Суд Першамайскага раёну Менску прызнаў 49-гадовага мужчыну зь Берасьцейскай вобласьці вінаватым у асабліва буйным махлярстве, паведаміла Генэральная пракуратура Беларусі.
Паводле сьледчых, мужчына зь верасьня 2016 году па верасень 2018-га ў Менску выдаваў сябе за сьвятара праваслаўнай царквы, выкарыстоўваў царкоўнае адзеньне і начыньне, пад маркай набыцьця сьвечак для правядзеньня малебна, абраду асьвячэньня жытла, ахвяраваньняў і іншага зьбіраў грошы.
Пацярпелымі прызнаныя 14 чалавек, суму шкоды ацанілі ў 48 486 рублёў.
Паводле ч. 4 арт. 209 КК мужчыну пакаралі 7 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны і апратэставаны.
Верагодна, гаворка ідзе пра «айца Аляксандра» — мінулай восеньню берасьцейская міліцыя шукала пацярпелых ад 49-гадовага лжэсьвятара з Баранавіцкага раёну, затрыманага ў Менску. Тады было вядома пра трох ахвяраў і шкоду на 7,5 тысячы даляраў. Паведамлялася, што мужчына ўжо быў раней судзімы за махлярства ў Беларусі і ва Ўкраіне.
Паводле закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях», у Беларусі сьвятаром лічыцца толькі асоба, упаўнаважаная на служэньне рэлігійнай арганізацыяй, якую ў сваю чаргу мае зарэгістраваць дзяржаўны орган у справах рэлігіі.
Тым часам закон «Аб рэкляме» забараняе рэклямаваць паслугі гіпнатызэраў, экстрасэнсаў, варажбітак, сьпірытаў, астролягаў, ведзьмакоў, прадказальнікаў. А «айцец Аляксандар», як паведамлялася, прапаноўваў сярод іншага за грошы «зьняць сурокі» — такога паняцьця і абраду ў хрысьціянстве няма.