Лідэрку партыі «Бацькаўшчына» (укр. «Батьківщина») Юлію Цімашэнку падтрымалі аднапартыйцы з усіх рэгіёнаў Украіны.
Партыйны зьезд пазыцыянавалі як Форум яднаньня, працу яго блаславіў духоўны лідар Праваслаўнай царквы Ўкраіны патрыярх Філарэт:
«Украінская дзяржава можа існаваць толькі тады, калі мы аб’яднаныя. У адзінстве — наша сіла».
У выбарчай праграме Юліі Цімашэнкі — судовая і канстытуцыйная рэформы, барацьба з карупцыяй, стварэньне інавацыйнай эканомікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэцяя спроба Юліі ЦімашэнкіЮлія Цімашэнка — фаварытка сёлетняй выбарчай кампаніі. Паводле большасьці сацыялягічных дасьледаваньняў, яна, як і Пятро Парашэнка, а таксама комік Уладзімер Зяленскі маюць вялікія шанцы выйсьці ў другі тур галасаваньня.
Яшчэ не перамогшы на выбарах, лідэрка партыі «Бацькаўшчына» паабяцала сысьці ў адстаўку з пасады прэзыдэнта праз 100 дзён у выпадку, калі ёй ня ўдасца «зламаць сыстэму».
Цімашэнка не баіцца камандаваць войскам
Юлія Цімашэнка ня бачыць супярэчнасьцяў у тым, што на пасадзе прэзыдэнта яна адначасова будзе выконваць функцыі галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі.
«Я магу сказаць, чаго я дакладна ня буду рабіць на гэтай пасадзе — зарабляць на адкатах пры продажы ўкраінскай вайсковай тэхнікі. Я абсалютна дакладна ня буду пастаўляць з прыватных заводаў нядобраякасную і небаяздольную вайсковую тэхніку па цане тэхнікі NATO для нашага войска — гэта недапушчальна.
Я як жанчына дакладна не пастаўлю вайскоўцаў-кантрактнікаў у такія ўмовы, каб яны тысячамі звальняліся з арміі. І дакладна ня буду мець бізнэсу на тэрыторыі краіны-агрэсаркі і ня буду плаціць падаткі ў бюджэт краіны-агрэсаркі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне адзначаюць 100-годзьдзе саборнасьці і вылучаюць кандыдатаў на прэзыдэнтыЛідэрка «Бацькаўшчыны» падкрэсьліла, што мае намер узмацніць дыпляматычныя высілкі для дасягненьня міру ва Ўкраіне і вяртаньня часова акупаваных тэрыторый: «Данбас і Крым — гэта Ўкраіна назаўсёды».
Цімашэнка прапануе новы фармат мірных перамоў «Будапэшт+» з далучэньнем да перамоўнага працэсу краін — падпісантак Будапэшцкага мэмарандуму, а таксама Кітаю і Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне стартавала прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. 6 адметных фактаўПра «руку Масквы»
«Крэмль зацікаўлены ў тым, каб ва Ўкраіне была разруха і хаос, карупцыя і беднасьць. І сёньняшняя ўлада ўсё для гэтага робіць. Таму менавіта яна рука Крамля і слуга Масквы. „Рука Крамля“ — сёньня галоўная спэцтэхналёгія ўлады супраць непакорлівых на гэтых выбарах. Нават дэмакратычныя сілы, якія не з уладай, — „рука Крамля“»,— заявіла Юлія Цімашэнка.
На зьезьдзе прысутнічалі прадстаўнікі беларускай амбасады ў Кіеве.
Паплечнік Цімашэнкі Рыгор Нямыра, які курыруе ў партыі пытаньні міжнароднай супрацы, у інтэрвію Свабодзе заявіў, што Юлія Цімашэнка найбліжэйшым часам абнародуе прынцыпы зьнешняй палітыкі, якую будзе ажыцьцяўляць на пасадзе прэзыдэнта.
«Сёньня патрэбна захоўваць ня толькі тых сяброў, якія ўжо ёсьць, а і далучаць новых і вяртаць старых. Украіне патрэбныя такія суседзі, якія знаходзяцца ў бясьпецы, тады і Ўкраіна будзе ў бясьпецы. Але тое, што нам не патрэбна рабіць — гэта аддаваць на водкуп нашую дыпляматыю на аўтсорсінг іншых краін».