дзянісаў таксама вядомы як вакаліст Dzieciuki, раней — гуртоў «Людзі на балоце» і «Кальян»), ды прайграў суд — улады так і не далі тлумачэньняў пра крытэры і склад камісіі цэнзараў. Некаторыя са складу камісіі нават заяўлялі, што былі ня ў курсе забароны.

За апошнія гады «нізкі мастацкі ўзровень» выявілі яшчэ ў шматлікіх выканаўцаў. У колькіх дакладна, невядома. Вядома толькі, што за першыя 5 месяцаў 2018 году ў Менску забаранілі 66 імпрэзаў, а Генпракуратуры гэтага было мала: намякалі, што трэба забараняць больш.

Вось яшчэ 7 прыкладаў афіцыйна вызначанага «нізкага мастацкага ўзроўню». Асьцярожна, у некаторых будуць мацюкі! Але пасьля будзе нават горш.

Апошні ў гэтым сьпісе — кліп адразу двух расейскіх выканаўцаў. Feduk усё ж атрымаў дазвол на другі канцэрт у Менску зь пятай спробы. Ці на пятую спробу ён стаў лепшым артыстам, невядома, але для першага канцэрту, што быў за паўгода да праблемаў з гастрольным пасьведчаньнем, мастацкага ўзроўню было дастаткова. Другі ў кліпе, Элджэй, ня выступіў з нават больш сур’ёзнай прычыны, чым проста «нізкі мастацкі ўзровень».

Калі ўсё сур’ёзна, прыходзіць Генпракуратура

Адносна Элджэя ў 2018 годзе праводзіла праверку Генэральная пракуратура Беларусі. Вынікі праверкі невядомыя. Арганізатары казалі толькі, што былі вымушаныя скасаваць выступ з прычыны «зьмены ўмоваў гастрольнага пасьведчаньня», у ліку якіх падвышэньне ўзроставага абмежаваньня для наведнікаў з 16 да 18 гадоў і «шэраг іншых умоваў». Прэтэнзіі да мастацкага ўзроўню не агучваліся.

За паўгода да таго Генпракуратура папярэдзіла ці ня самага неадназначнага сьпевака Расеі: рэпэра Face.

«У тэкстах песень вялікая колькасьць ненарматыўнай лексыкі, у іх прасочваецца адкрытае грэбаваньне маральнымі і культурнымі каштоўнасьцямі, прынятымі ў сучасным цывілізаваным грамадзтве, прапагандуецца распуста ў сэксуальных стасунках, пагарда да жанчын, інстытуту сям'і, школы, прасочваюцца заклікі да дэманстратыўнага непадпарадкаваньня нормам права, хуліганскім выбрыкам, гвалту, а таксама зьмяшчаецца схаваная прапаганда магчымасьці маладога пакаленьня ўжываць наркатычныя сродкі», — сьцьвярджалася ў папярэджаньні Генпракуратуры.

І гэта сур’ёзна: гэта не які-небудзь Міхалок з праверкай на абразу прэзыдэнта. Сяргея Міхалка правярала толькі менская пракуратура. А Фэйса — Генэральная!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэвалюцыйная эвалюцыя Міхалка: 22 песьні, якія варта пераслухаць

Той ліст наконт Фэйса ня быў простай забаронай, і рэпэр нават пагадзіўся не мацюкацца на менскай сцэне, але канцэрт усё роўна не адбыўся. Клюб, дзе ён плянаваўся, быў «закрыты з тэхнічных прычынаў». Дарэчы, пасьля тых песень, пра якия пісала Генпракуратура, Face запісаў востры сацыяльна-палітычны альбом без абсурдысцкіх мацерных апісаньняў полавых актаў. Мастацкі ўзровень на момант публікацыі не ацэнены беларускімі афіцыйнымі камісіямі.

А польскі Behemoth у 2014 годзе Генпракуратура менавіта забараніла. Без тлумачэньня прычынаў. Патлумачыў тады мітрапаліт Павел: «Нельга дапускаць выступы гуртоў сатанінскага кірунку. Трэба рабіць усё, каб сатанізм не прайшоў».

Пагроза нацыянальнай бясьпецы (ужо мінула)

Самая першая афіцыйна задакумэнтаваная забарона канцэрту ў Беларусі з прычынаў цэнзуры дасталася ў 2014 годзе менскім панкам Amaroka. І там спасылаліся не на «нізкі мастацкі ўзровень», а на нешта страшнейшае: «пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзянаў». У пункце закону, на які спасылаліся менскія ідэолягі, былі і іншыя варыянты, але яны адпадаюць: на «парушэньне аўтарскага права» ніхто ня скардзіўся, а «экстрэмісцкая дзейнасьць» не зафіксаваная — іначай нешта было б у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму яшчэ нельга скакаць? Што такое «экстрэмісцкі матэрыял» у Беларусі — 10 прыкладаў

Паводле неафіцыйнай вэрсіі «Тузіну гітоў», забарона была зьвязаная з выступам гурту на Эўрамайдане ў Кіеве. Ды падобна, пагроза мінула: пасьля гурт яшчэ ня раз выступаў у розных гарадах Беларусі.

Праз тую ж «пагрозу нацыянальнай бясьпецы» выступ забаранялі беларускаму сьпеваку Зьмітру Вайцюшкевічу, які плянаваў канцэрт на вершы расейскага паэта Ўладзіміра Маякоўскага. І, як і ў выпадку Amaroka, пагроза неўзабаве мінула.

P.S.

Лявон Вольскі не прызнаваўся «пагрозай нацыянальнай бясьпецы», пра ацэнкі ягонага мастацкага ўзроўню афіцыйна не паведамлялася. Але безь яго падборка была б няпоўнай: цалкам верагодна, што гэта рэкардсмэн Беларусі па колькасьці забароненых канцэртаў. І сольных, і з гуртамі N.R.M. і «Крамбамбуля», і яшчэ ў БССР з гуртом «Мроя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы IC3PEAK далі ў Менску падпольны канцэрт, нягледзячы на ​​забарону