34% беларусаў лічаць, што лепш за ўсё працаваць на дзяржаўным прадпрыемстве або ў дзяржарганізацыі. Гэта самы папулярны адказ на апытаньне, праведзенае ў сьнежні 2018 году Беларускай аналітычнай майстэрняй прафэсара Андрэя Вардамацкага на запыт «Ежедневника».
На другім месцы адказ «на замежным (заходнім) прадпрыемстве, якое мае тут сваё падразьдзяленьне» (19%), на трэцім — у буйной прыватнай камэрцыйнай арганізацыі (15,9%). На думку 11% апытаных, лепш за ўсё працаваць у невялікай прыватнай камэрцыйнай арганізацыі.
У лік самых непапулярных адказаў увайшлі праца на расейскім прадпрыемстве, якое мае падразьдзяленьне ў Беларусі (6,5%), і на кітайскім прадпрыемстве зь мясцовым прадстаўніцтвам (2,8%).
10% рэспандэнтаў адказалі «ня ведаю», а яшчэ 0,8% адмовіліся ад адказу.
Беларуская аналітычная майстэрня Вардамацкага (Варшава) правяла агульнанацыянальнае рэпрэзэнтатыўнае апытаньне ў сьнежні 2018 году. Выбарка склала 1080 чалавек.
Раманчук: апытаньне паказала, што хочуць людзі пачуць падчас выбараў
Кіраўнік фонду Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук сказаў Свабодзе, што дадзеныя апытаньня павінны ўлічваць кандыдаты ў прэзыдэнты і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў:
«Уявіце такую сытуацыю. Кандыдат гаворыць: я — за прадпрымальніцтва, я — за малы і сярэдні бізнэс. А бальшыня людзей ня хоча працаваць у гэтых структурах. Няма ў іх такога жаданьня. Бо там настолькі пагоршыліся ўмовы, што застаюцца толькі адчайныя аптымісты», — лічыць Раманчук.
Экспэрт дадае, што людзі цяпер згодныя нават на 500–600 рублёў штомесячна, але каб гэтыя грошы былі гарантаваныя дзяржавай.
«Людзей 25 гадоў прывучалі да так званай беларускай сацыяльнай мадэлі. Увесь час казалі, што толькі дзяржава — гэта гарант і адзіная крыніца стабільнасьці. Вось адкуль такая сацыялёгія», — тлумачыць Яраслаў Раманчук.
Аднак, акцэнтуе ўвагу эканаміст, чакаць новых працоўных месцаў на дзяржаўных прадпрыемствах не выпадае. Па розных падліках, залішняя працоўная сіла на іх вагаецца ад 300 тысяч да паўмільёна чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На колькі беларускі рубель дэвальваваўся за год. І што гэта значыць